Палітвязень Пратасевіч зьявіўся на брыфінгу МЗС. Чаму Свабода не цытуе ягоныя словы

Раман Пратасевіч на брыфінгу МЗС аб пасадцы самалёта Ryanair. Менск, 14 чэрвеня.

Свабода кіруецца правілам не цытаваць выказваньні, невядома якім спосабам атрыманыя ад чалавека, які знаходзіцца ў зьняволеньні.

Міністэрства замежных спраў Беларусі праводзіць у Нацыянальным прэс-цэнтры брыфінг для прадстаўнікоў СМІ, а таксама акрэдытаваных у Беларусі замежных амбасадаў і міжнародных арганізацый.

Акрамя супрацоўнікаў МЗС, былі запрошаныя кіраўнікі Дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, Сьледчага камітэту, Міністэрства абароны, Дзяржаўнага памежнага камітэту, упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў пры Савеце міністраў ды іншыя чыноўнікі.

Сярод удзельнікаў брыфінгу ў апошнюю хвіліну зьявіўся палітвязень Раман Пратасевіч. Свабода не цытуе заяваў Рамана Пратасевіча на брыфінгу, бо ён зьняволены.

Раман Пратасевіч і Дзьмітры Гара.

Прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз панаракаў, што шэраг рашэньняў з боку заходніх партнэраў базуецца на неправеранай і хлусьлівай інфармацыі, таму насьпеў час расказаць усю праўду.

У 15.40 некаторыя дыпляматы і іншыя замежныя госьці пачалі пакідаць залю, агулам сышло каля паловы замежных гасьцей.

«Мы толькі што выйшлі. Ня ўдзельнічаем у гэтым, калі ён (Раман Пратасевіч. — РС) відавочна пад прымусам», — напісаў ў Твітэры карэспандэнт ВВС Джона Фішэр. У камэнтарах пад твітам іншай карэпандэнкі ВВС, Сары Рэйнсфард, удзельнікі выказваюць здагадкі наконт Рамана Пратасевіча: «Яны прымусяць яго сказаць, што ён утрымліваецца па ўласным жаданьні і вінаваты ў злачынствах супраць дзяржавы», — на што Сара рэагуе: «Так, яны могуць».

Дыпляматы і журналісты пакідаюць прэсавую канфэрэнцыю з удзелам Рамана Пратасевіча

Што сказаў прадстаўнік Мінтрансу

Дырэктар дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту Арцём Сікорскі запэўніў, што беларускі бок ад першага дня быў адкрыты да перамоваў адносна інцыдэнту з пасадкай самалёта Ryanair, аднак Эўропа «скацілася ў беззаконьне», праігнараваўшы голас Менску.

Ён сказаў, што Эўразьвяз і Ўкраіна нібыта паводле дыскрымінацыйнага прынцыпу ўвялі абмежаваньні на выкарыстаньне замежных лётнішчаў, і запэўніў, што ніякага прымусу да пасадкі самалёта не было. Пасьля гэтага быў уключаны запіс перамоваў дыспэтчараў у Менску і Вільні. З гутаркі вынікае, што ў Літве нібыта не знайшлі спосабу прыняць самалёт з «бомбай», у выніку чаго пілёты вырашылі прызямляцца ў Менску.

Перамовы і маршрут самалёта Ryanair Атэны — Вільня 23 траўня 2021 году

Што сказаў прадстаўнік Мінабароны

У сваю чаргу, прадстаўнік Міністэрства абароны Ігар Голуб аспрэчыў факт «паветранага тэрарызму», бо «перахопу» судна зьнішчальнікам Міг-29, які ўзьняўся з аэрадрому ў Баранавічах, нібыта не было. Па яго словах, гаворка выключна пра суправаджэньне, а ня спробу паўплываць на курс «Боінгу». Ён пацьвердзіў, што недалёка знаходзіўся вайсковы верталёт, які займаўся аховай дзяржаўнай мяжы. Але той ніякім чынам паўплываць на сытуацыю ня мог з прычыны розных вышыняў і хуткасьцяў.

Ён сказаў, што мае да камандзіра пасажырскага лайнэра шэраг пытаньняў, якія ня можа задаць наўпрост. Чаму самалёт не пачаў зьніжацца, калі зьбіраўся загадзя зьніжацца? Нарэшце, чаму за 2 хвіліны да перасячэньня мяжы зь Літвой прыняў рашэньне на разварот і пасадку ў аэрапорце «Менск», хоць, паводле ягоных словаў, гэта быў не загад, а толькі рэкамэндацыя менскага дыспэтчара?

Прэс-канфэрэнцыя з удзелам Рамана Пратасевіча аб пасадцы самалёта Ryanair.

Што сказаў прадстаўнік СК

Старшыня Сьледчага камітэту Дзьмітры Гара паведаміў, што паводле факту пасадкі самалёта заведзеная крымінальная справа, але паскардзіўся, што Швайцарыя ігнаруе запыты наконт дапамогі — нібыта менавіта з тамтэйшага сэрвэру адпраўлена ілжывая пагроза пра бомбу на борце.

Пакуль што ніякіх істотных зрухаў у сьледзтве няма. Ці былі гэта «салдаты ХАМАС», як сьцьвярджалася раней, кіраўнік ведамства не ўдакладніў.

Як удакладніў Дзьмітры Гара, Раман Пратасевіч абвінавачваецца па трох артыкулах КК: арт. 342 (удзел у масавых беспарадках), арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), арт. 130 (распальваньне варажнечы).

Іншая затрыманая на борце Ryanair Соф’я Сапега затрыманая праз падазрэньне ў злачынстве паводле арт. 342 КК (удзел у масавых беспарадках) і ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варажнечы).

Паводле сьледзтва, яна зьяўляецца адміністратарам розных тэлеграм-каналаў, перадусім «Чорная кніга Беларусі», дзе публікаваліся дадзеныя дзяржаўных службоўцаў. Яшчэ паводле аднаго артыкулу – арганізацыя групавых дзеяньняў, якія граба парушаюць грамадзкі парадак, яна падазраваная.

Раман Пратасевіч на брыфінгу МЗС аб пасадцы самалёта Ryanair (ахова зьлева).

СК выклаў сваю вэрсію, як вывозілі зь Беларусі польскіх актывістак

Таксама Дзьмітры Гара расказаў пра польскіх актывістак, вывезеных у Польшчу. Па яго словах, у адносінах да трох чалавек скасаваная мера стрыманьня, і ім дазволілі пакінуць тэрыторыю краіны пасьля кансультацый з прадстаўнікамі МЗС Польшчы. І хоць, паводле словаў чыноўніка, усё павінна было адбывацца без інфармацыйнага розгаласу, Варшава ўсё «перакруціла на сваю карысьць». Былі паказаныя відэакадры, зьнятыя схаванай камэрай — размова прадстаўніка кансуляту з затрыманымі жанчынамі.

Дзьмітры Гара заявіў, што нібыта за жанчын заступіўся экс-прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Жанчыны застаюцца абвінавачанымі ў крымінальнай справе, якая пры пэўным раскладзе мае судовы працяг, сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Макей назваў Літву краінай-«пігмэем» і абвінаваціў заходніх палітыкаў у «заахвочаньні галаварэзаў»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзяржаўны тэлеканал паказаў «інтэрвію» вязьня СІЗА КДБ Рамана Пратасевіча

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На Соф’ю Сапегу завялі новую справу, ёй пагражае да 15 гадоў турмы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз забараніў палёты беларускіх авіякампаній у паветранай прасторы ЭЗ

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Прызнаньне пад руляй аўтамата». Бацька Рамана Пратасевіча і Франак Вячорка пра «інтэрвію» Рамана Пратасевіча