Эўразьвяз уводзіць санкцыі да фінансавых апэрацый Беларусі, заявіла Нямеччына

Міністар замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас
Міністар замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас

Нямеччына заявіла ў чацьвер, што прапанаваныя Эўразьвязам эканамічныя санкцыі адносна Беларусі нанясуць шкоду фінансавым апэрацыям краіны, паведамляе выданьне The Economic Times.

«Ясна, што мы ня будзем задаволеныя невялікімі санкцыйнымі крокамі, мы імкнёмся накласьці значныя санкцыі на эканамічную структуру і фінансавыя апэрацыі ў Беларусі», — заявіў журналістам у Лісабоне міністар замежных спраў Нямеччыны Гайка Маас перад сустрэчай міністраў замежных справаў ЭЗ у Лісабоне.

«Мы ўсе працуем над тым, каб санкцыі супраць Беларусі былі ўведзеныя хутка і па-эўрапейску. Размова пойдзе пра людзей, кампаніі і плацяжы. Мы павінны працягваць узмацняць ціск, у якасьці першага сыгналу ў адказ больш за 400 палітычных зьняволеных павінны быць вызваленыя», — напісаў Маас пазьней у Twitter.

У панядзелак, 24 траўня саміт кіраўнікоў урадаў краін Эўразьвязу ў Бруэслі вырашыў увесьці новыя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі і закрыць неба ЭЗ для беларускіх авіякампаніяў.

Гайка Маас выказаў меркаваньне, што ў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі няма будучыні ў Беларусі без падтрымкі Расеі, таму краінам Захаду важна абмяркоўваць сытуацыю ў Беларусі з Масквой. Нямецкі міністар лічыць, што беларуская тэма будзе абмяркоўвацца на саміце прэзыдэнтаў ЗША і РФ Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна ў Жэнэве 16 чэрвеня.

Міністар эканомікі Нямеччыны Петэр Альтмайер заявіў, што неабходна на ўзроўні ЭЗ як мага хутчэй ўхваліць забарону палёты беларускіх авіякампаніяў у эўрапейскія гарады. Шмат краінаў ужо ўвялі гэтую забарону на нацыянальным узроўні, а большасьць эўрапейскіх авіякампаніяў пачалі аблятаць тэрыторыю Беларусі.

Шэраг краін ЭЗ патрабуюць зачыніць таксама наземную камунікацыю з Беларусьсю. Беларуская дэмакратычная лідэрка Святлана Ціханоўская, аднак, заклікала краіны ЭЗ не перашкаджаць выезду людзей з краіны. «У беларусаў больш няма магчымасьці ўцячы з краіны, калі яны хочуць схавацца ад рэжыму» – сказала яна. Пры гэтым яна падтрымала ўзмацненьне жорсткасьці санкцыяў ЭЗ супраць рэжыму Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка напярэдадні заявіў, што калі Байдэн і Пуцін хочуць абмяркоўваць Беларусь, яны могуць прыехаць у Менск. Таксама, паводле яго слоў, расейскі прэзыдэнт «папрасіў прабачэньня» у яго за тое, што абмяркоўваў падзеі ў Беларусі з прэзыдэнтам ЗША па тэлефоне. Прэсавы сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў сказаў, што словы прэзыдэнта Расеі былі «хутчэй фігурай мовы», і іх не варта ўспрымаць «як непасрэдныя прабачэньні».

​
XS
SM
MD
LG