Адвакат пра стан Соф'і Сапегі: «Разумее, дзе знаходзіцца, часам здараюцца панічныя атакі»

Шыльда Менскага гарадзкога суду

31 траўня Менскі гарадзкі суд разглядаў апэляцыю на адмову суду Партызанскага раёну гораду задаволіць скаргу абароны на затрыманьне Соф’і Сапегі. Тое паседжаньне праходзіла 28 траўня ў закрытым рэжыме і пры адсутнасьці фігуранткі.

Гарадзкі суд Менску адхіліў скаргу абароны Соф'і Сапегі на ўтрыманьне пад вартай, паведамляе ТАСС.

Сёньня ў другой палове дня чакаецца прад’яўленьне ёй абвінавачаньня Галоўным сьледчым упраўленьнем Сьледчага камітэту Беларусі, паведаміў Бі-Бі-Сі адвакат Аляксандар Філановіч.

Каля 16-й ён паведаміў, што затрыманай Соф'і Сапезе абвінавачаньне не прад'яўленае, сьледчыя дзеяньні працягнуцца 1 чэрвеня.

Адносна стану Соф'і адвакат паведаміў: «Зь яе слоў, адчувае сябе нармальна, разумее, дзе знаходзіцца. Часам здараюцца панічныя атакі, але ў цэлым яна зь імі спраўляецца. Скаргаў не выказвае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Выглядае бадзёрай і здаровай». Адвакат Соф’і Сапегі сустрэўся з падабароннай у СІЗА

Паводле крыніцы, знаёмай з матэрыяламі справы, Соф’ю Сапегу затрымалі на два месяцы ў рамках крымінальнай справы «аб распальваньні сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК Беларусі). Пры гэтым непасрэдна ў момант затрыманьня ў менскім аэрапорце 23 траўня пратакол і пастанова не афармляліся, хоць яе і зьмясьцілі ў СІЗА.

У судзе, дзе адвакат Соф’і Сапегі абскардзіў яе зьняцьце з рэйсу кампаніі Ryanair, дакумэнтаў аб затрыманьні дзяўчыны таксама не было. Прынамсі, адвакат іх ня бачыў.

Меркавалася, што 31 траўня Сьледчы камітэт прад’явіць абвінавачаньне грамадзянцы Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Суд у Менску адхіліў скаргу на затрыманьне Софʼі Сапегі

Абарона Соф’і Сапегі абскарджвае ў гарадзкім судзе Менску рашэньне райсуду аб адмове прызнаць яе затрыманьне незаконным. Калі суд прызнае, што яе затрымалі без аніякіх на тое падставаў, незаконным становіцца і выбар ёй меры стрыманьня, пасьля чаго студэнтку павінны неадкладна вызваліць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праваабаронцы прызналі пяць новых палітвязьняў, у іх ліку Соф’ю Сапегу