Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачка Гапеева: Я не чытаю тое, што мяне злуе ці расчароўвае


Вольга Гапеева

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьніца Вольга Гапеева.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

«The Neurobiology of the Gods: How Brain Physiology Shapes the Recurrent Imagery of Myth and Dreams» («Нэўрабіялёгія багоў. Як псыхалёгія мозгу фармуе паўторныя вобразы мітаў і сноў»), Эрык Д. Гудвін.

«Trauma, Culture, and Metaphor» («Траўма, культура і мэтафара»), Джон Ўілсан і Якаб Лінды.

«Does Ethics Have a Chance in a World of Consumers?» («Ці ёсьць у этыкі шанец у сьвеце спажыўцоў»), Зыгмунт Баўман.

З паэзіі: «The Autobiography of Red», Ann Carson («Аўтарбіяграфія Чырвонага», Эн Карсан); «Selected Poems», Charles Simic («Выбраныя вершы», Чарлз Сіміч).

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

У сакавіку, калі была на выступе ў Будапэшце, у кнігарні прыдбала тры кніжкі: дзьве паэзіі (білінгвальнае выданьне Міклаша Радноці і выбраныя вершы Атылы Ёжэфа) і тую, што мяне асабліва зацікавіла — «The Hidden Life of Trees», Peter Wohlleben («Таямнічае жыцьцё дрэў», Пэтэр Вольлебен). Гэта дасьледаваньне лесу як сацыяльнай структуры, дзе дрэвы гадуюць і падтрымліваюць адно аднаго, камунікуюць паміж сабой і г.д.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Анатацыя і тэма, часам назва ці аўтарка/аўтар. Скажам, мне падабаецца паэзія Эн Карсан, таму я з радасьцю набыла яе іншую кніжку.

І прыйдзе нябесны ягуар

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Тое, што ёсьць пэўныя культуралягічныя ўнівэрсаліі. Неяк не задумвалася пра гэта, бо ўнівэрсаліі былі для мяне хутчэй чымсьці з галіны лінгвістыкі, пэўныя заканамернасьці ці факты, якія тыповыя для ўсіх ці большасьці моў. А тут прачытала, што незалежна ад культуры для ўсіх народаў характэрна, напрыклад, адчуваць зайздрасьць і помсьціць, або мець асобную катэгорыю ў музыцы, разьлічаную на дзяцей і г.д. Яшчэ даведалася, што калі дрэвы аслабленыя, яны могуць губляць свае камунікацыйныя навыкі, гэта робіць іх «маўклівымі», як вынік, яны пачынаюць хварэць і ня могуць сябе абараніць ад зьнешніх небясьпекаў у выглядзе інсэктаў і інш. Таксама дрэвы выкарыстоўваюць пэўны мэханізм для выяўленьня роднаснага пылку і не дазваляюць, каб апыленьне адбылося.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Так каб раман цалкам, то не, але тое-сёе (дагэтуль трапляліся іншыя іхныя творы) з Чэхава, Цьвятаевай, Мачада, Бёля, параўноўвалі са студэнтамі пераклады на ангельскую, нямецкую, турэцкую і гішпанскую.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Мне блізкая паэзія ўжо згаданай Эн Карсан, Могана Рана, Рышарда Крыніцкага, кнігі нон-фікшн Рэбэкі Солніт, Рэнаты Салецл, раней чытала Муракамі, але мне здаецца, ёсьць столькі выдатных людзей, што пішуць сёньня, і зразумела, ведаць іх усіх я не магу, ня кажучы ўжо пра тое, каб прачытаць усё, што ствараецца цяпер.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Нічога не прыгадваецца.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Таксама не.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Пэўна, я не чытаю тое, што мяне злуе ці расчароўвае.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Мастацкая проза даецца мне няпроста. Нядаўна разважала з калегам наконт гэтага, прычым мне і пісаць «клясычную» або «правільную» мастацкую прозу цяжка. У так званай дзіцячай літаратуры гэта неяк функцыянуе для мяне (магу памысьліць гісторыю пра зэдлік і кубак, але пра Марыю і Пятра не магу), мне падаецца, што тады я хлушу, падманваю, апісваючы гэтых людзей, якіх няма.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Калі ёсьць мажлівасьць выбару — папера адназначна. Пэўна з прычыны таго, чым я займаюся, чытаць адну кнігу не выпадае, так што — гэта заўсёды паралельна некалькі. Чытаю ў любы час, калі ён зьяўляецца. У транспарце, у ложку, у фатэлі, на траве, у ваннай (праўда, там ня вельмі зручна).

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Збольшага ведаю. Пару год таму правяла рэвізію, паспрабавала ранжыраваць кніжкі па тыпах ці жанрах: паэзія, гендэрныя дасьледаваньні, філязофія і г.д.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Здаецца, мае знаёмыя мяне добра ведаць, у тым ліку і тое, што я досыць рознабаковая асоба, таму на маіх паліцах можна адшукаць штось і па магіі, і па фізыцы.

«Фэмінізм патрэбны Беларусі»

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Мне ня так часта дораць кніжкі (на жаль), але вось запомніліся дзьве — гэта «Беларускі Трышчан. Факсыміле рукапісу разам зь філялягічным аналізам». І «Философия языка и сэмиотика безумия» Вадзіма Руднева, якая спалучае разгляд літаратуры і мовы.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

З той прычыны, што я мала чытаю менавіта мастацкую прозу, дзе і жывуць тыя самыя героі і гераіні, не магу назваць кагосьці. І дарэчы, гэта пытаньне падаецца мне прозацэнтрычным. Хацелася, каб сярод 21 пытаньня было штось і пра паэзію асобна, напрыклад: які ваш любімы паэтычны вобраз ці верш, ці мэтафара? Забаўна, аднак, як ідэі наконт нерэальных герояў нечым нагадваюць стасункі з уяўнымі сябрамі.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Кніжкі Носава пра Нязнайку, пэўна, тады тоўстыя кніжкі пужалі мяне менш, чым цяпер. Чытала, вядома ж, абавязковую літаратуру (так званыя кніжкі на лета) і ўсё, што знаходзіла ў бабуліным і дзядуліным доме: яны былі настаўнікамі беларускай і расейскай моў і літаратур, а таксама кніжкі на францускай і нямецкай мовах, бо мая цётка, якая жыла на той час з імі, была перакладчыцай з гэтых моў.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Прымус — гэта не пра мяне, тым больш прымушаць чытаць, так можна толькі нашкодзіць. Можна падказаць, параіць. Гэта як і шчасьлівым, разумным ці ветлівым нельга зрабіць іншага. Хоць часам там хочацца, але думаю, гэта таксама пра навучаньне паважаць іншасьць, прымаць тое, што ўсе мы розныя, не пагаджацца, калі на тое ёсьць прычыны ці сілы, але не спрабаваць перарабіць іншага чалавека. Гэта самая дурная справа. Я б параіла прэзыдэнту больш чытаць сучаснай паэзіі і сучасныя дзіцячыя кніжкі.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Гарсія Лорку, Кабаясі Іса і Джудыт Батлер.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Чалавека адказнага/ую да словаў, якая/які ўмее бачыць прыгажосьць і глыбіню ў паэзіі і з пачуцьцём гумару.

Што вы перачытваеце?

Вершы і проста ўрыўкі з пэўных аўтараў — скажам, Робэрта Вальзэра, Дастаеўскага, Набокава, Гарэцкага, Зьмітрака Бядулі.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Пляную прачытаць:

«Women and Creativity: A Psychoanalytic Glimpse Through Art, Literature, and Social Structure» («Жанчыны і крэатыўнасьць. Псыхааналітычны позірк праз мастацтва, літаратуру і сацыяльную структуру») пад рэд. Лаўры Танолі Паскуалі і Фрэнсіс Томсан-Сало. Гэта тэма даўно мяне цікавіць, бо часта даводзіцца чуць пытаньні і разважаньні наконт геніяльнасьці мужчын і пасрэднасьці жанчын у творчасьці.

Мэры Джо Бэнг, «Элегія» (білінгвальны зборнік паэзіі ангельская/нямецкая). Мэры Джо Бэнг сёньня адна са знакавых фігур у паэзіі ЗША, мы пазнаёміліся зь ёй у 2015 годзе на фэстывалі ў Славеніі і тады ейная паэзія мне не далася. Але цяпер трапілася новае нямецкае выданьне і я адчуваю больш водгукаў у сабе таго, што чытаю. Таксама цікава пабачыць, як перастварылі вершы на нямецкую мову перакладчыкі Матыяс Гёрыц і Уда Штэтлінг.

«The Secret Annexe. An Anthology of War Diarists», якую набыла на бэрлінскіх кніжных развалах. У кніжцы па днях прыводзяцца ўрыўкі з лістоў вядомых літаратараў/ак і звычайных людзей падчас войнаў. Напрыклад:

7 чэрвеня 1918 [Англія]
Л. днямі сказалі, што рэйды выконваюцца жанчынамі. Жаночыя целы былі знойдзеныя ў самалётах. Яны меншыя і лягчэйшыя, і таму пад бомбы застаецца больш месца. Магчыма, гэта чульліва, але мне здаецца, што такая думка дадае нейкага асаблівага адценьня жудаснасьці. Вірджынія Вульф.

Літанкета Свабоды: Вольга Гапеева

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG