Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пабачаць сёлета беларусы мора? Куды і за колькі можна паляцець зь Беларусі на адпачынак


Пакуль беларусам даступныя 4 авіякірункі — Турэччына, Эгіпет, ААЭ і Грузія. Магчымыя пералёты на некаторыя папулярныя курорты праз Стамбул, але гэта дорага і нязручна.

Даведаліся, дзе і за колькі можна адпачыць на моры.

50 тысяч турыстаў вымушаны былі мяняць пляны і перарэзэрваваць туры

Леташні сэзон адпачынкаў быў азмрочаны пандэміяй каранавірусу. Таму сёлета раньняй вясной, як толькі турфірмы пачалі абвяшчаць аб адкрыцьці асобных маршрутаў, беларусы пачалі актыўна рэзэрваваць туры.

І турысцкі сэзон пачаўся даволі рана — першы чартэр у Чарнагорыю паляцеў зь Менску 30 красавіка. У траўні здарыўся інцыдэнт з самалётам кампаніі Ryanair. Турфірмам тэрмінова давялося шукаць іншыя варыянты для сваіх кліентаў, кажа рэдактарка сайту Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Лілія Кобзік.

«На момант, калі эўрапейская паветраная прастора аказалася закрытай для палётаў нашых перавозчыкаў, на такія кірункі, як Чарнагорыя, Альбанія, Грэцыя, Баўгарыя, Туніс і Кіпр былі аформленыя блізу 50 тысяч турыстаў. Гэта вялізны аб’ем. Але турфірмы тры тыдні дзень і ноч займаліся пераносамі броняў, і на гэты час амаль усіх турыстаў, хто пажадаў, перасадзілі на іншыя рэйсы. Частка кліентаў задэпанавала свае грошы, некаторыя чакаюць выплат. У тых абставінах, што склаліся, турапэратары і „Белавія“ дабавілі рэйсаў, палётную праграму значна пашырылі і ў Турэччыну, і ў Грузію. Попыт у цэлым задаволены», — расказала Лілія Кобзік.

Турэччына: крыху даражэй і даўжэй, чым раней

Пляж на беразе Міжземнага мора ў Турэччыне
Пляж на беразе Міжземнага мора ў Турэччыне

Адзін з самых папулярных даступных кірункаў — Турэччына. Цяпер чартэры ляцяць праз Расею, таму дарога займае крыху больш часу і пералёт стаў даражэйшы прыкладна на 50 даляраў.

Шмат турыстаў, якія зьбіраліся адпачываць у іншых краінах, памянялі свае туры на Турэччыну.

Тур на 10 дзён у пяцізоркавым атэлі «ўсё ўключана» на дваіх абыдзецца прыкладна ў 1300 эўра.

На чэрвень усе туры зарэзэрваваныя, цяпер ідзе рэзэрваваньне на ліпень, на больш далёкую пэрспэктыву замоваў няшмат, паведаміла на сайце toursoyuz.by супрацоўніца «АэраБелСэрвісу» Ірына Крайнева.

Трапіць у Турэччыну можна і самастойна рэйсам Менск — Стамбул (штодня ёсьць рэйсы «Белавія» і Turkish Airlines), а адтуль дабірацца да марскіх курортаў. Пералёт у чэрвені-ліпені абыдзецца прыкладна ад 900 рублёў у два бакі).

Для адпачынку ў Турэччыне беларусам патрэбен ПЦР-тэст, пасьля вяртаньня з адпачынку належыць 10-дзённая самаізаляцыя.

Эгіпэт: чартэры лятаюць і з абласных цэнтраў

На пляжы ў Шарм-эль-Шэйху, архіўнае фота
На пляжы ў Шарм-эль-Шэйху, архіўнае фота

Запатрабаваным кірункам зьяўляецца Эгіпет. Чартэры лятаюць у Хургаду і Шарм-эль-Шэйх, прычым ня толькі зь Менску, але і з абласных цэнтраў. З прычыны падаўжэньня маршруту праз Расею замест Украіны пералёт стаў даражэйшы на 45 даляраў і займае больш часу.

Самыя бюджэтныя варыянты — ад 800 эўра на дваіх. Тур «усё ўключана» з пражываньнем у чатырохзоркавым гатэлі абыдзецца ў 1200-1300 даляраў на дваіх.

Для вылету таксама патрэбен ПЦР-тэст. Візу беларусам робяць па прылёце ў аэрапорце за 25 даляраў.

Грузія: можна арганізаваць адпачынак самастойна

Пляж у Батумі
Пляж у Батумі

Даступныя па цане варыянты адпачынку для беларусаў ёсьць у Грузіі. Дабрацца туды зь Менску нескладана — ёсьць прамыя рэйсы «Белавія» ў Тбілісі і Батумі. Можна паляцець туды самастойна або купіць тур.

Калі купляць бюджэтны тур, можна ўкласьціся прыкладна ў 900-1000 даляраў на дваіх.

Калі ляцець у Батумі самастойна, самы танны квіток, напрыклад на 23 чэрвеня, каштуе 322 рублі.

У Тбілісі таксама можна знайсьці квіткі па 332 рублі, а на жнівень-верасень цэны пачынаюцца ад 271 рубля ў адзін бок.

Віза ў Грузію не патрэбна. Неабходны альбо сьвежы ПЦР-тэст, зроблены не пазьней чым за 72 гадзіны, альбо сэртыфікат аб вакцынацыі.

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты: экзотыка бязь візаў

З пачатку 2021 году беларусы могуць наведваць ААЭ бязь візаў. Краіна нятанная, ды і летам там даволі сьпякотна.

Турфірмы прапануюць туры на дваіх у Дубай ад 800-900 даляраў за 5 начэй. Больш камфортны і паўнавартасны адпачынак на 10 дзён абыдзецца ў 1600-1800 даляраў.

Можна паляцець і самастойна: самыя танныя квіткі туды-назад на чэрвеньскія і ліпеньскія рэйсы можна знайсьці за 1100 рублёў на чалавека.

Чарнагорыя: дабірацца больш за 10 гадзін зь перасадкай у Стамбуле

Меркавалася, што ў курортным сэзоне 2021 году беларусы змогуць адпачываць у Альбаніі і Чарнагорыі.

30 красавіка адбыўся першы чартэрны рэйс у Чарнагорыю, у Тыват. З чэрвеня плянаваліся чартэры зь Менску кожны дзень, бязь візаў, тэстаў і карантыну. Але для беларускіх самалётаў закрылася паветраная прастора Ўкраіны і краінаў Эўразьвязу.

Беларускія турфімы з 16 чэрвеня прапануюць туры ў Чарнагорыю праз Стамбул. Вылеты 3 разы на тыдзень з авіякампаніяй Turkish Airlines. Увесь пералёт будзе доўжыцца звыш 10 гадзін. У Стамбуле давядзецца чакаць рэйсу на чарнагорскую Падгорыцу 6 гадзін.

Да таго ж транфэр з аэрапорту Падгорыцы на курорт зойме больш за паўтары гадзіны (у адрозьненьне ад Тывату, куды ехаць 30 хвілін). Пералёт туды і назад абыдзецца ў 550 эўра на чалавека. Пуцёўка на дваіх са сьняданкам стартуе ад за 1 200 эўра ў даволі сьціплым гатэлі.

Адпачынак у Сочы даражэйшы за турэцкі

Акрамя пералічаных папулярных маршрутаў, прамыя авіяпералёты Беларусь мае з Узбэкістанам, Армэніяй і Расеяй, адзначае рэдактарка сайту Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Лілія Кобзік. Але расейскія чарнаморскія курорты пакуль ня вельмі вабяць беларусаў.

«Турфірмы патроху прапаноўваюць адпачынак на курортах Краснадарскага краю — Сочы, Анапа, Адлер, але пра масавы попыт тут гаварыць нельга, таму што кошт адпачынку, напрыклад, у Сочы вышэйшы за кошт адпачынку ў Турэччыне», — сьцьвярджае экспэртка ў сфэры турызму.

Што да пералётаў зь перасадкамі, праз Стамбул магчымыя шмат якія пералёты, але не сакрэт, што яшчэ не паўсюль, праз каранавірус, беларусы могуць трапіць, працягвае Лілія Кобзік.

«На гэты момант, акрамя Чарнагорыі, ёсьць магчымасьць адпачыць у Грэцыі зь пералётам праз Стамбул. Такія туры, таксама як і пуцёўкі ў Чарнагорыю, прапаноўваюць беларускія турфірмы.

Грэцыя — адна зь нямногіх эўрапейскіх краін, якая адкрыла для беларусаў межы, гэта адбылося 14 траўня. Каб пераадолець мяжу, трэба мець адмоўны ПЦР-тэст альбо даведку аб вакцынацыі (падыходзіць таксама „Спутник V“), альбо тэст на антыцелы», — кажа Кобзік.

А для аматараў экзотыкі ёсьць і прапановы адпачынку на такіх кірунках, як Мальдывы, Сэйшэлы, Танзанія (Занзібар), Кенія, ПАР, Уганда.

«Усе яны на розных умовах адкрытыя для беларускіх грамадзянаў і даступныя са стыкоўкай у Стамбуле.

Ну і ня будзем забывацца на тое, што, акрамя адпачынку на іншаземных курортах, у нас ёсьць Беларусь. Мясцовыя аграсядзібы, гатэлі і санаторыі таксама актыўна рэзэрвуюцца», — сьцьвярджае Лілія Кобзік.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG