Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што можа страціць прыбытковая некалі «Белавія» ад забароны палётаў?


Нацыянальная авіякампанія «Белавія» мінулы год скончыла зь мільённымі стратамі, мае самалёты ў лізінгу. Што сабой уяўляе дзяржаўнае прадпрыемства і як на яго паўплывае міжнародны канфлікт з пасадкай самалёта Ryanair у Менску?

Што такое кампанія «Белавія»?

Кампанія заснаваная ў 1996 годзе. Форма кіраваньня — адкрытае акцыянэрнае таварыства. Прадпрыемства дзяржаўнае, яго кантралюючы орган — Савет міністраў РБ.

У 2021 годзе кампанію ўзначаліў Ігар Чаргінец. Да гэтага яе з 2007 году ўзначальваў Анатоль Гусараў, а Ігар Чаргінец быў ягоным намесьнікам па маркетынгу. Да 2020 году кампанія нарошчвала колькасьць пасажыраў і актыўна папаўняла свой парк самалётаў.

У 2015-м на становішча кампаніі пазытыўна паўплываў крызіс у стасунках паміж Украінай і Расеяй, у выніку якога паміж гэтымі краінамі спыніліся авіяпералёты. «Белавія» адкрыла новыя рэйсы, а таксама ўвяла адмысловыя тарыфы для пералётаў паміж Расеяй і Ўкраінай. Ігар Чаргінец спадзяваўся, што плынь транзытных пасажыраў павялічыцца на 25%.

Экспэрты таксама выказвалі думкі, што нацыянальны перавозчык не зацікаўлены ў прыходзе ў Беларусь лоўкостаў.

Страты з прычыны каранавірусу

З 2016 па 2019 год чысты прыбытак «Белавія» толькі рос. За 4 гады прыбытак вырас у 2,4 раза. Рос і пасажырапаток, за 2019 год «Белавія» перавезла 4 мільёны пасажыраў. Так было да мінулага году, калі многія краіны вымушаныя былі закрыцца на карантын. У дакаранавірусныя часы ў дзень «Белавія» магла прадаць 400 квіткоў.

Чыстыя страты «Белавія» за мінулы год — 92 мільёны рублёў. А, напрыклад, усяго за год да гэтага кампанія мела 68,2 мільёна прыбытку. Вырасьлі і доўгатэрміновыя абавязаньні кампаніі: было 502 мільёны, стала — 770 мільёнаў.

Самалёты ў лізінг

У 2018 годзе «Белавія» ўзяла ў лізінг чатыры Boeing 737 MAX, тады ж падлічвалі, што чатыры такія самалёты будуць каштаваць каля 450 мільёнаў даляраў. Каб зарабіць гэтыя грошы, самалёты павінны лятаць, бо адзін месяц прастою самалёта экспэрты ацэньваюць у дзясяткі тысяч даляраў.

У лютым 2020 году авіякампанія падпісала кантракт на пастаўку трох самалётаў новага пакаленьня Embraer E195-E2.

Амаль 2000 супрацоўнікаў

Нягледзячы на страты, у 2020 годзе «Белавія» павялічыла штат супрацоўнікаў: з 1865 да 1908 чалавек. Камандзіру самалёта прапануюць ад 12 тысяч рублёў, другому пілёту — 9500.

Новыя напрамкі

У 2019–2020 гадах «Белавія» ганарылася тым, што адкрыла новыя рэйсы ў Вену і Мюнхэн. Калі паглядзець расклад рэйсаў «Белавія» на лета, то напрамкі, якія могуць застацца адкрытымі пасьля ўвядзеньня абмежавальных санкцый, — а гэта Расея, Казахстан, Туркмэнія, — цяпер пакрываюць каля траціны ўсяго трафіку авіякампаніі.

Спрэчкі з Расеяй

На расейскім напрамку (а «Белавія» лятае шмат у якія гарады Расеі) у авіякампаніі не заўжды ўсё гладка. Дзеяньням Расеі часта зьдзіўляецца на сваёй старонцы ў Facebook гендырэктар Ігар Чаргінец:

«Выдатны быў пачатак. На жаль, расейскі бок не дазваляе пакуль аднавіць авіязносіны. Па-ранейшаму мала частот, а па шэрагу напрамкаў наогул нельга выконваць палёты. Па чыгунцы можна, а па паветры нельга. Дзе лёгіка? Дзіўна...», — пісаў Ігар Чаргінец яшчэ 22 красавіка.

Ёсьць праблемы і з Казахстанам:

«Толькі незразумела, чаму Казахстан скараціў спачатку колькасьць частот у тыдзень з 15 да 9, а потым наогул да 4. Гэта пры тым, што пагадненьне, падпісанае ўрадамі, наогул не прадугледжвае абмежаваньняў па колькасьці частот! Ёсьць, вядома ж, тлумачэньне, і яно ніяк не зьвязана з пандэміяй — аказаньне падтрымкі сваім авіякампаніям за кошт абмежаваньня замежных», — пісаў Ігар Чаргінец 26 сакавіка.

Украіна зьбіраецца закрыць самалётам «Белавія» доступ у свае аэрапорты. Праз тэрыторыю Ўкраіны «Белавія» ў 2020 годзе выканала 10,6 тысячы пералётаў. Гэта 7,5% ад усяго авіяцыйнага трафіку гэтай краіны.

Колькі самалётаў «Белавія» ляталі ў ЭЗ

Увечары 24 траўня Эўрапейская рада заклікала ўсіх эўрапейскіх перавозчыкаў адмовіцца ад палётаў над Беларусьсю і ў Беларусь, а таксама забараніць палёты беларускіх авіякампаній у Эўразьвяз.

Прамы трафік зь Беларусі ў ЭЗ складае каля траціны ўсіх палётаў. Але самалётамі «Белавія» карысталіся транзытныя пасажыры, якія ляцелі з усходу і перасаджваліся на рэйсы ў ЭЗ у Менску. З улікам яшчэ і ўкраінскага трафіку — атрымліваецца патэнцыйная страта каля 70% усіх рэйсаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG