Авіякампанія «Белавія» ня будзе звальняць палову сваіх супрацоўнікаў, нягледзячы на тое, што ўсе суседнія краіны, апроч Расеі, закрылі сваю паветраную прастору для беларускіх самалётаў.
Гэта вынікае з допіса кіраўніка кампаніі Ігара Чаргінца ў фэйсбуку.
Ігар Чаргінец абурыўся санкцыямі супраць «Белавія» і абвінаваціў суседнія краіны ў празе зарабіць на гэтым.
«І гэта да расьсьледаваньня інцыдэнту, у якім, можа, і ёсьць вінаватыя, але дакладна не „Белавія“. Гэта, вядома ж, поўнае патаптаньне асноў дэмакратыі», — напісаў Чаргінец.
Напярэдадні ў сетках зьявілася выява дакумэнта, паводле якога штат «Белавія» нібыта чакалі скарачэньні на 50%.
28 траўня на сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным Аляксандар Лукашэнка таксама наракаў на санкцыі супраць «Белавіа». «Замачылі на ўсю катушку», — сказаў Пуціну Лукашэнка.
«Ну за што пакаралі працоўны калектыў „Белавія“? За тое, што яны ў COVID іх вывозілі тысячамі. Вось іх аблічча», — заявіў Лукашэнка.
Пуцін, выслухаўшы гісторыю пра «Белавія», сказаў:
«Самалёт прэзыдэнта Балівіі ў свой час пасадзілі, прэзыдэнта вывелі з самалёта — і нічога, цішыня». (Гаворка пра пасадку ў Вене ў 2013 годзе лайнэра, на якім ляцеў Эва Маралес, тады ў самалёце шукалі Эдварда Сноўдэна. Але пасадкі папрасілі самі пілёты, у якіх зламаўся датчык паліва, пісала Washington Post).