Ігар Карней, Менск Ад сёмай гадзіны раніцы 1 лютага праграмай “Добрай раніцы, Беларусь” пачалася трансьляцыя спадарожнікавага каналу “Беларусь-ТБ”. Прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі і МЗС, а таксама кіраўніцтва Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі тлумачаць, чым выкліканая неабходнасьць вяшчаньня на замежныя краіны і каго зацікаўленыя асобы бачаць асноўнымі спажыўцамі сваіх праграмаў. Прынамсі, ужо вядома, што перадачы для новага каналу будзе рыхтаваць асобная рэдакцыя, аднак у бальшыні сваёй – гэта дайджэст праграмаў ужо існуючых тэлевізійных каналаў: “Першага нацыянальнага”, ОНТ, каналаў “Лад”, “Сталічнае тэлебачаньне”, а таксама кінастудыі “Беларусьфільм” і “Беларускага відэацэнтру”.