ЗША заклікалі прыцягнуць да адказнасьці ўсіх датычных да прымусовай пасадкі Ryanair у Менску
Пасьля пасадкі рэйсу 4978 Ryanair у Менску, 23 траўня 2021
ЗША лічаць, што беларускія ўлады «паставілі ў небясьпеку пасажыраў і экіпаж, парушылі міжнародныя авіяцыйныя нормы і разбурылі даверлівыя адносіны паміж авіядыспэтчарамі і пілётамі ў рэгіёне».
Пра гэта заявіў прадстаўнік Злучаных Штатаў пры Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO) Чэсьлі Саленбэргер.
У заяве ён адзначае, што ЗША вітаюць рашэньне Рады ІCАО аб інцыдэнце з вымушанай пасадкай самалёту Ryanair у Менску, і гэта «важны першы крок» да абароны міжнароднай цывільнай авіяцыі і «прыцягненьня да адказнасьці тых, хто робіць учынкі, якія падрываюць давер паміж пілётамі і авіядыспэтчарамі».
Саленбэргер лічыць, што «шматлікія прабелы і неадпаведнасьці» ў беларускай вэрсіі падзей, сыстэматызаваныя ІCАО, «не пакідаюць сумневаў у тым, што беларускія афіцыйныя асобы сфабрыкавалі лжывую пагрозу закладкі бомбы», каб прымусіць пілётаў рэйсу 4978 Ryanair прызямліцца ў Менску з мэтай затрыманьня Рамана Пратасевіча і ягонай сяброўкі Соф’і Сапегі.
«Як пілёта зь вялікім стажам і спэцыяліста ў авіяцыйнай бясьпецы мяне асабліва турбуюць прыкметы таго, што беларускія афіцыйныя асобы актыўна ўводзілі ў зман экіпаж рэйсу 4978 Ryanair і наўмысна давалі няпоўную інфармацыю аб меркаванай пагрозе. Акрамя таго, ня выканаўшы просьбу лётнага экіпажа зьвязацца з апэратыўным цэнтрам Ryanair, беларускія афіцыйныя асобы пазбавілі экіпаж каштоўнага рэсурсу для ацэнкі дакладнасьці і тэрміновасьці меркаванай пагрозы», — падкрэсьлівае Саленбэргер.
Паводле яго, маніпуляцыі, «хітрыкі і адкрытая хлусьня беларускіх афіцыйных асобаў» вымусілі экіпаж пасадзіць самалёт у Менску, і гэтым беларускія ўлады «паставілі ў небясьпеку пасажыраў і экіпаж, парушылі міжнародныя авіяцыйныя нормы і разбурылі даверлівыя адносіны паміж авіядыспэтчарамі і пілётамі ў гэтым рэгіёне».
«Мы павінны працягваць прыцягваць да адказнасьці тых, хто падрывае бясьпеку авіяцыі. На карту пастаўлена ня што іншае, як бясьпека і абароненасьць усіх, хто падарожнічае па паветры», — гаворыць Саленбэргер пра наступныя крокі пасьля канчатковай справаздачы ІCАО.
20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ,што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.