Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бельску-Падляскім прайшла 11-ая беларуская алімпіяда сярод школьнікаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня, як шточацьвер, у Беластоку выходзіць чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”.

У матэрыяле “Карчма і выбары” сталы аўтар “Нівы” Ўладзімер Хільмановіч, сярод іншага, уздымае тэму паўторных парлямэнцкіх выбараў у Горадні, дзе, як вядома, ёсьць адзіная ў Беларусі акруга, у якой не быў абраны дэпутат. Спадар Хільмановіч піша: “І вось зараз узьняўся вэрхал – каму па ёй балятавацца ад апазыцыі. Спрачаюцца, склікаюць рады, зьезды. Ад усяго гэтага адчуваньне нейкай безнадзейнай абсурднасьці. Калі зірнуць вачыма звычайнага разумнага чалавека, дык на выбарах у кішэнны парлямэнт ніводнага кандыдата ад апазыцыі і так не пусьцілі, навошта ізноў лезьці апазыцыі ў гэтай няшчаснай акрузе?”

“У гонар Васіля Быкава” – такі загаловак мае матэрыял Аляксея Мароза пра ХІ выпуск беларускай алімпіяды, што прайшла ў Бельску-Падляскім. Цікавыя тэмы працаў, якія мелі ўдзельнікі алімпіяды: 1. Галоўныя этапы жыцьця і творчасьці Васіля Быкава; 2. Характарыстыка аповесьці Быкава, прысьвечанай ваеннай тэматыцы і 3. Якімі рысамі павінен характарызавацца беларускі пісьменьнік. Старшыня конкурснай камісіі прафэсар Аляксандр Баршчэўскі сказаў “Ніве”, што сёлета падвысіўся ўзровень адказаў вучняў. Увогуле, мэта алімпіяды – папулярызацыя беларускай мовы. Аказалася, што шмат вучняў на Беласточчыне любяць творчасьць Васіля Ўладзіміравіча, хаця не заўсёды лёгка яна даецца.

І на заканчэньне – артыкул “Ёлка па-беларуску”: пра навагоднія вечарыны, арганізаваныя напрыканцы студзеня ў Музэі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы. У іх узялі ўдзел амаль 600 вучняў, прычым усе гульні і конкурсы вяліся па-беларуску.

“Тыя вучні, якія сёлета не прыйшлі на ёлку, зайздросьцяць сваім сябрам, што вучацца па-беларуску. Напэўна ў наступным годзе будзе больш ахвотных вывучыць родную мову, і тады яны таксама будуць мець магчымасьць прыйсьці ў наш музэй на ёлку”, сказала “Ніве” галоўная арганізатарка мерапрыемства Натальля Герасімюк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG