Ігар Карней, Менск Інтэрвію, якое тыдзень таму даў Аляксандар Лукашэнка рэдактару эмігранцкай газэты “Русская Америка” Аркадзю Мару, выклікала скандал. Незалежныя беларускія мэдыі сьцьвярджаюць, што дзіцячы пісьменьнік з Ташкенту, які эміграваў у ЗША, ня мае ніякага дачыненьня да амэрыканскай прэсы і прыводзяць словы выдаўцоў “Русской Америки” з Аклахомы, якія кажуць, што нікога ў Менск не камандзіравалі й іншай газэты з такой назвай ня ведаюць. Афіцыйныя СМІ працягваюць называць Мара рэдактарам “уплывовага выданьня” і ў пацьверджаньне даюць слова беларускім чыноўнікам, якія нібыта “шмат гадоў” супрацоўнічаюць з “Русской Америкой”. Якое выданьне насамрэч прадстаўляў у Беларусі Аркадзь Мар?