Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта купляе «Майбах» за 160 тысяч даляраў


Mercedes-Benz S560 4 MATIC Long («Майбах»)
Mercedes-Benz S560 4 MATIC Long («Майбах»)

Аўтатранспартная дзяржаўная ўстанова «Белтрансспэцаўта», якая ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, абвясьціла тэндэр на набыцьцё транспартных сродкаў.

Сярод іншага прэзыдэнцкая структура папаўняе легкавы і пасажырскі аўтапарк. У заяўцы фігуруюць Mercedes-Benz S560 4 MATIC Long («Майбах»), тры Mercedes-Benz Е400, пазадарожнік Toyota Land Cruiser 200, рэанімабіль і грузапасажырскі аўтамабіль.

З умоўна айчынных машын пазначаны самы дарагі варыянт беларуска-кітайскай «Джылі» — красовэр Geely Atlas. Дылеры выстаўляюць мадэль у прамежку 17–25 тысяч даляраў, залежна ад камплектацыі. Кіраўніцтва спраў гатова нават пераплаціць за тэрміновасьць — да красавіка ў гаражы павінен стаяць экзэмпляр за 55 тысяч рублёў (блізу 28 тысяч даляраў).

За новы пазадарожнік Toyota Land Cruiser 200 зь дзяржаўнага бюджэту гатовыя аддаць амаль 100 тысяч даляраў — 183 тысячы рублёў.

Кошт трох Mercedes-Benz Е400 не павінен выйсьці за 600 тысяч рублёў — іншымі словамі, ня больш як 100 тысяч даляраў за кожны.

«Майбах» «для патрэбаў Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта»

Самы дарагі ў пераліку — элітны Mercedes-Mybach S560 4 MATIC Long («Майбах»). За элітны асобнік дзяржава гатовая заплаціць 150–160 тысяч даляраў.

Грузапасажырскі аўтамабіль, марка якога не ўказаная, таксама ня з танных — 109 тысяч рублёў, ці больш за 50 тысяч даляраў.

За сучасны рэанімабіль Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта не пашкадуе 426 тысяч рублёў, ці больш за 200 тысяч даляраў у эквіваленце.

Па ўказаным для патэнцыйных прадаўцоў тэлефоне Свабодзе сказалі, што пералічаныя аўтамабілі набываюцца «для патрэбаў Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта», але для якіх канкрэтна — паведаміць адмовіліся. Але з улікам пазначаных коштаў вялікая імавернасьць таго, што за руль «Мэрсэдэсаў» шараговыя клеркі ня сядуць.

Разам усе пазыцыі ў тэндэры цягнуць амаль на 1 мільён даляраў.

Ня першы «Майбах» для Лукашэнкі

У 2012 годзе Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што на дзень нараджэньня адзін «расейскі чалавек» падараваў яму «Майбах».

У 2013 годзе, адказваючы на пытаньне Свабоды падчас прэс-канфэрэнцыі, Лукашэнка заявіў, што «гэта прэзыдэнцкі аўтамабіль, які дзяржаве дастаўся бясплатна».

«Дык яго [Майбах] ужо болей не выпускаюць. Яго зьнялі з вытворчасьці. Мне падарылі гэтую машыну на дзень народзінаў. І я аддаў яе дзяржаве. Мне трэба было б купіць аўтамабіль, калі б не было гэтага „Майбаха“. І патраціць грошы. Хочаш ня хочаш, але бюджэт бы траціў. А я яе аддаў у гараж асаблівага прызначэньня, як ён у нас называецца, службе бясьпекі, каб прэзыдэнт перасоўваўся. Заўтра прэзыдэнта Лукашэнку застрэляць, павесяць, здымуць з пасады — вы на ёй будзеце езьдзіць», — заявіў Лукашэнка.

Сёньня расейскі мільярдэр Міхаіл Гуцэрыеў, якога раней зьвязвалі з гэтым падарункам Лукашэнку, сказаў у інтэрвію Tut.by, што ніколі Лукашэнку аўтамабіляў не дарыў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG