Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 аргумэнтаў за тое, каб выдаваць і чытаць добрыя дзіцячыя кнігі па-беларуску


Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская
Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская

Сёньня Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. Гэты дзень прымеркаваны да даты нараджэньня вялікага дацкага казачніка Ганса Крыстыяна Андэрсэна (нар. 2 красавіка 1805).

Я пакарыстаўся гэтай нагодай, каб запытацца ў Надзеі Кандрусевіч-Шыдлоўскай, перакладчыцы швэдзкай дзіцячай літаратуры і дырэктаркі прыватнага выдавецтва «Коска» ў Менску, чаму варта пісаць, перакладаць і выдаваць добрыя дзіцячыя кнігі па-беларуску.

Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская, якая гэтымі днямі знаходзіцца ў Стакгольме, дзе бярэ ўдзел у імпрэзе пад назвай Дні Беларусі, сказала:

  • «Для мяне вельмі важна, каб штораз больш дзіцячых кніг зьяўлялася менавіта на беларускай мове. Бо калі дзеці перастануць чытаць дзіцячыя кнігі па-беларуску, то потым у нас ня будзе чытачоў і дарослай літаратуры, і таксама ня будзе тых, хто зможа пісаць па-беларуску. Для мяне гэта самая відавочная, самая важная прычына, чаму я выдаю дзіцячыя кнігі па-беларуску».
  • «Дзіцячая кніга — гэта першая сустрэча дзіцяці з тэкстам, а таму гэты тэкст павінен быць як мага больш якасны. Гэта таксама першая сустрэча дзіцяці з мастацтвам, з ілюстрацыяй, і таму важна, каб ілюстрацыі дзіцячых кніг былі якасныя і разнастайныя. Каб дзіця бачыла, што ёсьць ілюстрацыі такія і іншыя, ёсьць стыль такі і іншы, каб у дзіцяці быў выбар».
  • «Таксама мне падаецца вельмі важным, каб у дзіцячых кнігах закранаць розныя важныя тэмы, вакол якіх можна працягваць размову далей, паміж бацькамі і дзецьмі. Напрыклад, размову на некаторыя больш складаныя тэмы, якія мы не закранаем кожны дзень. Дзеці вельмі часта чагосьці баяцца ці хочуць даведацца пра некаторыя рэчы, якія ў нас лічацца табуяванымі — гэта тэмы сьмерці, страхаў ці нейкіх хваробаў».
  • «Дзіцячая кніга — гэта вельмі добрая нагода, каб бацькі маглі пачытаць разам зь дзецьмі. Майму сыну 10 год, але да гэтай пары мы чытаем зь ім кнігі перад сном разам. І я буду чытаць разам зь ім, пакуль ён не папросіць мяне спыніць. Я лічу, што гэта такі цудоўны час, калі бацькі могуць пабыць разам зь дзецьмі».
  • «Дзіцячыя кнігі ўзбагачаюць мову, узбагачаюць наша ўяўленьне, пашыраюць межы нашых ведаў, таксама і пра іншыя культуры. Мне вельмі падабаецца гэты аргумэнт, бо я ж перакладаю кнігі са швэдзкай мовы. То бок дзеці даведваюцца нешта новае пра іншы сьвет».

Цалкам размову з Надзеяй Кандрусевіч-Шыдлоўскай слухайце ў падкасьце «Гутаркі зь Янам», які зьявіцца на сайце Свабоды на гэтым тыдні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG