Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы пакутуюць ад залішняй вагі нароўні з эўрапейцамі, але зь іншых прычынаў


Галіна Абакунчык, Менск Падчас адкрыцьця горналыжнага комплексу Сілічы Аляксандр Лукашэнка заклікаў грамадзянаў краіны болей займацца спортам і зьменьшыць свой рацыён харчаваньня да 25, а затым і да 50%. Паводле кіраўніка краіны, гэта ёсьць шляхам да прыгажосьці й здароўя. Пасьля ягонага выказваньня некаторыя дзяржаўныя інфарм-агэнцыі са спасылкай на афіцыйныя крыніцы распаўсюдзілі інфармацыю, што ў Беларусі 8,5 тысячаў чалавек пакутуюць на атлусьценьне, а 53% насельніцтва маюць залішнюю вагу. Ці адпавядаюць рэчаіснасьці гэтыя лічбы і як іх камэнтуюць адмыслоўцы?

Па камэнтар я зьвярнулася ў Цэнтар здароўя Рэспубліканскага цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі. Загадчык аддзелу Васіль Цыганкоў паведаміў, што праблема атлусьценьня для беларусаў характэрная ня больш, чым для эўрапейцаў увогуле. Паводле яго, статыстычныя зьвесткі сьведчаць, што ад лішняй вагі пакутуюць каля 35-40% жыхароў кантынэнту і што гэтая ж лічба ёсьць праўдзівай і для Беларусі. Для часткі эўрапейцаў гэтая праблема ёсьць вынікам захворваньня, але частка набываюць лішнюю вагу ў выніку сапраўды малой актыўнасьці й пераяданьня.

Што да Беларусі, дык тут яшчэ дадаецца й праблема незбалянсаванасьці харчаваньня, адсутнасьці адпачынку, стрэсы й дэпрэсіі. І пра гэта сьведчыць той факт, што Беларусь трымае сумнае першынства ў Эўропе па сьмяротнасьці ад сэрцава-судзінных захворваньняў, якія таксама ёсьць вынікам атлусьценьня.

Ці падтрымліваюць адмыслоўцы такую вэрсію, што атлусьценьне ёсьць хваробаю бедных людзей? На гэткае пытаньне мэдыкі адказваюць, што Амэрыка ёсьць найбагацейшай краінай у сьвеце, але амаль траціна насельніцтва пакутуе ад лішняй вагі. Але яны таксама дадаюць, што вынікам лішняй вагі ў жыхароў разьвітых краінаў ёсьць аўтаматызаванасьць жыцьця. А ў Беларусі людзі тлусьцеюць яшчэ й таму, што мусяць харчавацца таннымі й высокакалярыйнымі прадуктамі. Вось што пра гэта кажа Васіль Цыганкоў:

(Цыганкоў: ) “Садавіна, гародніна, вітаміны – усё гэта не ўжываецца. Аднастайнае і аднабаковае харчаваньне зь вялікай колькасьцю тлушчу й вугляводаў: бульба, сала, хлеб. Увесь час прысьвячаецца працы, харчаваньне на хаду, таму ўсё гэта й прыходзіць да лішняй вагі. Так што гэтая праблема для нас характэрная, а можа нават у большай ступені, чым для іншых краінаў”.

Адмыслоўцы ад палітыкі заяўляюць, гэтае становішча, калі бальшыня грамадзянаў краіны харчуецца таннымі й калярыйнымі прадуктамі з-за дарагавізны больш якасных і карысных, а на здаровы адпачынак (тое ж катаньне на лыжах у Сілічах) бальшыня людзей ня мае часу й грошай – для кіраўніка краіны ня ёсьць сакрэтам. А ягоныя заявы на адкрыцьці горналыжнага курорту ёсьць перадвыбарчай рыторыкай. Гаворыць лідэр Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў:

(Быкаў: ) “Аляксандр Рыгоравіч сам казаў, што спорту ён надае гэтулькі ўвагі, колькі і сваёй асноўнай працы. Але нармалёвы чалавек, які ад кульмана ці ад станка – ён ня мае такой магчымасьці ехаць у тыя ж Сілічы. Ён мусіць зарабляць на сям’ю, працаваць, і кіраўніку краіны пра гэта вядома, бо ён сочыць за ўсім, усіх прызначае. А ягоная ключавая фраза – калі я буду абірацца на наступны тэрмін – вы мяне падтрымайце”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG