Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карлсан, гендэр і сьмерць. Швэдзкай дзіцячай літаратуры па-беларуску стане больш


Швэдзкая дзіцячая літаратура — адна з найбагацейшых і найцікавейшых у сьвеце. Цягам году ў Швэцыі выдаецца больш за 2 тысячы кніг для дзяцей. Па-беларуску зь іх выходзілі адзінкі. Дзякуючы выдавецтву «Коска» самыя цікавыя швэдзкія аўтары стануць больш даступнымі для беларусаў.

Надзея Кандрусевіч перакладае дзіцячыя кнігі са швэдзкай ужо 10 гадоў. Дзякуючы ёй па-беларуску загаварылі пэрсанажы сусьветна вядомай сэрыі пра Маму Му. За гэтыя гады Надзея Кандрусевіч пераклала столькі, што выдавецтвы проста не пасьпявалі і ня мелі магчымасьці выдаваць усяго.

Надзея Кандрусевіч
Надзея Кандрусевіч

Некалькі гадоў таму ў яе зьявілася ідэя займацца выдавецкім працэсам самастойна. Самой дамаўляцца са швэдзкімі выдаўцамі, аўтарамі і гуртаваць вакол сябе іншых перакладчыкаў. І ў сакавіку яна абвясьціла пра адкрыцьцё ўласнага выдавецтва.

«Я хачу выдаваць кнігі ў розных жанрах і для розных узростаў. І для самых маленькіх, так званыя кніжкі-кардонкі, якіх у нас практычна няма; і кнігі з малюнкамі для трошкі старэйшых дзяцей, як „Мама Му“; і кнігі, якія складаюцца з частак, для таго ўзросту, калі дзеці ўжо могуць чытаць самастойна. У гэтую катэгорыю ўваходзяць дзіцячыя дэтэктывы, сучасныя захапляльныя гісторыі. І сваё выдавецтва дае мне поўную свабоду ў выбары аўтараў, свабоду ва ўсім», — кажа Надзея Кандрусевіч.

Швэдзкая дзіцячая літаратура захапляе ня толькі простымі і цікавымі гісторыямі, фантастычнымі ілюстрацыямі, якія становяцца першай сустрэчай дзяцей з мастацтвам. Гэта і адважныя тэмы, якія моцна пашыраюць кругагляд, знаёмяць зь іншай культурай, адкрываюць іншае бачаньне сьвету, лічыць перакладчыца.

«Гэта тэмы, якія ў іншых краінах працягваюць лічыць тэмамі-табу ці занадта складанымі і цяжкімі для дзяцей. Напрыклад, тэма сьмерці, розных страхаў (страх цемры, адзіноты, вышыні, глыбіні і г.д.). Гэта тэма сям’і ў розных праявах. Ёсьць кнігі швэдзкіх аўтараў, дзе героем можа быць толькі тата ці толькі мама, то бок адзін з бацькоў. Гэта таксама тэмы асаблівых людзей, гендэрныя пытаньні. У апошні час зьяўляюцца кнігі, якія ўздымаюць праблему гвалту, асабліва гвалту ў дачыненьні да дзяцей», — кажа Надзея Кандрусевіч.

Свабода папрасіла перакладчыцу назваць 5 швэдзкіх аўтараў, творы якіх абавязкова трэба перакласьці на беларускую мову.

Астрыд Ліндгрэн

Астрыд Ліндгрэн
Астрыд Ліндгрэн

​Перакласьці на беларускую трэба ўсе яе кнігі. Дагэтуль у нас выйшлі «Піпі Доўгаяпанчоха», «Малы і Карлсан з даху» і «Ўсе нашы дзеці з Булербю». Яшчэ была кніга «Браты Львінае Сэрца», але пераклад не з арыгіналу. Ліндгрэн вартая цэлай сэрыі. Яна выдавала таксама карцінкі-кніжкі, кароткія апавяданьні, праілюстраваныя цудоўнымі швэдзкімі мастакамі.

Барбру Ліндгрэн

Барбру Ліндгрэн
Барбру Ліндгрэн

​Гэта адзіная швэдзкая пісьменьніца, якая атрымала некалькі гадоў таму прэмію «Alma» — Astrid Lindger Memorial Award. Гэта вельмі прэстыжная ў сьвеце ўзнагарода ў галіне дзіцячай літаратуры, якую параўноўваюць з Нобэлеўскай. Барбро піша і для самых маленькіх, і для трохі старэйшых дзяцей. І прозу, і паэзію. Зь ёй супрацоўнічаюць самыя цікавыя і вядомыя ў сьвеце дзіцячыя ілюстратары.

Ульф Старк

Ульф Старк
Ульф Старк

Ульф Старк пісаў, сярод іншага, пра сьмерць. У 2012 годзе ён прыяжджаў у Менск і прэзэнтаваў па-беларуску кнігу «Дыктатар». Гэта гісторыя пра маленькага хлопчыка, які ўпэўнены, што сьвет круціцца вакол яго. Старк, на вялікі жаль, летась памёр, але тое, што ён напісаў, вельмі цікавае і разнастайнае.

Юя Вісьляндэр

Юя Вісьляндэр
Юя Вісьляндэр

Юя Вісьляндэр, Томас Вісьляндэр і мастак Свэн Нурдквікст - гэта цэлая творчая група, аўтары славутай «Мамы Му». Я іх перакладала апошнія 10 гадоў і хачу завяршыць сэрыю ўжо ў сваім выдавецтве. Засталося яшчэ 4 кнігі пра «Маму Му». Увосень у Швэцыі выходзіць чарговая частка. Юя напісала таксама новую кнігу з трох частак, у якую ўвайшлі дасьціпныя апавяданьні пра дзяўчынку Ёрдзіс.

Гуніла Бэргстрэм

Гуніла Бэргстрэм
Гуніла Бэргстрэм

«​Кнігу пра Біла з Болаю» мы пераклалі разам з Алесяй Башарымавай і Андрэем Хадановічам. Гэта вершаваная кніга пра дзяўчынку з асаблівасьцямі. У Швэцыі Гуніла вядомая сваёй сэрыяй кніг пра Альфонса Обэрха. Яна і сама робіць ілюстрацыі. Дарэчы, Гуніла першай у Швэцыі пачала рабіць каляжы ў дзіцячых кнігах. Гунілу Бэргстрэм увогуле не перакладалі на расейскую мову. Магчыма, таму, што ў гісторыі пра Альфонса няма мамы, а толькі тата. Магчыма, яна занадта сучасная або авангардная. А можа, прычыны і іншыя. Таму мне цікава, як дзеці ў Беларусі зарэагуюць на яе творы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG