Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэдні заробак сярэдняга менчука – больш за 220 даляраў штомесяц


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд незалежнага друку

“Ні памыцца, ні адпачыць” – матэрыял пад такой назвай зьмяшчае “Слонимская газета”. У вёсцы Азарычы на Слонімшчыне цягам трох год не працуе ні лазьня, ні клюб. Першую зачынілі ў зьвязку з быццам бы пераводам на новы від паліва, але ўсё ніяк не перавядуць. Насельнікі вёскі – іх 85 чалавек – стаміліся жыць у такіх умовах, калі памыцца немагчыма. Яны просяць даслаць ім хаця б нейкага дусту. Альбо прапануюць разабраць адну з пабудоваў на дровы, каб было чым лазьню тапіць. Клюб не працуе з 2002 году – яго зачынілі на падставе таго, што будынак нібыта ў аварыйным стане. Жыхары Азярышчаў увесь час прыгадваюць, як кіраўнік краіны абяцае палепшыць умовы жыцьця ў вёсках, але на практыцы ніякага паляпшэньня яны ня бачаць.

“Комсомольская правда в Белоруссии” паспрабавала высьветліць, як павінен выглядаць сярэднестатыстычны мянчук і мянчучка. Так, паводле статыстыкі, сярэдні такі мянчук мае вышэйшую альбо прафэсійна-тэхнічную адукацыю, ён жанаты, яму 40-49 год, працуе будаўніком, прадаўцом, кіроўцам ці настаўнікам. Сярэдні заробак сярэдняга менчука – больш за 220 даляраў штомесяц. Мянчучка часьцей за ўсё замужам, ёй 40-49 год, яна мае вышэйшую ці сярэднюю спэцыяльную адукацыю, працуе настаўніцай, доктаркай, прадавачкай ці будаўніцай. Зарабляе яна столькі ж, колькі й сярэдні мянчук.

“Наша ніва” піша пра помнік Усяславу Чарадзею, мадэль якога зрабіў скульптар Алесь Шатэрнік. Гэта мае быць конны помнік — ушанаваньне мужных дзяржаўцаў, ваяроў. У Беларусі такіх няма: тут дазвалялася мець толькі “помнікі паэтам і бюсты сатрапаў”, – пішуць аўтары выданьня Зьміцер Дзядзенка і Сяргей Харэўскі. Нашыя суседзі маюць свае конныя постаці: у Вільні стаіць помнік Гедыміну, у Кіеве — Багдану Хмяльніцкаму, у Санкт-Пецярбургу — Пятру І. З год таму загаварылі пра конны помнік маршалу Жукаву каля Дому афіцэраў. Але аднымі размовамі ўсё і скончылася. Цяпер у Менску ёсьць конь бязь вершніка: каля Камароўскага рынку на радасьць дзятве стаіць скульптура, зробленая Ўладзімерам Жбанавым.

Таксама “Наша ніва” распавядае пра тры жыцьця Зьмітра Сасноўскага. Музыкант, майстар, калекцыянэр старадаўніх інструмэнтаў, прадусар, рэжысэр, навуковец. Пры гэтым яму ўдаецца захоўваць замкнёны стыль жыцьця. Дзесяць год таму ён працаваў выкладчыкам філязофіі ў Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце, граў на дудзе для свайго кола і меў спадзевы на навуковую кар’еру. Усё зьмяніў рэфэрэндум 1995 году — прыйшлі спартовая злосьць і прага адказу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG