Колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень пасьля захопу Рамана Пратасевіча ўпала на 80,5%

Нацыянальны аэрапорт «Менск»

Замест 21 краіны дзяржаўная авіякампанія цяпер лятае толькі ў 9.

Дзяржаўная авіякампанія «Белавія», вымушаная закрыць рэйсы ў шэрагу эўрапейскіх кірункаў, разьлічвае ў першую чаргу на свае сілы пры выхадзе з цяперашняй сытуацыі, паведаміў «Ведомостям» прадстаўнік авіяперавозчыка.

«„Белавія“ — адкрытае акцыянэрнае таварыства, таму разьлічвае ў першую чаргу на свае сілы», — адказалі ў кампаніі на пытаньне аб плянах зьвярнуцца да ўраду Беларусі па фінансавую падтрымку.

У авіякампаніі таксама дапусьцілі, што могуць скараціць частку штату, але не на 50%, як пісалі ў прэсе дагэтуль.

«Пра масавыя скарачэньні гаворкі не ідзе. Рашэньні аб пэрсанале могуць быць прынятыя толькі па рэкамэндацыі кіраўнікоў падразьдзяленьняў і толькі з улікам бягучага аб’ёму працы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Чаргінец: «Белавія» ня будзе скарачаць супрацоўнікаў на 50%

На сёньня «Белавія» вымушаная была прыпыніць палёты ў 21 краіну, актуальнымі застаюцца маршруты толькі ў 9 краін — гэта 17 гарадоў/аэрапортаў.

«Што тычыцца асобна Расеі, то ў „даковідны“ час авіякампанія выконвала 140-150 рэйсаў на тыдзень, цяпер — 13. Іншыя статыстычныя дадзеныя ў сувязі з падвышанай занятасьцю ўсіх аддзелаў даць цяжка», — удакладнілі ў «Белавія».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Cancelled. Што цяпер адбываецца ў Нацыянальным аэрапорце «Менск»

Рэзкія зьмены ў працы нацыянальнага авіяперавозчыка-манапаліста наступілі пасьля скандалу з прымусам да пасадкі пасажырскага самалёта ірляндзкай кампаніі Ryanair, які ляцеў са сталіцы Грэцыі ў сталіцу Літвы. Сярод пасажыраў былі журналіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега, якіх затрымалі і якія цяпер знаходзяцца ў СІЗА КДБ праз крымінальныя абвінавачаньні.

У адказ на дзеяньні афіцыйнага Менску, апэляцыі якога да «ліста ХАМАС» і «просьбаў пілётаў» выявіліся беспадстаўнымі, шэраг краін закрыў паветраную прастору для беларускіх самалётаў і рэкамэндаваў сваім авіякампаніям аблятаць Беларусь. У NATO выказалі здагадку, што Лукашэнка ня мог дзейнічаць без ухваленьня і ўказаньня Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Паштовы сэрвіс Proton: ліст з пагрозай выбуху на борце Ryanair быў адзін. Улады Беларусі раней заяўлялі пра два

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ХАМАС зьняпраўдзіў датычнасьць да інцыдэнту з самалётам, які ляцеў над Беларусьсю

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Генсакратар NATO: цяжка паверыць, што Расея ня ведала пра пляны Беларусі «захапіць» самалёт Ryanair