Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cancelled. Што цяпер адбываецца ў Нацыянальным аэрапорце «Менск»


Нацыянальны аэрапорт «Менск» 27 траўня
Нацыянальны аэрапорт «Менск» 27 траўня

Авіяцыйная блякада, якую вось-вось учыніць Беларусі Эўразьвяз, можа ўдарыць ня толькі па «Белавія», але і па галоўным аэрапорце краіны.

У 2019 годзе Нацыянальны аэрапорт «Менск» прыняў больш за 5 мільёнаў пасажыраў. Гэта рэкорд за ўсе часы перавозак. Нават у пікавы савецкі пэрыяд было нашмат менш — у 1990-м толькі 2 мільёны. Яшчэ ў сярэдзіне 2000-х аэрапорт прымаў усяго каля 14 рэйсаў штодня. У 2019-м — да 70.

Летась колькасьць пасажыраў зьнізалася да 2 мільёнаў. Колькасьць рэйсаў упала да 35 у дзень у сярэднім. А вясной 2020 году здаралася нават і 4 рэйсы за дзень. У канцы мінулай зімы кіраўніцтва аэрапорту выказвала асьцярожныя надзеі на тое, што 2021-ы зноў прынясе рост колькасьці пасажыраў і прыбыткаў. Але пасадка самалёта Ryanair 23 траўня ў Менску можа зьнішчыць гэтыя спадзяваньні.

Дабрацца ў разьмешчаны ў Смалявіцкім раёне аэрапорт можна па-ранейшаму аўтобусамі і маршруткамі з цэнтру Менску. Маршрутак штодня каля 10, аўтобусаў — прыкладна 20 рэйсаў. Кошт амаль аднолькавы — 5 і 5,50 рубля. Ходзяць запоўненымі напалову.

«Я ў Менску быў па працоўных пытаньнях, займаюся лягістыкай, — расказвае выпадковы сусед па аўтобусе, жыхар Варшавы. — Акурат застаў забарону на рэйсы. Трэба вяртацца зараз дадому, набыў новы квіток праз Маскву. За стары абяцалі вярнуць грошы, але ня ведаю калі. У Маскве прыйдзецца ехаць у іншы аэрапорт, перасадка нязручная. Але іншых варыянтаў не было. Што я думаю пра забарону палётаў? Я ня ведаю. Нават не цікавіўся асабліва, толькі атрымаў паведамленьне, што мой рэйс адмянілі. Трэба паглядзець, як доўга гэта працягнецца».

Новая чыгунка за 150 мільёнаў і бразыльскія самалёты

Яшчэ адносна нядаўна дабрацца да аэрапорту зь Менску можна было і цягніком праз Смалявічы. Пасьля яго адмянілі — старая чыгуначная ветка была нязручная, а праз будоўлю новай узьлётна-пасадачнай паласы яе ўвогуле прыйшлося разьбіраць.

Антураж лётнішча пасьля ўвядзеньня абмежаваньняў
Антураж лётнішча пасьля ўвядзеньня абмежаваньняў

У канцы 2019 году кіраўнік Мінтрансу Аляксей Аўраменка расказаў аб праектаваньні новай чыгункі ад станцыі Гарадзішча і будучы запуск па ёй «Аэраэкспрэса» з сучаснымі цягнікамі. Неабходнасьць будаўніцтва міністар зьвязваў з павелічэньнем пасажырапатоку. Дарога па той чыгунцы павінна была займаць 35 хвілін (маршруткай ад вакзалу ехаць каля гадзіны). Кошт праекту ацэньваўся ў 150 мільёнаў даляраў, да яго фінансаваньня зьбіраліся прыцягваць інвэстараў, у тым ліку прыватныя банкі. Ці наважыцца каторы зь іх фінансаваць усё гэта цяпер — пытаньне адкрытае.

Аўтобус тым часам пад’яжджае да аэрапорта. Паркоўкі перад ім запоўненыя. Як аўтамабільныя (што звыкла), так і месца стаянкі для самалётаў справа ад асноўнага будынку. Гэта ўжо не такі звычайны малюнак. Побач са старым «Боінгам» стаяць два новыя бразыльскія Embraer 195-E2, набыцьцём якіх нядаўна хваліўся генэральны дырэктар «Белавія» Ігар Чаргінец. Самалёты бралі новымі ў лізінг, «Белавія» зьбіралася выкарыстоўваць іх на рэйсах у Лёндан, Барсэлёну, Мюнхэн, Парыж, Амстэрдам, Сочы, Нур-Султан. Цяпер бразыльскім лайнэрам сьвецяць хіба што два апошнія з гэтых кірункаў.

Cancelled — першае, што кідаецца ў вочы на вялікім сінім табло вылетаў у вялікай залі аэрапорта. Такія надпісы чырвонымі літарамі, напераменку па-ангельску, па-беларуску і па-кітайску, высьвечваюцца насупраць нумароў рэйсаў у Варшаву і Амстэрдам. Калі адлёты зьмяняюцца назвамі блізкіх прылётаў — тыя ж чырвоныя літары высьвечваюцца насупраць Мілана і, нечакана, Калінінграда. Расейскі анкляў пацярпеў праз закрыцьцё для беларускіх самалётаў паветранай прасторы Польшчы і Літвы. Даляцець туды зь Менску безь перасадак можна цяпер толькі кругам праз Латвію і Балтыйскае мора.

«Беларусь встречает гостей»

Сярод неадмененых рэйсаў — Ташкент, Багдад, Нур-Султан, Ерэван, Тбілісі, Растоў-на-Доне і Энфіда. Пра апошні Гугл падказвае, што гэта невялікі аэрапорт у Тунісе, папулярны для турыстычных чартэраў. Вялікі натоўп адпачывальнікаў акурат зьбіраецца каля стойкі рэгістрацыі. На вылет і прылёт 27 траўня толькі адзін рэйс у краіны Эўразьвязу. Не здаецца пакуль Талін, Латвія ранкам дазволіла «Белавія» выкарыстоўваць для транзыту сваю паветраную прастору. Пакуль незразумела, як надоўга.

«Нам пашанцавала, што мы пасьпелі зь Вільні прыляцець да ўсяго гэтага, — размаўляюць побач са мной два хлопцы. — Зараз можна назад выехаць будзе раз на 6 месяцаў. Там, магчыма, зноў самалёты пачнуць лётаць».

Сілавікі чакаюць расейскага прэм'ера Мішусьціна
Сілавікі чакаюць расейскага прэм'ера Мішусьціна

Хлопцы былі па справах у Маскве. Самі зь Беларусі, але даўно жывуць у Літве, маюць там дазвол на жыхарства. Зьбіраліся скарыстацца перасадкай у Менску, але цяпер прыйдзецца ехаць па зямлі. Калі б не афіцыйны статус у Вільні, то вяртаньне дадому магло б зацягнуцца надоўга.

У гэты час у тэлеграм-каналах зьяўляюцца навіны пра адмену палётаў «Белавія» ў Варшаву, Мілан, Амстэрдам, Рым, Франкфурт, Бэрлін, Мюнхэн, Гановэр, Вену, Брусэль і Барсэлёну. Чырвоныя надпісы Cancelled насупраць гэтых кірункаў, паводле паведамленьня авіякампаніі, будуць вісець на табло вылетаў да канца кастрычніка.

А ў Нацыянальным аэрапорце і так пуста. Ажыўленьне толькі каля стоек рэгістрацыі і побач з абменьнікамі. Навокал арабская мова, усходнія твары і кітайскія герогліфы. Да століка ў пустой кавярні, пабачыўшы кліента, адначасова падбягаюць адразу дзьве афіцыянткі. Выпіць амэрыкана коштам амаль два даляры можна зь відам на вялікі надпіс «Беларусь встречает гостей», зроблены кветкамі на зялёнай клюмбе. Адразу за ім білборд з паведамленьнем, што «2021 год — год народнага адзінства».

Тым часам новае паведамленьне: у Менску адмянілі чэмпіянат Эўропы па велатрэку. Яго ўдзельнікі не захацелі ехаць у Беларусь.

24 траўня лідэры краін Эўразьвязу прапанавалі спыніць любыя авіязносіны зь Беларусьсю пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair: 23 траўня рэйс ірляндзкай авіякампаніі з Атэнаў у Вільню вымушана сеў у аэрапорце Менску на патрабаваньне беларускіх дыспэтчараў.

Улады Беларусі патлумачылі гэта паведамленьнем аб мінаваньні борта, якое нібыта паступіла ад «салдатаў ХАМАС». ХАМАС гэта адмаўляе. З рэйсу зьнялі і затрымалі былога галоўнага рэдактара тэлеграм-канала NEXTA Рамана Пратасевіча, а таксама яго сяброўку, расіянку Соф’ю Сапегу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG