Дзяржаўная авіякампанія «Белавія», вымушаная закрыць рэйсы ў шэрагу эўрапейскіх кірункаў, разьлічвае ў першую чаргу на свае сілы пры выхадзе з цяперашняй сытуацыі, паведаміў «Ведомостям» прадстаўнік авіяперавозчыка.
«„Белавія“ — адкрытае акцыянэрнае таварыства, таму разьлічвае ў першую чаргу на свае сілы», — адказалі ў кампаніі на пытаньне аб плянах зьвярнуцца да ўраду Беларусі па фінансавую падтрымку.
У авіякампаніі таксама дапусьцілі, што могуць скараціць частку штату, але не на 50%, як пісалі ў прэсе дагэтуль.
«Пра масавыя скарачэньні гаворкі не ідзе. Рашэньні аб пэрсанале могуць быць прынятыя толькі па рэкамэндацыі кіраўнікоў падразьдзяленьняў і толькі з улікам бягучага аб’ёму працы».
На сёньня «Белавія» вымушаная была прыпыніць палёты ў 21 краіну, актуальнымі застаюцца маршруты толькі ў 9 краін — гэта 17 гарадоў/аэрапортаў.
«Што тычыцца асобна Расеі, то ў „даковідны“ час авіякампанія выконвала 140-150 рэйсаў на тыдзень, цяпер — 13. Іншыя статыстычныя дадзеныя ў сувязі з падвышанай занятасьцю ўсіх аддзелаў даць цяжка», — удакладнілі ў «Белавія».
Рэзкія зьмены ў працы нацыянальнага авіяперавозчыка-манапаліста наступілі пасьля скандалу з прымусам да пасадкі пасажырскага самалёта ірляндзкай кампаніі Ryanair, які ляцеў са сталіцы Грэцыі ў сталіцу Літвы. Сярод пасажыраў былі журналіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега, якіх затрымалі і якія цяпер знаходзяцца ў СІЗА КДБ праз крымінальныя абвінавачаньні.
У адказ на дзеяньні афіцыйнага Менску, апэляцыі якога да «ліста ХАМАС» і «просьбаў пілётаў» выявіліся беспадстаўнымі, шэраг краін закрыў паветраную прастору для беларускіх самалётаў і рэкамэндаваў сваім авіякампаніям аблятаць Беларусь. У NATO выказалі здагадку, што Лукашэнка ня мог дзейнічаць без ухваленьня і ўказаньня Масквы.