На першым пасяджэньні сваёй 225-й сэсіі дзяржавы – сябры Рады ICAO разгледзелі справаздачу Сакратарыяту арганізацыі аб расьсьледаваньні фактаў падзей, зьвязаных зь перанакіраваньнем рэйсу Ryanair FR4978 23 траўня 2021 году.
У дыскусіях, якія адбыліся ў канадзкім Манрэалі, таксама ўдзельнічалі афіцыйныя прадстаўнікі дзяржаў, якія не ўваходзяць у Раду, але маюць асаблівую зацікаўленасьць у працэсе, а менавіта Беларусь, Літва, Польшча і Ірляндыя.
Пунктам збліжэньня ў дыскусіях дзяржаў стала ўдзячнасьць Рады за расьсьледаваньне групе па высьвятленьні фактаў ICAO. Удзельнікі ацанілі вычарпальны аналіз і высокую якасьць справаздачы, якую яна падрыхтавала.
Разам з тым Рада выказала занепакоенасьць прабеламі ў інфармацыі, якую перадала Беларусь, зафіксаваныя неадпаведнасьці, якія зьмяшчаюцца ў доказах, даступных на момант расьсьледаваньня ў дачыненьні важных аспэктаў фактычнай рэканструкцыі падзей. Рада падкрэсьліла, што пагроза выбуху FR4978 была «наўмысна лжывай і паставіла пад пагрозу бясьпеку самалёта ў палёце».
Далей Рада ICAO нагадала, што распаўсюд ілжывай інфармацыі, якая ставіць пад пагрозу бясьпеку паветранага судна, зьяўляецца правапарушэньнем у адпаведнасьці з Манрэальскай канвэнцыяй, і таму рашуча асудзіла такую практыку. Пасьля атрыманьня новай інфармацыі, якая тычыцца падзей з FR4978, Рада папрасіла сьледчую групу ICAO працягнуць працу з мэтай высьвятленьня адсутных пакуль фактаў, у тым ліку ў сувязі з адпаведнымі бягучымі крымінальнымі і іншымі расьсьледаваньнямі, і паведаміць любыя далейшыя высновы.
На пасяджэньні заклікалі ўсе дзяржавы-сябры і іншыя зацікаўленыя бакі працягваць супрацоўніцтва з расьсьледаваньнем ICAO, прэзыдэнт Рады затым накіруе канчатковую справаздачу Генэральнаму сакратару Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Калі Рада ICAO дасягне кансэнсусу, матэрыялы могуць перадаць у Раду Бясьпекі ААН.
Дарадца беларускага апазыцыйнага палітыка Сьвятланы Ціханоўскай у міжнароднай палітыцы Франак Вячорка пракамэнтаваў пасяджэньне ў Манрэалі.
Вячорка выказаў меркаваньне, якія прагалы ў гісторыі яшчэ хочуць зьліквідаваць з дапамогай далейшага расьсьледаваньня.
«Гаворка, як я разумею, пра паказаньні дыспэтчара Галегава, а таксама доказы датычнасьці канкрэтных асобаў да рашэньня пасадзіць самалёт. Напярэдадні ад імя беларусаў Сьвятлана Ціханоўская накіравала свой ліст прэзыдэнту і сябрам Рады ICAO, які быў таксама ўзяты да ведама і распаўсюджаны сярод удзельнікаў. Важным быў ліст і гендырэктара Ryanair, у якім ён назваў захоп самалёта актам авіяпірацтва», — сказаў Вячорка.