Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прайшоў месяц пасьля пасадкі самалёта Ryanair у Менску. Што зьмянілася за гэты час


Праверка багажу пасажыраў рэйсу Ryanair 23 траўня 2021

Чыстае неба над галавой, прэс-канфэрэнцыі з удзелам палітвязьня і самыя вялікія санкцыі за ўсю гісторыю.

23 траўня ў 12:33 пілёты лайнэра Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, атрымалі ад беларускіх дыспэтчараў паведамленьне аб бомбе на борце самалёта. Гэта здарылася праз тры хвіліны пасьля перасячэньня ім украінска-беларускай мяжы. 20 наступных хвілін пілёты спрабавалі атрымаць больш інфармацыі ад беларусаў, а таксама зьвязацца са сваім кіраўніцтвам, аднак гэтага зрабіць так і не атрымалася.

Перад уваходам у паветраную прастору Літвы ў ваколіцах Ліды самалёт разьвярнуўся і яшчэ праз паўгадзіны ўжо стаяў на пэроне нацыянальнага аэрапорту «Менск». Гэтая падзея паўплывала ня толькі на паўтары сотні пасажыраў і экіпаж паветарнага лайнэра, але і на мільёны беларусаў.

Прыгадваем, што адбывалася і адбываецца цяпер у Беларусі, празь месяц пасьля вымушанай пасадкі ірляндзкага «Боінга».

Чыстае неба

Празь месяц пасьля інцыдэнту у беларускім небе ўдзень адначасова бывае ў сярэднім усяго 5-8 самалётаў. Паветранай прасторай Беларусі для транзыту карыстаюцца ў асноўным расейскія перавозчыкі, некаторыя кітайскія авіякампаніі і транспартныя лайнэры.

Расейскія авіякампаніі «Аэрофлот», Utair, S7, «Победа» актыўна выкарыстоўваюць паветраную парстору Беларусі для палётаў у Калінінград. «Белавія» у гэты расейскі горад больш не лятае — перашкаджае забарона на палёты над Літвой і Польшчай.

Расейцы працягваюць карыстацца беларускім небам для палётаў у краіны Эўразьвязу і на Балканы.

Самалёты эўрапейскіх авіякампаній пасьля кароткага перапынку, выкліканага неабходнасьцю ўзгадніць палёты ў абыход Беларусі, аднавілі палёты з Эзразьвязу ў Расею. Цяпер яны адыбваюцца альбо над Украінай, альбо над Літвой і Латвіяй.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair асудзілі таксама ЗША, аднак грузавыя лайнэры амэрыканскіх авіякампаній так і не спынілі лятаць над Беларусьсю. У паветранай прасторы краіны па-ранейшаму можна заўважыць самалёты FedEx i UPS. Працягваюцца таксама палёты невялікіх самалётаў бізнэс-авіяцыі. У тым ліку зарэгістраваных у Сэрбіі, якая далучылася да авіяцыйных санкцый супраць Беларусі.

Лайнэры Turkish Airlaines па-ранейшаму залятаюць у Беларусь з тэрыторыі Ўкраіны, нягледзячы на абяцаньні Лукашэнкі перастаць прымаць адтуль паветраныя судны.

Пасадка самалёта Ryanair у Менску мела вялікія наступствы для нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» і прадпрыемства «Белаэранавігацыя». Ужо празь некалькі дзён Эўразьвяз забараніў сваім авіякампаніям выкарыстоўваць беларускую паветраную прастору, а беларускім авіякампаніям — карыстацца паветранай прасторай краін ЭЗ і іх аэрапортамі. Пазьней да гэтых санкцый далучыўся і шэраг іншых эўрапейскіх краінаў, у тым ліку Ўкраіна, Сэрбія і Чарнагорыя.

«Белавія» амаль не камэнтуе забароны на палёты ў краіны Эўропы. Лайнэры беларускай авіякампаніі працягваюць выконваць рэйсы у Расею, колькасьць якіх павялічылася да 10 на тыдзень. У блізкай будучыні абяцаюць 20. Таксама ўдвая павялічылася колькасьць рэйсаў у Стамбул, Тбілісі і Батумі. Гэтыя аэрапорты беларусы актыўна выкарыстоўваюць для перасадак на рэйсы ў краіны Эўропы.

Па стане на 23 чэрвеня «Белавія» можа выконваць палёты ў 9 краін. Месяц таму беларускія самалёты кожны тыдзень наведвалі каля 30 краін. Беларускі перавозчык таксама робіць чартэрныя рэйсы ў Турэччыну і Эгіпет, куды возіць турыстаў на курорты.

Ток-шоў і прэс-канфэрэнцыя з удзелам Рамана Пратасевіча

У выніку пасадкі самалёта Raynair у Менску затрымалі дваіх яго пасажыраў — Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу. Абаіх хутка прызналі палітвязьнямі, а сьледчыя органы Беларусі прад’явілі ім абвінавачаньні адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — за распальваньне варожасьці, арганізацыю масавых беспарадкаў і арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак.

Пра стан Соф’і, якая зьяўляецца грамадзянкай Расеі, вядома няшмат. Зьяўлялася толькі інфармацыя пра яе праблемы са здароўем. На 23 чэрвеня Соф’я Сапега знаходзіцца ў СІЗА КДБ, у расейскіх СМІ зьяўлялася інфармацыя пра магчымае памілаваньне яе Лукашэнкам. Аднак афіцыйна Крэмль гэтага не камэнтуе.

Раман Пратасевіч за месяц з моманту пасадкі самалёта Ryanair на экранах зьяўляўся тройчы. Першым быў распаўсюджаны сілавікамі кароткі відэазапіс зь яго удзелам, пасьля Пратасевіч зьявіўся на дзяржаўным тэлеканале ў вялікім ток-шоў, а 14 чэрвеня яго нечакана зрабілі адным са сьпікераў на вялікай прэс-канферэнцыі МЗС, арганізаванай з мэтай патлумачыць афіцыйную пазыцыю Менску ў гэтым пытаньні. Для больш шырокага ахопу аўдыторыі беларускія ўлады нават акрэдытавалі туды некалькіх журналістаў, якіх раней пазбавілі магчымасьці легальна працаваць у Беларусі. А таксама пусьцілі прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ. Сам Раман Пратасевіч запэўніў прысутных, што да яго не прымяняецца фізычнага гвалту і ён пачуваецца нармальна.

Адваката да Пратасевіча за месяц пускалі двойчы. Першы візыт адбыўся 27 траўня, тады ж з абаронцы ўзялі падпіску аб неразгалошваньні, яна нават не магла паведаміць, дзе знаходзіцца яго падабаронны. Пазьней бацькі Пратасевіча расказалі, што сына ўтрымліваюць у СІЗА КДБ.

Санкцыі

Аб хуткім увядзеньні новага, чацьвёртага па ліку, пакету санкцый супраць афіцыйнага Менску ўлады Эўразьвязу загаварылі адразу пасьля інцыдэнту з самалётам. Сьпіс з васьмі дзясяткаў прозьвішчаў і прадпрыемстваў быў апублікаваны 21 чэрвеня. У яго ўпершыню ў гісторыі Беларусі ўвайшлі буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы МАЗ і БелАЗ. Акрамя гэтага, чакаецца, што новыя санкцыі Эўразьвязу таксама закрануць экспартныя сэктары беларускай эканомікі, у першую чаргу калійную і нафтаперапрацоўчую галіны. Акрамя ЭЗ, свае санкцыйныя сьпісы павялічылі таксама ЗША і Вялікая Брытанія.

У выніку за месяц пасьля пасадкі самалёта Ryanair санкцыйны сьпіс Эўразьвязу павялічыўся ўдвая (да 23 траўня там было толькі 88 чалавек). Канчатковае зацьвярджэньне новых санкцый ЭЗ у дачыненьні да афіцыйнага Менску адбудзецца 24-25 чэрвеня.

Расьсьледаваньне інцыдэнту

Папярэднія яго вынікі міжнародныя авіяцыйныя ўлады абяцаюць апублікаваць да канца месяца. Цалкам расьсьледаваньне можа заняць значна больш часу. За месяц, які прайшоў пасьля пасадкі самалёта Ryanair, кіраўнік ірляндзкай авіякампаніі Майкл О’Ліры зрабіў дзьве заявы ў заходніх СМІ. Паводле іх, самалёт быў прымусова пасаджаны беларускімі ўладамі, якія неўзабаве пасьля прызямленьня лайнэра спрабавалі прымусіць экіпаж на камэры прызнацца ў добраахвотна прынятым рашэньні аб прызямленьні ў Менску.

Апошняя на гэты момант вэрсія беларускага боку была агучаная на прэс-канфэрэнцыі МЗС з удзелам зьняволенага Рамана Пратасевіча. Паводле яе, рашэньне прызямліцца ў Менску пілёты Ryanair прымалі самастойна, узьняты ў неба па трывозе зьнішчальнік да пасажырскага лайнэра не набліжаўся, а Пратасевіча і Сапегу затрымалі на тэрыторыі Беларусі таму, што абое знаходзяцца ў вышуку.

Ці будуць перагледжаныя забарона на выкарыстаньне беларускай паветранай прасторы эўрапейскімі авіякампаніямі, палёты «Белавія» ў краіны Эўразьвязу, а таксама новыя эканамічныя і пэрсанальныя санкцыі ЭЗ пасьля публікацыі вынікаў расьсьледаваньня інцыдэнту з самалётам Ryanair, пакуль невядома.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
  • 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
  • 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
  • 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
  • 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG