Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год з пасадкі Ryanair у Менску. Як зьмянілася за гэты час беларускае неба


Прымусовая пасадка Ryanair Boeing 737-8AS рэйсу FR4978 у менскім аэрапорце, 23 траўня 2021
Прымусовая пасадка Ryanair Boeing 737-8AS рэйсу FR4978 у менскім аэрапорце, 23 траўня 2021

Флёт «Белавія» скараціўся ўдвая, Соф’я Сапега атрымала шэсьць гадоў калёніі, Раман Пратасевіч стаў «праваабаронцам».

23 траўня 2021 году самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, быў вымушаны сесьці ў нацыянальным аэрапорце «Менск» пасьля таго, як пілёты атрымалі ад беларускага дыспэтчара паведамленьне пра бомбу на борце лайнэра. Пасьля пасадкі самалёта пасажыраў і экіпаж некалькі гадзінаў пратрымалі на тэрыторыі аэрапорту. Беларуса Рамана Пратасевіча і грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу затрымалі, усе іншыя змаглі даляцець у Вільню. Гэты выпадак меў значныя наступствы як для беларускай авіяцыі, так і для іншых галінаў эканомікі.

«Паветранае пірацтва» і санкцыі

Адным зь першых у «паветраным пірацтве» беларускія ўлады абвінаваціў уласьнік Ryanair Майкл О’Ліры. Ён таксама выкарыстаў тэрмін «дзяржаўны згон» і заявіў, што на борце самалёта знаходзіліся супрацоўнікі КДБ, якія пасьля пасадкі ў Менску пакінулі борт і не паляцелі далей у Вільню. У СМІ зьвялася інфармацыя пра некалькіх такіх пасажыраў. Паводле выніковай справаздачы ІCАО, як мінімум адзін такі чалавек сапраўды быў. Паводле вэрсіі беларускіх уладаў, гэты грамадзянін Расеі вырашыў выйсьці ў Менску, каб далей працягнуць падарожжа ў Маскву без наведваньня Вільні.

Выказаліся пра інцыдэнт кіраўнікі краін і эўрапейскія дыпляматы. У пратэст супраць дзеяньняў беларускіх уладаў мэр Рыгі, дзе на той момант ішоў чэмпіянат сьвету ў хакеі, замяніў афіцыйны чырвона-зялёны сьцяг ля месца правядзеньня спаборніцтваў на бела-чырвона-белы. Усяго празь некалькі дзён пасьля інцыдэнту краіны ЭЗ рэкамэндавалі сваім самалётам не карыстацца паветранай прасторай Беларусі, а беларускім забаранілі лятаць у небе краін Эўразьвязу. Колькасьць рэйсаў у нацыянальны аэрапорт «Менск», якая толькі пачала аднаўляцца пасьля пандэміі, рэзка скарацілася.

Забарону на палёты першапачаткова ўвялі да 30 кастрычніка 2021 году. Плянавалася, што міжнародная справаздача аб расьсьледаваньні інцыдэнту будзе апублікаваная ў канцы верасьня, аднак публікацыя некалькі разоў пераносілася і адбылася толькі ў студзені 2022-га.

Акрамя гэтага, інцыдэнт з пасадкай самалёта Ryanair стаў прычынай увядзеньня новага пакету эканамічных санкцый супраць беларускага рэжыму. Ужо 3 чэрвеня ЗША аднавілі дзеяньне прыпыненых санкцый у дачыненьні да «Нафтану», «Белнафтахіму», «Гродна Азоту», «Белшыны» і шэрагу іншых прадпрыемстваў. Кіраўніцтва ЭЗ паведаміла аб замарожваньні праграмы фінансавай дапамогі Беларусі ў памеры 3 мільярдаў эўра.

«Белавія» без паловы самалётаў

Інцыдэнт з самалётам Ryanair моцна паўплываў на магчымасьці нацыянальнай авіякампаніі «Белавія». Ужо праз тыдзень пасьля яго беларуская авіякампанія страціла ўсе рэйсы ў краіны Эўразьвязу, а таксама ва Ўкраіну, якая далучылася да «паветраных» санкцый супраць Беларусі.

У выніку палётная сетка «Белавія» скарацілася амаль удвая. За месяц да 23 траўня беларускія самалёты ляталі ў 28 краін па 38 кірунках. На пачатку зімы 2021 году заставалася толькі 20 ліній. У дадатак авіякампаніі давялося вярнуць каля паловы сваіх самалётаў лізінгавым кампаніям.

Ужо празь некалькі дзён пасьля 23 траўня блогер Антон Матолька са спасылкай на супрацоўнікаў авіякампаніі паведаміў, што ў «Белавія» у выніку санкцый могуць скараціць да 50% пэрсаналу. Авіякампанія зьвесткі аб масавых скарачэньнях абвергла, аднак частку супрацоўнікаў адправіла ў адпачынкі. Дакладную колькасьць звольненых не называлі.

Пасьля інцыдэнту большасьць заходніх авіякампаній адмовілася аб выкарыстаньня беларускай паветранай прасторы. Тут застаюцца лайнэры расейскіх, а таксама кітайскіх, індыйскіх і некаторых іншых азіяцкіх авіякампаній.
Пасьля інцыдэнту большасьць заходніх авіякампаній адмовілася аб выкарыстаньня беларускай паветранай прасторы. Тут застаюцца лайнэры расейскіх, а таксама кітайскіх, індыйскіх і некаторых іншых азіяцкіх авіякампаній.

Пажыцьцёвае зьняволеньне за абвінавачаньні ў паветраным пірацтве

Вынікі міжнароднага расьсьледаваньня былі апублікаваныя 18 студзеня 2022 году. Гэта расьсьледаваньне авіяцыйных уладаў, якое не прадугледжвае крымінальных спраў і прыцягненьня да адказнасьці службовых асобаў.

Аўтары справаздачы прыходзяць да высновы, што адным з самых важных момантаў расьсьледаваньня інцыдэнту з лайнэрам Ryanair у беларускім небе быў час атрыманьня беларускімі ўладамі першага паведамленьня пра бомбу, нібыта закладзеную на борце самалёта.

Паводле справаздачы, у выніку расьсьледаваньня так і не ўдалося высьветліць, ці сапраўды існаваў гэты ліст. Паводле справаздачы ІCАО, беларускія ўлады патлумачылі немагчымасьць паказаць першы ліст з паведамленьнем аб міне ў самалёце тым, што выдалілі яго ў сувязі з «палітыкай захаваньня дадзеных у менскім аэрапорце».

Яшчэ да публікацыі справаздачы ІCАО заходнія СМІ паведамілі, што авіядыспэтчар Алег Галегаў, які кіраваў пасадкай лайнэра Ryanair, змог выехаць зь Беларусі ў Польшчу і ўжо даў паказаньні аб тым, што дзейнічаў на загад афіцэра беларускіх спэцслужбаў. Ніякіх новых падрабязнасьцяў гэтай справы пасьля сьнежня 2021 году не зьяўлялася.

20 студзеня 2022 году Міністэрства юстыцыі ЗША афіцыйна абвінаваціла ў паветраным пірацтве беларускіх авіяцыйных чыноўнікаў Леаніда Чура і Алега Казючыца. У выпадку прызнаньня іхнай віны судом абодвум можа пагражаць пажыцьцёвае зьняволеньне.

Беларускія ўлады працягваюць настойваць, што дзейнічалі ў адпаведнасьці зь міжнародным правам і не парушалі заканадаўства.

Вайна ва Ўкраіне яшчэ больш ускладніла сытуацыю, у якой апынулася «Белавія». Вось так цяпер лятаюць беларускія самалёты ў Грузію.
Вайна ва Ўкраіне яшчэ больш ускладніла сытуацыю, у якой апынулася «Белавія». Вось так цяпер лятаюць беларускія самалёты ў Грузію.

Справа Пратасевіча і Сапегі

Затрыманых на тэрыторыі аэрапорту «Менск» пасажыраў лайнэра Ryanair Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу неўзабаве зь СІЗА перавялі пад хатні арышт і нават дазволілі ім жыць разам. Пратасевіч некалькі разоў выступаў на прэс-канфэрэнцыях і ў ток-шоў на дзяржаўнай беларускай тэлевізіі. Яму таксама дазволілі завесьці свой тэлеграм-канал і далучыцца да «праваабарончай арганізацыі», створанай былым сябрам выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Юрыем Васкрасенскім.

Пра ход расьсьледаваньня спраў Сапегі і Пратасевіча доўгі час нічога не было вядома, аднак 6 траўня 2022 году Горадзенскі абласны суд прыгаварыў Соф’ю Сапегу да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. Яе судзілі ў закрытым рэжыме. Вядома, што абвінавачваньне ўключала ў сябе сем артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Рамана Пратасевіча не пачалі судзіць дагэтуль. Паводле інфармацыі, якую распаўсюджвае сам блогер, расьсьледаваньне працягваецца, а колькасьць тамоў ягонай справы пераўзыходзіць сотню.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
  • 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
  • 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
  • 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
  • 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
  • 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
  • Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
  • «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
  • 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
  • Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
  • Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
  • 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
  • У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG