Як ацэньвалі маральную шкоду ў кожным канкрэтным выпадку, невядома, але сумы адрозьніваюцца, піша Zerkalo.io.
12 пацярпелым прызначылі сумы ў 1000, чатыром — па 1500, 42 — па 2000, аднаму — 2500, 16 — па 3000 і тром — па 5000 рублёў. Агульная сума іскаў — 167 500 рублёў.
Указана, што на пагашэньне грамадзянскіх іскаў Софʼі Сапезе адведзены адзін месяц. Напярэдадні стала вядома, што абарона Софʼі Сапегі не стала абскарджваць прысуд і ён набыў законную моц. Родныя дзяўчыны паведамілі, што будуць падаваць хадайніцтва аб памілаваньні, але спачатку неабходна пагасіць усе пазовы.
«Да справы Сапегі такіх маштабных прысудаў — па колькасьці пацярпелых і памеры прысуджанага штрафу не было. У бацькоў няма грошай, каб пагасіць гэтыя пазовы», — заяўляў пасьля вынясеньня прысуду адвакат сямʼі Софʼі Сапегі Антон Гашынскі.
Соф’ю Сапегу арыштавалі ў траўні 2021 году пасьля прымусовай пасадкі самалёта ў Менску ўладамі Беларусі. Разам зь ёй на борце рэйсу Атэны — Вільня знаходзіўся Раман Пратасевіч. У сьнежні Сапега падала Лукашэнку прашэньне аб памілаваньні, расказваў ейны айчым.
Разгляд справы Сапегі ў закрытым рэжыме доўжыўся больш за месяц і скончыўся сёньня, 6 траўня. Увесь гэты час дзяўчына знаходзілася пад хатнім арыштам. У выніку Соф’і прысудзілі 6 гадоў калёніі. Яе ўзялі пад варту ў залі суду.
Як паведаміла прэс-служба Генпракуратуры, Соф’ю Сапегу прызналі вінаватай паводле 2 артыкулаў (хоць выстаўлялі абвінавачаньне паводле 7 артыкулаў):
ч. 3 арт. 130 КК (у зьдзяйсьненьні наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці, варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці, учыненых арганізаванай групай асоб, якія пацягнулі іншыя цяжкія наступствы);
ч. 1 арт. 179 КК (незаконныя зьбіраньне або распаўсюджваньне зьвестак аб прыватным жыцьці, якія складаюць асабістую або сямейную тайну іншай асобы, безь яе згоды, якія прывялі да прычыненьня шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых).
Соф’і Сапезе паставілі ў віну адміністраваньне тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі», які ўлады прызналі экстрэмісцкім. На канале публікуюцца асабістыя зьвесткі сілавікоў.