Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускім перакладам канкураваць з расейскімі? Тлумачыць заснавальніца дзіцячага выдавецтва


За 9 год Надзея Кандрусевіч выдала каля 20 беларускіх перакладаў швэдзкіх дзіцячых кніг. Каб ня быць абмежаванай плянамі іншых выдавецтваў, сёлета яна заснавала ўласнае — «KOSKA». У пятніцу, 18 траўня, на выставе Швэдзкай дзіцячай акадэміі «Ўра дзіцячай кнізе!» яна прэзэнтуе адразу два новыя пераклады кніг з сэрыі пра Маму Му. Чаму менавіта швэдзкія дзіцячыя кнігі часьцей за ўсё перакладаюцца ў Беларусі і навошта жыхары Расеі замаўляюць беларускамоўныя пераклады — пра гэта Свабодзе распавяла Надзея Кандрусевіч.

Стэфан Эрыксан прапанаваў перакласьці першую кнігу

Неймаверны інтарэс да Швэцыі і швэдзкай культуры ў многіх беларусаў пачаўся са Стэфана Эрыксана — швэдзкага амбасадара ў Беларусі. Пасьля пераводу ў Менск у 2005 годзе ён хутка вывучыў мову і публічна выступаў толькі па-беларуску.

Надзея Кандрусевіч пачала вучыць швэдзкую яшчэ ў «даэрыксанаўскія» часы — гэта была яе трэцяя замежная мова ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце. Ужо тады яна мела перакладчыцкія задумы.

«Гэта было хутчэй дзіцячае ўяўленьне пра пераклады. Мне была цікавая дзіцячая літаратура. Хацелася перакласьці „Карлсана“ і „Піпі доўгуюпанчоху“. Бо Швэцыя — гэта заўжды нешта прыгожае і незвычайнае», — кажа Надзея.

Потым яна трапіла на заняткі па перакладах пры Швэдзкім цэнтры ў Менску, дзе пераклала першы мастацкі твор — урывак са зборніка швэдзкіх пісьменьнікаў і паэтаў.

«Я адчула смак перакладу», — кажа Надзея.

Падумала, што было б клясна некалі перакласьці казкі Нурдквіста. Тады гэта былі толькі мары

​На перакладчыцкіх майстэрнях яна пазнаёмілася са Стэфанам Эрыксанам. Праз два гады ён прапанаваў Надзеі ўзяцца за беларускі пераклад швэдзкай дзіцячай кніжкі «Малы і Мядзьведзік». У выдавецтве «Літаратура і мастацтва» праект курыравала Алена Масла. Да таго часу са швэдзкіх дзіцячых кніг па-беларуску было толькі тры: «Карлсан, які жыве на даху», «Піпі доўгаяпанчоха» і «Ўсе нашы дзеці з Булербю». З расейскай мовы была перакладзеная кніга «Браты Львінае Сэрца».

На прэзэнтацыю Надзеінага перакладу кнігі «Малы і Мядзьведзік» у 2011 годзе ў Беларусь прыехала аўтарка — швэдзкая пісьменьніца Юя Вісландэр.

«Тады я стала сур’ёзна цікавіцца швэдзкай літаратурай, — кажа Надзея. — Уразіў Свэн Нурдквіст і ягоныя казкі пра Пэтсана і Фіндуса. Падумала, што было б клясна некалі яго перакласьці. Тады гэта былі толькі мары».

Беларускія пераклады замаўлялі фанаты «Мамы Му» з Масквы

Ад таго часу ў Надзеі Кандрусевіч штогод выходзілі пераклады спачатку кніг Юі Вісландэр пра Маму Му, а потым і таго самага Свэна Нурдквіста. Надзея ведае таксама ангельскую і італьянскую мовы, але засяродзілася менавіта на перакладах швэдзкіх аўтараў.

«Сёньня швэдзкая дзіцячая літаратура — самая багатая ў сьвеце. Штогод у Швэцыі выходзіць больш за 2,5 тысячы дзіцячых кніг. І гэта без уліку перакладных на швэдзкую мову», — кажа перакладчыца.

Бум дзіцячай літаратуры ў Швэцыі, кажа яна, пачаўся ў сярэдзіне 20 стагодзьдзя. Ён быў зьвязаны з выхадам кніг Астрыд Ліндгрэн. Пісьменьніца перакуліла ўяўленьне грамадзтва пра тое, якой можа быць дзіцячая літаратура.

«У сваіх кнігах яна глядзіць на сьвет вачыма дзіцяці, — кажа Надзея. — Усе пісьменьнікі Швэцыі сталі пісаць у тым жа рэчышчы. І швэдзкая літаратура перакладаецца ня толькі на беларускую мову, але на 30 моваў сьвету».

Большасьць швэдзкіх дзіцячых кніг у беларускіх крамах — гэта пераклады на расейскую мову тых жа Вісландэр і Нурдквіста. Расейскія выдавецтвы выдаюць большыя наклады, а таму іхнія кнігі аказваюцца таньнейшымі за беларускія. Максымальны тыраж беларускіх перакладаў дагэтуль — 2,5 тысячы асобнікаў. У Расеі аналягічныя кнігі выходзяць у 10 тысячах асобнікаў. А таму іхні сабекошт атрымліваецца прынамсі ў два разы меншы.

«Канкурэнцыю мне складаюць ня нашыя выдавецтвы, якія друкуюць дзіцячыя кнігі, а расейскія. У той жа час мы плывем у адным чоўне і выдаём кнігі, якія любім. У мяне добрыя адносіны зь людзьмі, якія працуюць у расейскім выдавецтве Albus Corvus, напрыклад», — кажа Надзея.

Першыя кнігі выдавецтва KOSKA
Першыя кнігі выдавецтва KOSKA

Але ёсьць спосаб, як канкураваць зь імі і зацікавіць чытача беларускімі перакладамі. Трэба проста выдаваць пераклады новых кніг раней за расейцаў. У Беларусі шмат фанатаў Мамы Му, а таксама Пэтсана зь Фіндусам. І яны будуць набываць кнігі незалежна ад мовы. Таму першай кнігай пра Маму Му на беларускай мове была самая сьвежая на той час — «Мама Му чытае».

«Тады яшчэ не было перакладу на расейскую, і беларускую кнігу замаўлялі нават расейскамоўныя фанаты з Масквы», — кажа Надзея.

У Беларусі няма ніводнага незалежнага выдавецтва, якое б выпускала толькі дзіцячыя кнігі па-беларуску

Па словах Надзеі, апошнім часам на беларускую мову якраз са швэдзкай перакладаецца найбольш дзіцячых кніг. А з адкрыцьцём уласнага выдавецтва швэдзкіх кніг па-беларуску будзе выходзіць яшчэ больш. Прынамсі, так спадзяецца Надзея. Тым больш што перакладчыкаў са швэдзкай на беларускую ня так мала.

«Я ўжо складаю асобны сьпіс для іншых перакладчыкаў. У швэдзкай літаратуры проста мора кніг, якія мне было б цікава выдаць па-беларуску. Пачынаючы ад кніг-кардонак для самых маленькіх, канчаючы падлеткавай літаратурай», — кажа Надзея.

У сярэднім ад задумы перакласьці да выхаду павінна праходзіць ня больш за тры месяцы. Раней гэтыя тэрміны зацягваліся. Да таго ж дзіцячыя кнігі ніколі не былі ў прыярытэце ў выдаўцоў.

Складаю асобны сьпіс для іншых перакладчыкаў. У швэдзкай літаратуры мора кніг, якія было б цікава выдаць па-беларуску.

«Няма ў Беларусі ніводнага незалежнага выдавецтва, якое займалася б толькі выпускам дзіцячых кніг па-беларуску. Мне акурат цікава паспрабаваць сябе ў такой вузкай нішы».

Але ці будуць купляць у Беларусі так шмат дзіцячых кніг? Надзея кажа, што ўсясьветна вядомыя кнігі раскупляюць хутка. Некаторыя — за пару месяцаў. Ёсьць некалькі кніг, якіх ужо не знайсьці ў продажы ў ніводнай кнігарні. Таму ёсьць задума перавыдаваць некаторыя бэстсэлеры.

«Але спачатку ўсё ж новыя кнігі буду выдаваць. Калі сапраўды будзе цікавасьць і попыт на ранейшыя пераклады, буду і іх таксама выдаваць», — кажа Надзея.

Дзякуючы перакладным кнігам беларуская дзіцячая літаратура цяпер на ўздыме

Ужо сёньня гатовыя да друку зь дзясятак перакладаў з сэрыі «Мама Му», «Пэтсан і Фіндус» і кнігі Сары Лундбэрг. Першая кніга Лундбэрг «Віта Белая Крэска і Эйвінд» выходзіла ў 2014 годзе. Гэта найбольш сучасная швэдзкая пісьменьніца з тых, каго перакладала Надзея Кандрусевіч. І менавіта гэтая кніга прадавалася горш за ўсе.

«Кнігу неадназначна ўспрынялі. Бацькі казалі, што гэтыя малюнкі — трошкі страшнаватыя. Гэта паказвае, што мы дзесьці не дарасьлі да ўспрыманьня. Але разам з тым вельмі шмат дзяцей і бацькоў, якія чакаюць працягу і пішуць мне».

Пры гэтым Надзея падкрэсьлівае, што ейныя пераклады пакуль закрываюць толькі невялікую нішу ў дзіцячай літаратуры. Дагэтуль вельмі мала кніг для падлеткаў. І для самых малых дзяцей. З кніг-кардонак па-беларуску яна бачыла толькі азбуку і Біблію.

Бракуе кніг на сучаснай мове і на сучасныя тэмы. Падлеткавая літаратура — залатая жыла

«Бракуе кніг на сучаснай мове і на сучасныя тэмы. Мне падаецца, падлеткавая літаратура — залатая жыла. Я з задавальненьнем перакладала б такую літаратуру са швэдзкай».

Надзея дадае, што пераклады моцна абуджаюць цікавасьць чытачоў і да беларускіх аўтараў.

«Беларуская дзіцячая літаратура цяпер на ўздыме. Я думаю, цяперашняя цікавасьць да дзіцячай літаратуры па-беларуску — гэта не ў апошнюю чаргу дзякуючы перакладным кнігам, якія выходзяць па-беларуску», — лічыць Надзея.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG