Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што беларусы хочуць ведаць пра другую ўсясьветную вайну?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Беларуская “Свабода” рыхтуе цыкль перадачаў да 60-х угодкаў заканчэньня другой усясьветнай вайны. Якія тэмы з гісторыі вайны падаюцца вам недастаткова асветленымі й што б вы хацелі яшчэ даведацца на гэтую тэму? З такімі пытаньнямі наша карэспандэнтка зьвярнулася да жыхароў Магілёва

(Спадарыня: ) “Хацелася б паболей даведацца, чаму дапусьцілі гэтую вайну? Чаму менавіта яна пачалася? Чаму не зрабілі так, каб яе не было?”

(Спадар: ) “Проста трэба згадаць гісторыю і не паўтараць памылак, якія рабілі за часам Савецкага Саюзу”.

(Спадарыня: ) “Мы ўжо ў школе нешта праходзілі, а моладзь вось спытайце”.

(Дзяўчына: ) “Усё цікава, што паказваюць. Літаральна ўсё. Таму няхай паболей распавядаюць, каб не забываліся”.

(Спадар: ) “Прайшла вайна, людзі бралі ўдзел, а мы сёньня на іх забываемся. У нас у народзе цяпер такое стаўленьне да вэтэранаў, што гавораць: калі цяпер яны засталіся жыць, то, значыць, яны не ваявалі, прасядзелі ў тыле ці нешта яшчэ. А па-сапраўднаму, мой бацька ваяваў, і няхай ён два гады прабыў і застаўся жыць, але такое стаўленьне да іх незаслужанае!”

(Спадар: ) “У мяне самога бацька інвалід вайны, і маці таксама ваявала. Вайна гэтая ў мяне ў хаце усё жыцьцё: успаміны — як ваявалі, як Бэрлін бралі, таму новае наўрад ці магу пачуць”.

(Спадар: ) “Для мяне адно незразумелае пытаньне, якое мяне вельмі хвалюе, гэта наш партызнаскі рух. Таму што кнігі, тэлебачаньне, кінастужкі, на якіх нас выхоўвалі, гаварылі, што партызаны — гэта народныя героі, а старыя ў вёсках гавораць іншае, што яны былі нібы разбойнікі, якія рабавалі”.

(Спадар: ) “Вось асабіста мяне перш за ўсё цікавіць праўда пра Хатынь. Хто яе ўсё ж такі спаліў — немцы альбо нашы?”

(Спадарыня: ) “Пытаньняў, канечне, шмат. Гэта жыцьцё. Так глыбока не капаесься і не мяркуеш — чаму ды як? Адваявалі перамогу — гэта самае галоўнае. Галоўнае, што ў нас мір!”

(Спадарыня: ) “Ведаеце, вось у мяне бацька загінуў, і колькі запытаў рабілі, а ніяк ня маем плёну. Так мы і ня ведаем, дзе мой бацька пахаваны. Можа, ён дзе ў лесе валяецца, Бог яго ведае. Вельмі хацелася б пачуць і даведацца. А так ужо прайшоў час, 60 гадоў. Жыцьцё ідзе...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG