Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская: «Дзяцей нельга змусіць чытаць тое, што ім не падабаецца»


Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская
Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская

Мне заўсёды імпанавалі і імпануюць суродзічы, якія не даюць сабе ў жыцьці зьніжкі на тое, што яны беларусы, то бок — ня думаюць, што ў іх нешта або не атрымаецца зусім, або атрымаецца ня так, як у іншых. І мне заўсёды цікава з такімі суродзічамі пагутарыць.

Перакладчыца са швэдзкай мовы і выдавец дзіцячых кніжак па-беларуску Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская — несумненна належыць да катэгорыі беларусаў, якія лічаць, што ў іх атрымаецца зусім ня горай, а можа і лепей, чым у іншых.

Наша гутарка са спадарыняй Надзеяй выпала якраз у Дзень дзіцячай кнігі (2 красавіка), калі яна была ў Стакгольме, то бок у сталіцы краіны, якая выдавала і выдае бадай ці не найлепшую дзіцячую літаратуру на сьвеце.

Як звычайна ў падкастах з сэрыі «Гутаркі зь Янам», тэкстам я даю толькі кароценькія фрагмэнты нашай размовы і моцна рэкамэндую паслухаць гутарку цалкам у далучаным аўдыёфайле.

Адкуль зацікаўленьне швэдзкай дзіцячай літаратурай

«Мая гісторыя адносін са швэдзкай дзіцячай літаратурай пачалася яшчэ ў дзяцінстве. У бацькоў была вельмі багатая бібліятэка, і сярод кніг, якія я чытала ў дзяцінстве, былі кнігі Астрыд Ліндгрэн. Я думаю, усё пачалося менавіта з гэтых кніг. (…) Швэдзкую мову я пачала вучыць у Менскім лінгвістычным унівэрсытэце. Я вучыла яе на дадатковых занятках. (…) Маёй асноўнай мовай была ангельская».

Выдавецкая мара

«Выдаць усё сэрыю кнігаў Юі Вісландэр пра «Маму Му і Крумкача. За адзін раз выдаць усе дванаццаць кніг, бо раней гэтыя кнігі выходзілі вельмі хаатычна і ў розныя гады. Цяпер тыя, хто зьбірае ўсю сэрыю, ня маюць магчымасьці набыць, напрыклад, тыя кнігі, якія выходзілі ў 2010-м годзе, 2011-м або 2012-м, бо іх папросту ўжо няма ў продажы».

Колькі каштуюць аўтарскія правы на выданьне Астрыд Ліндгрэн

«Гэта залежыць, вядома ж, ад накладу, якім будуць выходзіць кнігі, ад таго, ці буду я набываць гэтыя правы з ілюстрацыямі ці без… Я думаю, што пачынаючы ад 500 эўраў можна набыць правы на кнігу накладам 1000 асобнікаў без арыгінальных ілюстрацый».

Як пачало дзейнасьць выдавецтва «Коска»

«Першыя кнігі я выдала цалкам за свой кошт і працягваю зьбіраць грошы ад продажу кніг, каб выдаць наступную кнігу. То бок падтрымкі на друк ці на пераклад ніякай у мяне не было. Прамоцыю кніг мы рабілі часта з амбасадай Швэцыі ці з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў».

Рэальны наклад дзіцячай кнігі ў Беларусі

«Сярэдні наклад дзіцячай кнігі, які рэальна прадаць за год, гэта тысяча асобнікаў».

Галоўны аргумэнт, чаму варта выдаваць дзіцячую літаратуру

«Для мяне вельмі важна, каб штораз больш дзіцячых кніг зьяўлялася менавіта на беларускай мове. Бо калі дзеці перастануць чытаць дзіцячыя кнігі па-беларуску, то потым у нас ня будзе чытачоў і дарослай літаратуры, і таксама ня будзе тых, хто зможа пісаць па-беларуску. Для мяне гэта самая відавочная, самая важная прычына, чаму я выдаю дзіцячыя кнігі па-беларуску».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG