Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лукашэнкі зьявіўся бронелімузін «Mercedes-Maybach» за 1,4 млн эўра. На чым ён езьдзіў раней


Mercedes-Maybach Pullman Guard

Карэспандэнт «Камсамольскай праўды» сфатаграфаваў ля менскага стадыёна «Дынама» падчас закрыцьця Эўрапейскіх гульняў новы аўтамабіль пад «прэзыдэнцкім» нумарам 001 BY.

Свабодзе не ўдалося спраўдзіць гэтую інфармацыю ў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Кіраўніцтве справамі прэзыдэнта і прадпрыемстве «Белспэцтранспарт».

У машыне пазналі Mercedes-Maybach Pullman Guard апошняга пакаленьня. Такое аўто браніраванае з усіх бакоў, у тым ліку зьнізу, можа вытрымаць расстрэл ва ўпор са штурмавой вінтоўкі.

Колькі заплацілі за такую машыну, невядома. У базавай камплектацыі бронелімузін каштуе ня менш за 1,4 млн эўра, але з дадатковымі опцыямі цана можа значна расьці.

Некаторыя машыны Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта закупаюцца праз публічныя тэндэры, некаторыя аўто (а нядаўна і верталёт) проста зьяўляюцца без абвяшчэньня крыніцаў паходжаньня.

На чым раней езьдзіў Лукашэнка

Аляксандра Лукашэнку бачылі ў апошнія гады на розных аўтамабілях, у тым ліку на папярэдняй мадэлі Maybach Pullman Guard, якая каштуе ад 690 тысячаў эўра.

Нумар 001 BY насілі Maybach 62 (цана на які пачыналася ад 367 тысячаў эўра), Mercedes Pullman W221 (які таксама каштуе некалькі сотняў тысячаў эўра), Rolls-Royce Phantom Coupe (ад 170 тысячаў эўра), розныя Mersedes S-, V- і GL-клясы, Audi Q7 і Audi A8.

Сам Лукашэнка хваліўся, што разагнаў Tesla Model S да большай хуткасьці, чым тая тэарэтычна можа.

У 2012 годзе Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што на дзень нараджэньня адзін «расейскі чалавек» падараваў яму «Майбах». У 2013 годзе, адказваючы на пытаньне Свабоды падчас прэс-канфэрэнцыі, Лукашэнка заявіў, што «гэта прэзыдэнцкі аўтамабіль, які дзяржаве дастаўся бясплатна».

«Дык яго [Майбах] ужо болей не выпускаюць, — заявіў Лукашэнка. — Яго зьнялі з вытворчасьці. Мне падарылі гэтую машыну на дзень народзінаў. І я аддаў яе дзяржаве. Мне трэба было б купіць аўтамабіль, калі б не было гэтага „Майбаха“. І патраціць грошы. Хочаш ня хочаш, але бюджэт бы траціў. А я яе аддаў у гараж асаблівага прызначэньня, як ён у нас называецца, службе бясьпекі, каб прэзыдэнт перасоўваўся. Заўтра прэзыдэнта Лукашэнку застрэляць, павесяць, здымуць з пасады — вы на ёй будзеце езьдзіць»

Расейскі мільярдэр Міхаіл Гуцэрыеў, якога раней зьвязвалі з гэтым падарункам Лукашэнку, сказаў у інтэрвію, што ніколі Лукашэнку аўтамабіляў не дарыў. Гуцэрыеў сьцьвярджае, што здае верталёт у арэнду кампаніі «Белавія» і іншым ахвочым (і што ён каштаваў 14 млн даляраў).

Стары аўтамабіль з нумарам 001 BY прыпаркаваўся ля кавярні на месцы для інвалідаў, 2016 год
Стары аўтамабіль з нумарам 001 BY прыпаркаваўся ля кавярні на месцы для інвалідаў, 2016 год

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG