Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пітэр Пэн» і «Папялушка» як набор сэксісцкіх стэрэатыпаў. Ці патрэбная цэнзура

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ці трэба карэктаваць зьмест дзіцячых казак альбо адмаўляцца ад твораў, якія замацоўваюць сэксісцкія стэрэатыпы? Казкі якіх народаў ці аўтараў найбольш патрыярхальныя? Ці трэба пераасэнсоўваць спадчыну беларускай дзіцячай літаратуры? Абмяркоўваюць літаратарка, перакладчыца, аўтарка дзіцячых кніжак Вольга Гапеева, перакладчыца і выдавец дзіцячых кніжак па-беларуску Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская і аглядальніца дзіцячай літаратуры Натальля Мядзьведзь.

Сьцісла

  • Мусіш цярпець і ня жаліцца, тады возьмуць у жонкі. Тыповы сюжэт славянскіх і эўрапейскіх казак.
  • Дзіцячая літаратура — адна з найбольш схільных да цэнзуры, бо знаходзіцца на перакрыжаваньні інтарэсаў «вялікіх сіл».
  • Крупская распачала кампанію змаганьня з казкамі, са сьветам фантазій і чарадзеяў, якія не ўпісваліся ў рамкі савецкай ідэалёгіі.
  • Можна прыбраць са школьных бібліятэк Біблію. Чым ня прыклад глыбока патрыярхальнага тэксту.
  • Выйшаў першы пераклад на беларускую «Пітэра Пэна». Гэта энцыкляпэдыя гендэрных стэрэатыпаў. Дык можна ўжо не выдаваць?
  • Дзяўчынка несла віно бабулі, а воўк прапаноўваў ёй распрануцца і легчы зь ім у ложак. Такім раней быў «Чырвоны каптурок».

«Я за Барсэлёну спакойна. Ня думаю, што казкі будуць паліць на вогнішчы»

— Нядаўна ў адной са школаў Барсэлёны правялі рэвізію бібліятэчнай літаратуры для выхаванцаў да шасьці гадоў. Зь бібліятэкі для самых малодшых клясаў прыбралі 200 кніг, якія, на думку ініцыятараў рэвізіі і бацькоў, замацоўваюць сэксісцкія стэрэатыпы. Спэцыяльна створаная камісія прыйшла да высновы, што толькі 10% усіх прагледжаных кніг напісаныя з улікам гендэрных аспэктаў. Зь бібліятэчнай картатэкі вырашылі выключыць такія вядомыя казкі як «Чырвоны каптурок» і «Сьпячая прыгажуня». Гэтая рэвізія была выключна для малых дзетак, бо старэйшыя дзеці, падлеткі могуць самі паспрабаваць крытычна ацаніць сюжэт. Як вы ставіцеся да гэтай ініцыятывы і ці варта паспрабаваць зрабіць гэтак жа ў Беларусі?

Вольга Гапеева
Вольга Гапеева

Вольга Гапеева: Гэта рабілася для дзяцей да шасьці гадоў. Старэйшыя дзеці ў стане самі вырашаць альбо больш сьвядома падыходзіць да выбару літаратуры. У гэтым ёсьць пэўнае зерне рацыянальнасьці. Калі мы хочам дасягнуць нейкага зруху ў разуменьні таго, што гендэрныя ролі мяняюцца, трэба заўсёды пачынаць зь дзяцей. Вялікае пытаньне, якім чынам гэта рабіць. Выхавацелі ў дзіцячых садках самі не заўсёды могуць гэта ведаць, таму гэта можа быць адным з выйсьцяў альбо першым крокам, як з гэтым паспрабаваць працаваць. Я за Барсэлёну чамусьці спакойна. Ня думаю, што гэтыя казкі будуць паліць на вогнішчы. Праблема ў тым, што няма ў дастатковай колькасьці альтэрнатыўных сюжэтаў альбо казак, якія можна прапанаваць дзецям у такім узросьце.

«У школьных навучальных тэкстах поўны росквіт гендэрных стэрэатыпаў і апраўданьня гвалту да дзяцей»

Натальля Мядзьведзь
Натальля Мядзьведзь

Натальля Мядзьведзь: Ініцыятыва выклікае супярэчлівыя пачуцьці. Я разумею, што стаўленьне ў грамадзтве да гендэру перажывае тэктанічны зрух, і трэба вывучаць і ацэньваць, што адбываецца ва ўсіх сфэрах жыцьця, у тым ліку лічыць, колькі герояў і гераінь у дзіцячых кнігах. Абсалютна нармальна і тое, што нейкія кнігі «старэюць», перастаюць быць актуальнымі. Ці нам у Беларусі пра гэта ня ведаць, калі на нашых вачах цэлы пласт сацрэалізму апынуўся раптоўна незапатрабаваным. Але я за эвалюцыю. Адны кнігі сыходзяць — іншыя прыходзяць. Калі ж іх дэманстратыўна адбіраюць, забараняюць, прызнаюць шкоднымі, то гэта ў кожнага адукаванага чалавека выклікае нядобрыя асацыяцыі.

Я б вельмі хацела, каб нехта ў Беларусі правёў падобны аналіз, але ня кнігаў, якія мы бачым у крамах. Хай дарослыя самі вырашаюць чытаць ці не чытаць такое сваім дзецям. Бяда са школьнай праграмай, якая выглядае архаічнай і стэрэатыпізаванай празьмерна. У школьных навучальных тэкстах поўны росквіт і гендэрных стэрэатыпаў, і апраўданьня гвалту да дзяцей. Калі паглядзець на ілюстрацыі, то дзяўчынкі будуць «адпачываць» па гаспадарцы, а хлопчыкі праектаваць і вынаходзіць. І гэта не адзінкавыя прыклады. Хоць калі ў сям’і закладзеныя пэўныя мадэлі паводзінаў, то карцінка ў падручніку іх ня зьменіць. Дзецям варта прапаноўваць казкі, якія ў мастацкім і этычным сэнсах прыемныя бацькам. Дзіцячая літаратура — частка дзяцінства, бацькі маюць поўнае права прыносіць у сьвет сваіх дзяцей блізкія ім культурныя каштоўнасьці, калі гэта не супярэчыць заканадаўству.

«Гэта цэнзура і спроба заціснуць мастацкі твор у рамкі ідэалёгіі»

Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская: Я засмуцілася, калі прачытала пра такую рэвізію кніг у Барсэлёне. Гэта сапраўдная цэнзура і спроба заціснуць літаратурны мастацкі твор у рамкі ідэалёгіі. Мы гаворым пра дзіцячую літаратуру як твор мастацтва. Цэнзура — вельмі небясьпечна! Мы выдатна ведаем, да чаго гэта вядзе ці можа прывесьці. Калі мы возьмем любую кнігу, яна можа ўпісвацца ці ня ўпісвацца ў рамкі той ці іншай ідэалёгіі: дык што, спалім усе «няслушныя» кнігі? Гэта ня выйсьце.

Гэта спроба перанесьці сёньняшні досьвед на тэксты, якія ствараліся ў мінулым. Мы можам вывучаць, аналізаваць, пісаць пра гэта, чытаць ці не чытаць, але толькі не забараняць. Інакш замест таго, каб фіксаваць і апісваць літаратурныя зьявы і ствараць новыя кнігі, можна вельмі лёгка дайсьці да таго, што мы будзем дыктаваць, якімі яны мусяць быць. «Пішыце так!» — найгоршае, што можа здарыцца зь дзіцячай і дарослай літаратурай. Я веру, што любая літаратура ствараецца ў сэрцы і зь вялікай любові, свабодна, а не па загаду. Калі не падабаецца створанае раней, напішыце новае.

У Беларусі ў дзіцячай літаратуры столькі лакунаў, што лепш засяродзіцца на ствараньні новага, чым змаганьні са старым. У нас адсутнічаюць амаль цэлыя пласты тэкстаў па-беларуску для пэўных узростаў (я кажу пра кнігі для зусім маленькіх, кнігі для падлеткаў), адсутнічаюць ці вельмі мала тэкстаў у цэлых літаратурных накірунках і жанрах, такія як коміксы, дэтэктывы, фэнтэзі і гд. Калі зь нечым і трэба змагацца, дык хутчэй з састарэлымі тэкстамі ў школьнай праграме, якія адбіваюць у дзяцей жаданьне ня толькі чытаць, але і вывучаць беларускую мову. Калі ўжо і змагацца, то з аднастайнымі шаблённымі ілюстрацыямі і нуднымі маралізатарскімі тэкстамі.

«У расейскіх і беларускіх народных казках жанчыны — даволі разумныя істоты»

— Ці маглі б вы прывесьці найбольш тыповы казачны сюжэт, які цалкам пабудаваны на гендэрных стэрэатыпах?

Вольга Гапеева: Самым тыповым у казачным сюжэце зьяўляецца тое, што жанчына — ахвяра, яны мусіць цярпець і ня жаліцца. У расейскіх і беларускіх народных казках адна з пазытыўных рысаў, гэта тое, што там жанчыны — даволі разумныя істоты. Пры гэтым і іншыя вобразы жанчын малююцца ў казках — тая ж мачаха, якая заўсёды адмоўная гераіня, злосная тыранка. Большасьць казак скіраваныя на тое, каб выхоўваць у дзяцей пэўныя рысы, пэўнае стаўленьне да нейкіх праблемаў у жыцьці. Калі ты дзяўчынка, ты мусіш цярпець і ня жаліцца, і тады будзеш добрай жонкай, ці прынамсі цябе возьмуць у жонкі, а калі не, то застанесься адна. Гэта тыпова для славянскіх і эўрапейскіх казак.

Наконт цэнзуры. Нібыта да барсэлёнскага досьведу гэтага ніхто не рабіў. Вядомы факт, што той самы «Чырвоны каптурок» — пераробленая казка. У першапачатковым варыянце яна гучала абсалютна інакш. Дзяўчынка несла віно бабулі, а воўк прапаноўваў ёй распрануцца і легчы зь ім у ложак. На працягу стагоддзяў гэта эвалюцыянавала і мянялася. У пэўны час людзі вырашалі, што нельга такое дзецям даваць чытаць. Гэта зьява ня новая. Людзі пераробліваюць казкі, гэта здараецца ня толькі цяпер і тычыцца ня толькі гендэрных установак, але і іншых момантаў, прыемных і не прыемных грамадзтву.

Фрэдэрык Хол, «Папялушка: казка братоў Грым»
Фрэдэрык Хол, «Папялушка: казка братоў Грым»

Натальля Мядзьведзь: Для мяне гэта адназначна «Папялушка». Гэты сюжэт, які прасочваецца ў любым эўрапейскім фальклоры, перайшоў у літаратурную казку, адтуль у масавую літаратуру і далей рэтрансьліруецца ў грамадзкай сьвядомасьці на мове рэклямы і мэдыя. Але, здаецца, і яго час падыходзіць да завяршэньня.

«Чырвоны каптурок»​ як раз разбурае гендэрныя стэрэатыпы, бо там усе станоўчыя актыўныя пэрсанажы — жанчыны»​

Брытанская марка 1994 году па матывах казкі
Брытанская марка 1994 году па матывах казкі

Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская: Архітыпічных сюжэтаў казак ня вельмі шмат, яны паўтараюцца ў розных культурах. Напрыклад, гэта сюжэт, калі прынц выратоўвае прыгожую прынцэсу, а ў яе пасіўная роля — яна сьпіць альбо заварожаная. Ці прынцэсу скраў дракон, прынц яе вызваляе, яны бяруцца шлюбам і жывуць доўга і шчасьліва. Гэта тыповы сюжэт, цалкам пабудаваны на гендэрных стэрэатыпах.

А «Чырвоны каптурок» як раз разбурае гендэрныя стэрэатыпы. Там усе героі жанчыны, усе станоўчыя актыўныя пэрсанажы — жанчыны. І канцоўкі ў казкі былі розныя, і яе ня прынц выратоўвае. Хаця гэта і неадназначна і выклікае шмат дыскусій. Наш погляд і спроба ўбачыць у казках гендарныя стэрэатыпы можа не супадаць з тым, як успрымаліся казкі ў той час, калі яны ствараліся, перапісваліся, 1000, 500, 300 гадоў таму. Зь любым ідэалягічным падыходам можна знайсьці няправільныя творы, а творы мастацтва заўсёды неадназначныя.

«У Японіі былі жанчыны самураі, пра іх таксама казкі пісаліся»

— Тое, што напісаныя стагодзьдзі таму казкі маюць пэўныя стэрэатыпы і гендэрныя ролі, цалкам зразумела, бо пісаліся яны ў патрыярхальным грамадзтве і пераважна мужчынамі, хаця былі і выключэньні. Калі паглядзець на сусьветную казачную спадчыну, то казкі якіх рэгіёнаў, якіх аўтараў найбольш патрыярхальныя, а ў якіх найбольш прысутнічае гендэрная роўнасьць? Чым у гэтым адрозьніваюцца расейскія і нямецкія казкі?

Вольга Гапеева: У цюркскім і расейскім эпасе акрамя казак, дзе ў жанчыны пасіўная роля, ёсьць яшчэ і казкі, дзе ў жанчыны роля паляніцы. Багатырка, напрыклад, Настасься Каралінічна. У такіх казках жанчыны маюць фізычную моц, разам з мужчынамі змагаюцца. Гэта неабходны элемэнт іх наступнага шлюбнага жыцьця, частка рытуалу. Такіх казак ня шмат, і нават калі яны ёсьць, то мы пра іх ня ведаем, бо яны не папулярызаваліся. Паходжаньне такіх гераінь зьвязваюць зь цюркскімі эпасамі, бо там прысутнічаюць такія жанчын. У Японіі былі жанчыны самураі, пра іх таксама тэксты пісаліся. Калі пакапацца ў беларускім фальклёры, то таксама можна знайсьці.

«Ёсьць эталён нямецкіх казак братоў Грым і сотні варыяцый адных і тых жа сюжэтаў у розных апрацоўках расейскіх казак»

Натальля Мядзьведзь: Казкі ўсіх народаў архаічныя, таму што іх задачай было зазямленьне мітычнага асэнсаваньня ўладкаваньня сьвету. Казкі пераносілі мітычную сьвядомасьць у плашчыню сюжэтаў, забавы, прыгожай гісторыі. Яны першапачаткова наогул не дзіцячыя. Нават калі іх літаратурна перапрацоўвалі, то гэта рабілі для адукаваных дарослых. Патрыярхальныя тыя казкі, якія ўзыходзяць да мітаў, якія апісваюць сьветаўладкаваньне патрыярхальнага грамадзтва. Ёсьць сюжэты, узыходзячыя да сьвету матрыярхату. Такіх казак дайшло больш ад народаў паўднёвага паўшарʼя: паўднёва-амэрыканскія, палінэзійскія, аўстралійскія, афрыканскія. Казкі, якія вылучаюцца ў эўрапейскай традыцыі, з улікам таго, што іх фальклярысты «асучасьнівалі», практычна цалкам патрыярхальныя.

Расейскія і нямецкія казкі адрозьніваюцца тым, што іх зьбіралі фальклярысты розных традыцый. Нямецкія казкі яшчэ да братоў Грым пачалі зьбіраць у XVIII стагодзьдзі ў эпоху Асьветы, калі ставілася задача паказаць каштоўнасьць індывідуальнасьці ў процівагу рэлігійнага абязьлічваньня. Расейскія казкі зьбіраліся на стагодзьдзе пазьней, калі ўжо было важна захаваньне сырога фальклёрнага матэрыялу некранутым, а літаратурная адаптацыя ішла паралельным шляхам. Невыпадкова, што на зборніках расейскага фальклёру тэарэтызуюць сурʼёзныя казкаведы. Пазьней за савецкім часам народная казка была захаваная як прыклад народнай творчасьці, важнай для выхаваньня дзяцей рабочых і сялян. І як вынік, у нас ёсьць эталён нямецкіх казак братоў Грым і сотні варыяцый адных і тых жа сюжэтаў у розных літаратурных апрацоўках расейскіх казак.

«Творы Астрыд Ліндгрэн разьбіралі з пункту гледжаньня тагачаснай ідэалёгіі, лічылі іх шкоднымі»

Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская: Казкі маюць яркі нацыянальны характар, бо ў аснове казак заўсёды ляжыць жыцьцёвы ўклад краіны ці цэлага рэгіёну, мясцовыя прыродныя асаблівасьці і спэцыфіка часу. Але самай важнай агульнай асаблівасьцю і патэнцыялам казак я бы назвала мажлівасьць ствараць чароўны фантазійны сьвет і супрацьстаяньне дзьвюх сіл, дабра і зла, і здольнасьць казак верыць у добрае і змагацца са злым. Я б зьвяртала ўвагу на гэтую, а не на гендэрную асаблівасьць. Можам узгадаць цэлую кампанію па змаганьню з казкамі, са сьветам фантазій і чарадзеяў, якую распачала за савецкім часам Крупская. Казкі не ўпісваліся ў рамкі савецкай ідэалёгіі, і гэта мне нешта нагадвае.

Калі я стала цікавіцца дзіцячай літаратурай Швэцыі, было цікава паглядзець на посьпех і адыход казак у гістарычнай пэрспэктыве, у працэсе разьвіцьця дзіцячай літаратуры. Зборнікі казак пачалі зьяўляцца ў Швэцыі ў 19 стагодзьдзі, уваходзілі ў розныя зборнікі для дзіцячага чытаньня. Цікава, як пазьней казкі спалучалі з элемэнтамі рэалізму, і як паступова адбывалася нараджэньне новай літаратурнай традыцыі, пабудаванае цалкам на іншых асновах. Я маю на ўвазе творчасьць Астрыд Ліндгрэн, Тувэ Янсан, Ленарта Хельсінга. Калі б з гэтага ланцужку выкінулі казкі, невядома ці зьявіліся б новыя плыні і накірункі? Хаця творы самой Астрыд Ліндгрэн таксама спрабавалі разабраць з пункту гледжаньня тагачаснай ідэалёгіі, лічылі іх шкоднымі.

«Я ўжо не змагу пісаць казкі пра прынцэс, якія сядзяць і чакаюць выратаваньня»

— А ці трэба пераасэнсоўваць спадчыну беларускай дзіцячай літаратуры? З вашага досьведу, якія казкі больш любяць сучасныя дзеці — казкі пра цяперашняе ці мінулае жыцьцё, ці фантастычныя, пазачасовыя казкі? І адпаведна дзе найменшая рызыка сэксізму?

Вольга Гапеева: Гэта залежыць ад таго, як добра напісаны твор. Дзеці цікавяцца і выдуманым сьветам. Феі — гэта прыгожа і рамантычна. «Гульня тронаў», «Уладар пярсьцёнкаў. І дарослыя любяць чытаць пра сусьветы, якіх, быццам, няма. Справа ня ў жанры ці сюжэце, пішам пра мінулае ці пра сучаснае, галоўнае — як тэкст напісаны і наколькі ён блізкі дзіцяці. Як чалавек, якая перасьледуе свае мэты ў дзіцячай літаратуры, я спрабую ствараць нейкія альтэрнатыўныя вобразы, таму што цудоўна разумею, што я ўжо не змагу пісаць казкі пра прынцэс, якія сядзяць і чакаюць выратаваньня. Гэта не маё, і калі нават я захачу такую казку напісаць, яна будзе выглядаць ненатуральна.

Адпаведна я пішу іншыя сюжэты, дзе гераіні могуць і хочуць быць актыўнымі. Я не кажу, што трэба ці ня трэба вынішчаць кнігі, у якіх паказны нейкі іншы сусьвет, але я за тое, каб была заўсёды альтэрнатыва, каб дзеці і бацькі маглі пачытаць, параўнаць, паразважаць.

«У фантастычнай прозе можна выбудаваць законы сьвету такім чынам, каб падкрэсьліць гендэрную роўнасьць»

Натальля Мядзьведзь: Шчасьце нашых дзяцей у тым, што ў іх ёсьць выбар: чытаць сучасныя або клясычныя кнігі, фантастыку або чароўныя казкі. Што да жанраў, то перавагі мяняюцца ў розных узроставых катэгорыях. Малодшыя дзеці любяць рэалістычную прозу, ім важна бачыць знаёмую рэальнасьць у мастацкім сьвеце. А гадоў зь дзесяці-адзінаццаці прыкметны нахіл у бок фэнтэзі і фантастыкі — да падлеткавага ўзросту гэтыя жанры набіраюць чытацкія сымпатыі. Калі казаць пра стэрэатыпы і клішэ, то яны аднолькава часта сустракаюцца ва ўсіх жанрах, што сумна. У рэалістычнай прозе яны добра бачныя, таму што ўстаўленыя ў тыповыя жыцьцёвыя сытуацыі, таму ў аўтараў і рэдактараў ёсьць шанец ад іх пазбавіцца. У фантастычнай прозе можна выбудаваць законы сьвету такім чынам, каб падкрэсьліць гендэрную роўнасьць, тут у аўтараў зноў ёсьць свабода сыходзіць ад стэрэатыпаў.

У кніжнай краме ў партугальскім Порта па матывах кнігаў пра Гары Потэра.
У кніжнай краме ў партугальскім Порта па матывах кнігаў пра Гары Потэра.

Пераасэнсаваньне спадчыны адбываецца заўсёды і ўсюды. Дзіцячыя тэксты вельмі хутка старэюць, таму што культура дзяцінства за той час, што яна наогул існуе, а гэта ня так ужо і доўга, усяго трэцяе стагодзьдзе, зьведала моцныя зьмяненьні. Дзіцячая літаратура — адна з найбольш схільных да цэнзуры літаратур, таму што знаходзіцца на перакрыжаваньні інтарэсаў «вялікіх сіл»: псыхалёгіі, пэдагогікі, свабоды выбару бацькоў, эканомікі кніжнай індустрыі, узроўню разьвіцьця грамадзтва і дзяржаўнай палітыкі ў дачыненьні да дзяцінства.

«Дзеці ня думаюць у катэгорыях сэксізму»

Надзея Кандрусевіч-Шыдоўская: Дзеці ня думаюць у катэгорыях сэксізму. Дзяцей не прымусіш слухаць ці чытаць тое, што ім не падабаецца. Ім падабаюцца розныя казкі. І трэба, каб дзіцячых кніг было больш і розных. Хочаш казкі пра вікінгаў і піратаў, пра прынцэс, хочаш пра Маму Му і Пэтсана. Мы мусім адсочваць якасьць мастацкіх тэкстаў, якія прапаноўваем дзецям. Пераасэнсоўваць спадчыну трэба, але гэта ня справа дзяцей. Спадчына ўтварае традыцыю. Можна пісаць у рэчышчы традыцыі, мяняць, адмаўляцца, але каб адмаўляцца ад чагосьці, трэба гэтае мець.

«Замест таго, каб забараняць, трэба тлумачыць»

— Што бы вы адказалі крытыкам барсэлёнскай ініцыятывы, паводле якіх цяпер пачнуць адмаўляцца ці карэктаваць усю сусьветную спадчыну.

Вольга Гапеева: Ініцыятары не выключаюць і не забараняюць, яны проста абмяжоўваюць дзяцей пэўнага ўзросту ад пэўных кнігаў. Гэта ня значыць, што праз год-два дзеці ня змогуць гэтыя кнігі пачытаць.

Натальля Мядзьведзь: Сумна, што гэтая навіна прыйшла з Гішпаніі, дзе вельмі мяккае заканадаўства ў дачыненьні да злачынстваў супраць жанчын. Можа быць, актывістам здаецца, што казка «Сьпячая прыгажуня» апраўдвае гвалт над жанчынам, але тут можна зайсьці вельмі далёка, нават да таго, каб прыбраць са школьных бібліятэк Біблію — чым ня прыклад глыбока патрыярхальнага тэксту.

Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская: Гэта небясьпечны сыгнал для мяне, тым больш, калі мы гаворым пра дзіцячую літаратуру. Забарона звычайна не працуе. Замест таго, каб забараняць, трэба тлумачыць.

«Маралізатарства шкоднае, нават калі прапагандуюцца нібыта пазытыўныя каштоўнасьці»

— Цяпер у Беларусі даволі шмат выдаецца перакладной дзіцячай літаратуры. Як бы вы яе ацанілі з пункту гледжаньня гендэрных стэрэатыпаў?

Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская: Я займаюся перакладамі ўжо больш за 10 гадоў і магу параўноўваць. Апошні год я выдаю перакладную дзіцячую літаратуру. Я сьвядома заняла такую вузкую нішу, бо бачу велізарны патэнцыял перакладной літаратуры ў захаваньні і разьвіцьці беларускай мовы і ўласна беларускай дзіцячай літаратуры. На жаль, фінансавыя магчымасьці абмяжоўваюць хуткасьць працы, але ўсё ж пасьпяваюць зьяўляцца кнігі на розныя тэмы, розных жанраў, з рознымі ілюстрацыямі.

Я выдаю тое, што мне падабаецца, тое, што мяне чапляе асабіста. Спрабую прыносіць у беларускі кантэкст кнігі, дзе ёсьць самастойныя крэатыўныя адважныя дзяўчынкі. У кнізе Сары Лундберг «Птушка ўва мне ляціць, куды захоча» гераіня мусіць змагацца з вонкавым сьветам, які супраць яе. Самае галоўнае, што мы можам рабіць, ствараць як мага болей дзіцячых кніг. Сьветапогляд ня мусіць складацца з адной ідэі. І дзецям трэба даваць як мага больш пэрспэктываў, каб яны самі складалі ўяўленьне пра сябе. Маралізатарства шкоднае, нават калі прапагандуюцца нібыта пазытыўныя каштоўнасьці.

«Праскочыць тое, чаго ў нас ніколі не было, і пачаць з гендэрна дакладнай літаратуры?»

Натальля Мядзьведзь: Перакладаюцца кнігі розных літаратурных традыцый. Прорва ляжыць паміж сучаснай скандынаўскай літаратурай і клясычнай эўрапейскай аўтарскай казкай. Выйшаў першы пераклад на беларускую мову Пітэра Пэна — энцыкляпэдыя гендэрных стэрэатыпаў, але ці азначае, што можна яго ўжо і не перакладаць і ня выдаваць? Праскочыць тое, чаго ў нас ніколі не было, і пачаць з гендэрна дакладнай літаратуры? Бяз Бары, бяз Ліндгрэн, бяз Янсан не было б сучаснай сусьветнай дзіцячай літаратуры. Для захаваньня пераемнасьці трэба мець найлепшыя ўзоры сусьветнай дзіцячай літаратуры як кантэкст сваёй нацыянальнай літаратуры.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG