Сьвятлана Ціханоўская прыбыла ў Люксэмбург на запрашэньне Жузэпа Бурэля. Размова пойдзе пра санкцыі

Сьвятлана Ціханоўская выступае на канцэрце, прысьвечаным Беларусі, у Празе. 7 чэрвеня 2021
Сьвятлана Ціханоўская выступае на канцэрце, прысьвечаным Беларусі, у Празе. 7 чэрвеня 2021

Заўтра зранку Сьвятлана Ціханоўская выступіць перад міністрамі замежных справаў Эўразьвязу па сытуацыі ў Беларусі і адкажа на пытаньні міністраў.

Пра гэта паведаміў яе дарадца Франак Вячорка.

Паводле Вячоркі, раніцай 21 чэрвеня будзе апублікаваны сьпіс асобаў і фірмаў, якія патрапілі пад санкцыі. Плянуецца таксама, што заўтра на паседжаньні міністры прымуць рашэньне пра прыняцьце сэктаральных санкцыяў.

У сваім выступе, кажа Франак Вячорка, Ціханоўская закране тэму захопу самалёта і выкраданьня Рамана Пратасевіча, закліча не дапусьціць «гандлю» палітвязьнямі, зьверне ўвагу на доказы катаваньняў і суіцыды ў турмах, эскаляцыю рэпрэсіяў супраць журналістаў і закрыцьцё Tut. by.

Плянуецца таксама, што Ціханоўская зь міністрамі абмяркуюць далейшыя крокі ў справе ціску на рэжым, прыцягненьня вінаватых да адказнасьці і дапамогі рэпрэсаваным.

Ціханоўская правядзе сустрэчы з прэм’ерам Люксэмбургу, міністрамі Бэльгіі і Славеніі. Плянуюцца сустрэчы з кіраўніцтвам Эўракамісіі па Усеабдымным пляне дапамогі, які прадугледжвае да 10 мільярдаў эўра для свабоднай Беларусі.

Тым часам рэжысэр Мікалай Халезін са спасылкай на свае крыніцы сьцьвярджае, што 21 чэрвеня аб новым пакеце санкцый па Беларусі могуць абвясьціць і ЗША. Афіцыйна гэтая інфармацыя не пацьвярджалася, але напярэдадні намесьніца дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд заявіла, што Вашынгтон плянуе увесьці новыя санкцыі супраць беларускіх уладаў на наступным тыдні.

​
XS
SM
MD
LG