Кіраўнік вугорскай авіякампаніі Wizz Air скрытыкаваў забарону палётаў над Беларусьсю

У сераду выканаўчы дырэктар Wizz Air Ёжэф Варадзі раскрытыкаваў эўрапейскія ўрады за забарону палётаў над Беларусьсю ў адказ на прымусовую пасадку пасажырскага самалёту, заявіўшы, што такія дзеяньні зрабілі авіяцыю «цацкай палітыкі».

«Я ня думаю, што гэта правільны адказ, — сказаў Ёжэф Варадзі ў інтэрвію агенцтву Reuters падчас прэзэнтацыі вынікаў за мінулы год лоўкостэра Wizz Air. — Ня думаю, што авіяцыя павінна выкарыстоўвацца як сродак палітычных санкцыяў».

Улады, у тым ліку Агенцтва авіяцыйнай бясьпекі Эўрапейскага Зьвязу, параілі не лятаць над Беларусьсю пасьля інцыдэнту 23 траўня, калі рэйс Ryanair Атэны —Вільня быў перанакіраваны ў Менск, а журналіст-дысыдэнт Раман Пратасевіч і яго дзяўчына Соф’я Сапега, якія ляцелі гэтым рэйсам, былі арыштаваныя.

«Не адбылося нічога, што магло б паставіць пад пагрозу бясьпеку палётаў. Я ня думаю, што каму-небудзь была небясьпека хоць на сэкунду, — сказаў Варадзі. — Гэта палітычная мера. Гэта ня мера бясьпекі».

Эўрапейскія авіякампаніі адмянілі рэйсы ў Беларусь і абыходзяць яе паветраную прастору, што прывяло да адмены некаторых рэйсаў Air France і Austrian Airlines ў Маскву, паколькі Расея папярэдзіла аб затрымках у дазволе на альтэрнатыўныя маршруты.

Паводле генэральнага дырэктара Wizz Air, забарона на палёты мала паўплывала на Wizz Air, бо яе рэйсы ў Расею, якія могуць быць закранутыя, цяпер прыпыненыя з прычыны пандэміі COVID-19.

Адпаведны адказ Беларусі залежыць ад палітыкаў, сказаў Варадзі, «але я ня думаю, што яны павінны выкарыстоўваць для гэтага нашу прамысловасьць».

Ён дадаў, што размытыя дыпляматычныя меркаваньні і меркаваньні бясьпекі могуць падарваць глябальную авіяцыйную галіну, якая спрабуе выжыць у пандэміі COVID-19.

«Гэта, пэўна, самы вялікі шок з часоў Другой сусьветнай вайны..., але гэта не павінна станавіцца цацкай для палітыкі».

Дыпляматы Эўразьвязу плянуюць унесьці ў чорны сьпіс беларускую нацыянальную авіякампанію «Белавія», паколькі блёк рыхтуе новыя шырокамаштабныя эканамічныя санкцыі супраць Менску.

Кампанія Wizz Air зь вясны 2020 году выконвала рэйсы Будапэшт — Менск.

​
XS
SM
MD
LG