ICAO расьсьледуе перахоп самалёта Ryanair уладамі Беларусі

Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) правядзе расьсьледаваньне абставінаў вымушанай пасадкі самалёта ірляндзкай кампаніі Ryanair у Менску.

Пра гэта паведаміў міністар транспарту Ірляндыі Іман Раян.

«Гэтыя непрымальныя дзеяньні сталі атакай на эўрапейскую авіяцыйную бясьпеку і паставілі пад пагрозу жыцьцё пасажыраў і членаў экіпажу, калі яны падарожнічалі паміж дзьвюма сталіцамі ЭЗ», — заявіў ірландзкі міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнік Ryanair у лісьце ў дэпартамэнт авіяцыі Беларусі назваў інцыдэнт з самалётам «наўмысным і незаконным згонам»

Расьсьледаваць інцыдэнт у Менску ICAO заклікалі Эстонія, Францыя, Ірляндыя, Нарвэгія, Вялікая Брытанія, ЗША, Нямеччына і Бэльгія. Першыя вынікі расьсьледавання мусяць апублікаваць 25 чэрвеня. Расея і Кітай адмовіліся далучыцца да расьсьледаваньня, перадае Reuters са спасылкай на крыніцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У вас бомба». Беларуская афіцыйная вэрсія перамоваў зь пілётамі самалёта Ryanair: больш пытаньняў, чым адказаў

Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі — установа ААН, якая вызначае міжнародныя нормы для цывільнай авіяцыі і каардынуе яе разьвіцьцё з мэтай павышэньня бясьпекі і эфэктыўнасьці палётаў. ІКАО заснаваная «Канвэнцыяй аб міжнароднай цывільнай авіяцыі» 1944 году.