Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі няма ніводнай цыганскай школы ці клясы


Міхал Стэльмак, Менск У Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, пражывае каля 10 тысяч цыганоў. Самі прадстаўнікі гэтай нацыянальнай меншасьці сьцьвярджаюць, што насамрэч іх у 5–6 разоў болей. Як пачуваюцца цыганы ў беларускім грамадзтве? Зь якімі праблемамі сутыкаюцца?

Цыганская дыяспара ў Беларусі мае пяцісотгадовую гісторыю. У старыя часы цыганы былi каняводамі, дрэсiроўшчыкамі зьвяроў, вандроўнымі музыкамі, сьпевакамі, танцорамі, знахарамі, варажбiтамі. З таго часу шмат што зьмянілася. Беларускія цыганы, як і паўсюль у сьвеце, сталі аселымі. Але зьмена ладу жыцьця не прынесла камфортнага самаадчуваньня, лічыць кіраўнік моладзевага цыганскага клюбу “Романіпэ” Мікалай Калінін:

(Калінін: ) “Асноўныя праблемы цыганоў — гэта беспрацоўе, неадукаванасьць і нізкі ўзровень жыцьця. І асноўная чацьвёртая праблема — да гэтых трох праблемаў няма ніякай увагі з боку дзяржавы. Прыкладна ў гэтых чатырох пытаньнях уся сутнасьць цыганскага становішча, якое існуе не адзін год. Неадукаванасьць — гэта адна з прычынаў беспрацоўя. Беспрацоўе — гэта адна з прычынаў таго, што шмат хто з цыганоў займаецца крыміналам”.

У Беларусі ёсьць некалькі месцаў кампактнага пражываньня цыганоў. Сярод іх Ашмяншчына, дзе жыве каля трох соцень цыганоў. Паводле мясцовага райвыканкаму, ашмянскія цыганы атрымліваюць дапамогу ў вырашэньні сваіх праблемаў. Гаворыць кіраўніца ідэалягічнага аддзелу Ашмянскага райвыканкаму Іна Кунцэвіч:

(Кунцэвіч: ) “Іхныя дзеці ходзяць у нашыя ж школы. Мы сочым за тым, каб яны былі ахопленыя навучаньнем. Калі ўзьнікае пытаньне, што дзіця з цыганскай сям’і не наведвае школы, мы выходзім наўпрост на кіраўніка мясцовай грамадзкай цыганскай арганізацыі і просім высьветліць. Ён едзе высьвятляе — і пытаньне здымаецца. Больш хвалюе пытаньне іх працаўладкаваньня, таму што стаўленьне да гэтай катэгорыі насельніцтва ў кіраўнікоў не зусім адэкватнае”.

Але паводле ашмянскіх цыганоў, клопату ўладаў яны не адчуваюць. Працай забясьпечаны ўсяго каля 10% працаздольных грамадзян. Вось што паведаміў пра гэта кіраўнік тутэйшай цыганскай суполкі Артур Ягораў:

(Ягораў: ) “Склалася такая сытуацыя, што калі цыган, то, напэўна, ён абавязкова павінен быць злодзеем. У нас ёсьць такія хлопцы, якія просяцца на працу, я хаджу прасіць у райвыканкам. Але не бяруць на працу. Калі заходзіць цыган, то кажуць, што няма працы. А іншых працаўладкоўваюць. Тут вельмі бедныя цыганы. У адной сям’і дзеці не пайшлі ў школу — не было ў чым ісьці”.

У Беларусі няма ніводнай цыганскай школы ці клясы. Цыганская дыяспара, паводле Мікалая Калініна, спрабавала рэалізаваць такую ініцыятыву, аднак беспасьпяхова:

(Калінін: ) “Накіравалі зварот у Міністэрства адукацыі й да кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта пра тое, каб у Беларусі была першая цыганская школа. На сёньняшні дзень у нас няма ніякага адказу, ні з боку адміністрацыі прэзыдэнта, ні з боку Міністэрства адукацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG