Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы разьлічвалі на памілаваньне, а не на шэсьць гадоў», — родныя аб прысудзе Соф’і Сапезе


Соф’я Сапега, архіўнае фота
Соф’я Сапега, архіўнае фота

У Горадзенскім абласным судзе абвясьцілі прысуд расіянцы Соф’і Сапезе. Сяброўку Рамана Пратасевіча пакаралі 6 гадамі калёніі агульнага рэжыму і ўзялі пад варту.

Цягам трох дзён родныя змогуць сустрэцца зь ёй у СІЗА. Пра гэта блогу «Отражение» расказаў айчым дзяўчыны Сяргей Дудзіч.

«Ёй 23 гады, і далі шэсьць гадоў. Ад радасьці не скача, мусіць. Яе „закрылі“ адразу пасьля прысуду. Нам ні слова, ні паўслова нават не далі [сказаць], — кажа Сяргей Дудзіч. — Мы не разьлічвалі на такі прысуд. Мы разьлічвалі на памілаваньне... Ня ведаю... Іншыя меры стрыманьня, але ня шэсьць гадоў. Мы пра такое і блізка ня думалі».

Ён мяркуе, што Соф’я таксама была ў шоку ад такога прысуду. Па словах айчыма дзяўчыны, у наступныя тры дні родныя сустрэнуцца зь ёй у СІЗА. Ім дадуць кароткатэрміновае спатканьне, блізкія змогуць перадаць Соф’і патрэбныя рэчы.

Пра тое, ці магчымая экстрадыцыя Соф’і ў Расею, і ці ідуць пра гэта нейкія размовы, Сяргей Дудзіч кажа наступнае:

«Мы пакуль ніякіх размоваў не вядзём. Мы заўсёды на сувязі з пасольствам, але ўсё гэта пакуль „але“».

Паводле мужчыны, Соф’я да абскарджаньня прысуду будзе ўтрымлівацца ў горадзенскім СІЗА.

Соф’ю Сапегу арыштавалі ў траўні 2021 году пасьля прымусовай пасадкі самалёта ў Менску ўладамі Беларусі. Разам зь ёй на борце рэйсу Атэны — Вільня знаходзіўся Раман Пратасевіч. У сьнежні Сапега падала Лукашэнку прашэньне аб памілаваньні, расказваў ейны айчым.

Разгляд справы палітзьняволенай Соф’і Сапегі ў закрытым рэжыме доўжыўся больш за месяц і скончыўся сёньня, 6 траўня. Увесь гэты час дзяўчына знаходзілася пад хатнім арыштам. У выніку Соф’і прысудзілі 6 гадоў калёніі і 175 тысяч рублёў кампэнсацыі ды судовага збору. Яе ўзялі пад варту ў залі суду.

Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, Соф’ю Сапегу прызналі вінаватай паводле 2 артыкулаў (хоць выстаўлялі абвінавачаньне паводле 7 артыкулаў):

  • ч. 3 арт. 130 КК (у зьдзяйсьненьні наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці, варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці, учыненых арганізаванай групай асоб, якія пацягнулі іншыя цяжкія наступствы);
  • ч. 1 арт. 179 КК (незаконныя зьбіраньне або распаўсюджваньне зьвестак аб прыватным жыцьці, якія складаюць асабістую або сямейную тайну іншай асобы, безь яе згоды, якія прывялі да прычыненьня шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых).

Соф’і Сапезе паставілі ў віну адміністраваньне тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі», які ўлады прызналі экстрэмісцкім. На канале публікуюцца асабістыя зьвесткі сілавікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG