Кангрэсмэн Майкл Маккол: Згон самалёта Ryanair быў сплянаваны загадзя

Кангрэсмэн-рэспубліканец Майкл Маккол лічыць, што плян экстранай пасадкі ірляндзкага лайнэра ў Менску быў распрацаваны рэжымам Лукашэнкі разам з Крамлём. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію «Голасу Амэрыкі».

Амэрыканскія заканадаўцы ў гэтыя дні актыўна камэнтуюць інцыдэнт з пасажырскім самалётам авіякампаніі Ryanair і тое, якія палітычныя інтрыгі міжнароднага ўзроўню могуць за ім стаяць. Сваю вэрсію падзеяў прапанаваў кангрэсмэн-рэспубліканец, сябра Камітэту замежных спраў Палаты прадстаўнікоў Майкл Маккол.

«Тое, што здарылася з лайнэрам Ryanair, я б кваліфікаваў як згон самалёта, выкананы на дзяржаўным узроўні дыктатарам Лукашэнкам, якога мы афіцыйна не прызнаём. Журналіст на борце быў дысыдэнтам, які выступаў супраць легітымнасьці Лукашэнкі і таму быў для яго пагрозай. Вось чаму яны ўзялі яго пад варту і выставілі яму абвінавачаньні. З маральнага пункту погляду, гэта абуральна».

«Так, мы маглі б увесьці супраць рэжыму Лукашэнкі дадатковыя санкцыі, але ствараецца ўражаньне, што сусьветная супольнасьць пачынае ставіцца да санкцый няўхвальна. Атрымліваецца, праз санкцыі Лукашэнка трымае ў закладніках уласны народ, і гэта цяжка зьмяніць».

Майкл Маккол таксама падкрэсьліў, што Лукашэнку падтрымлівае Крэмль, ролю якога ў гэтай гісторыі яшчэ належыць высьветліць.

«Калі прэзыдэнт Байдэн сустрэнецца на саміце з Пуціным, я ўпэўнены, што адной з тэмаў абмеркаваньня стане падтрымка, якую Пуцін дае Лукашэнку. Інцыдэнт з самалётам быў цалкам сплянаваны загадзя — магчыма, Пуціным і ягонымі спэцслужбамі разам з Лукашэнкам. Пра гэта можа казаць той факт, што на борце самалёта былі супрацоўнікі расейскай выведкі. Думаю, яны былі часткай гэтай апэрацыі. Калі гэта так, то Расея і Пуцін ёсьць саўдзельнікамі згону самалёта» — сказаў Майкл Маккол.

​
XS
SM
MD
LG