Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт, сябра Лукашэнкі, сын рэпрэсаванага. Хто такі Міхаіл Гуцэрыеў, які пагадзіўся пастаўляць нафту ў Беларусь


Міхаіл Гуцэрыеў у атачэньні кіраўніцтва Беларусі. Фота прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі
Міхаіл Гуцэрыеў у атачэньні кіраўніцтва Беларусі. Фота прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі

Бізнэсовец уваходзіць у ТОП-20 расейскіх мільярдэраў. Яго актывы ацэньваюцца ў памеры больш як 6 мільярдаў даляраў.

Увечары 4 студзеня стала вядома пра аднаўленьне паставак нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Пра гэта паведаміла БелТА са спасылкай на намесьніка старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімера Сізова. Помпавыя агрэгаты ўключылі а 17:05, пастаўкі нафты пачаліся на ААТ «Нафтан».
Пастаўляць нафту з Расеі ў Беларусь будуць кампаніі «Русснефть» і «Нефтиса», якія ўваходзяць у групу кампаніяў «Сафмар» Міхаіла Гуцэрыева, піша «Інтэрфакс».

Пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь спыніліся 1 студзеня праз адсутнасьць новых дамоўленасьцяў паміж бакамі. Лукашэнка сазвоньваўся з Пуціным напярэдадні адключэньня паставак двойчы — 30 і 31 сьнежня. Аднак у выніку загадаў падначаленым шукаць новыя крыніцы паставак. Удзень 3 студзеня стала вядома, што на нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах Беларусі застаецца сыравіны прыкладна на 10-14 дзён. Каб пазьбегнуць дэфіцыту паліва на ўнутраным рынку, Беларусь нават спыніла экспарт нафтапрадуктаў за мяжу.

Свабода сабрала некалькі фактаў пра Міхаіла Гуцэрыева, кампаніі якога пачалі пастаўкі такой важнай сыравіны.

Паходзіць з сям’і рэпрэсаваных

Міхаіл Гуцэрыеў нарадзіўся ў 1958 годзе ў Акцюбінску на тэрыторыі сучаснага Казахстана ў сям’і інгушоў, якая была рэпрэсаваная і дэпартаваная савецкімі ўладамі ў Казахстан. Пасьля сьмерці Сталіна сям’я будучага мільярдэра вярнулася на Каўказ, сярэднюю школу Міхаіл Гуцэрыеў скончыў у Грозным. Падчас першай чачэнскай вайны яна была зьнішчаная, у 2005 будынак цалкам аднавілі. Праект фінансаваў Гуцэрыеў.

Сябра саюзу пісьменьнікаў Расеі

Акрамя бізнэсу Гуцэрыеў актыўна займаецца напісаньнем вершаў. Яго зборнікі рэгулярна публікуюцца ў інтэрнэце і літаратурных выданьнях Расеі з 2014 году. Акрамя гэтага, на вершы Гуцэрыева напісана мноства песень, якія выконваюць зоркі расейскай эстрады. Сярод іх Іосіф Кабзон, Лайма Вайкуле, Стас Міхайлаў, Мікалай Баскаў і іншыя.

Уцякаў у Лёндан ад крымінальнага перасьледу

Гэта адбылося ў 2007 годзе. Агулам у сталіцы Вялікабрытаніі Міхаіл Гуцэрыеў пражыў тры гады. У 2010 ён вярнуўся спачатку ў Чачню, а затым і ў Маскву, дзе зноў пачаў кіраваць карпарацыяй «РуссНефть», якую ўзначальваў з 2002 году. Менавіта з яго кіраўніцтвам адной з самых буйных расейскіх дзяржаўных карпарацый зьвязваўся перасьлед.
Інфармацыя пра новыя ператрусы ў офісах кампаній Гуцэрыева зьявіліся ў сьнежні 2019, аднак былі хутка абвергнутыя.

Будуе ў Беларусі прадпрыемства за 2 мільярды даляраў

Акрамя нафты ў сфэру інтарэсаў Міхаіла Гуцэрыева ўваходзяць калійныя ўгнаеньні, ён валодае кампаніяй «Слаўкалій». У 2017 годзе гэтая кампанія пачала будаўніцтва прадпрыемства па здабычы калійных угнаеньняў у Любанскім раёне. Памер інвэстыцый ацэньваюць як 2,1 мільярдаў даляраў. Новае прадпрыемства стане прамым канкурэнтам дзяржаўнаму «Белкалію».
І гэта не адзіны праект Міхаіла Гуцэрыева ў Беларусі. З яго імем зьвязваюць прыняцьце знакамітага Дэкрэта № 8, вынікам якога стала адкрыцьцё ў Беларусі першай у СНД крыптавалютнай біржы. Беларускім партнэрам Гуцэрыева называюць Віктара Пракапеню.

Лецішча пад Менскам, верталёт у чырвона-зялёных колерах

У сакавіку 2019 году ў інтэрнэце зьявіліся фотаздымкі новага верталёта італьянскай вытворчасьці, які быў афарбаваны ў чырвона-зялёныя колеры. На фюзеляжы машыны таксама прысутнічае дзяржаўная беларуская сымболіка. Партал tut. by паведамляў, што верталёт коштам каля 12 мільёнаў даляраў набыла кампанія Міхаіла Гуцэрыева «Слаўкалій». Паводле неафіцыйнай інфармацыі ім можа карыстацца кіраўніцтва Беларусі, аднак пакуль Аляксандра Лукашэнку на борце гэтай машыны не заўважалі.
Вядома таксама, што на вялікім лецішчы пад Менскам, якое належыць Міхаілу Гуцэрыеву, ёсьць верталётная пляцоўка.

У СМІ таксама зьяўлялася інфармацыя пра тое, што Міхаіл Гуцэрыеў дарыў кіраўніцтву Беларусі аўтамабіль «Майбах», аднак афіцыйна гэта не пацьвярджалася. Са слоў мільярдэра вядома толькі, што ён дапамагаў арганізаваць для Лукашэнкі невялікі падарунак — канцэрт на «стары Новы год» з удзелам расейскіх сьпевакоў Рыгора Лепса, Мікалая Баскава і Наташы Каралёвай.

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
  • 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
  • Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год​). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
  • Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
  • Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
  • Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG