Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя затрыманьні і суды над назіральнікамі і актывістамі за два дні да выбараў. СЬПІС, абнаўляецца

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваюцца затрыманьні актывістаў і назіральнікаў напярэдадні выбараў прэзыдэнта 9 жніўня. Інфармацыя сабраная паводле зьвестак Праваабарончага цэнтру «​Вясна»​ і карэспандэнтаў Свабоды. Абнаўляецца.

Менск і Менскі раён

7 жніўня на 10 сутак адміністрацыйнага арышту асудзілі супрацоўнікаў Палаца дзяцей і моладзі Ўладзіслава Сакалоўскага і Кірыла Галанава, якія ўвечары 6 жніўня ўключылі ў Кіеўскім сквэры, куды плянавала прыйсьці кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская, песьню «Перемен» Віктара Цоя, паднялі ўгару рукі зь белымі стужкамі. Іх учынак людзі сустрэлі авацыямі і воплескамі. Гукарэжысэраў абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадрадкаваньні міліцыі​.

Для адбыцьця адміністрацыйнага арышту 6 жніўня забралі актывістку Вераніку Мішчанку. Як паведамляе Вольга Мікалайчык, яна не вярнулася дадому. У яе 15 «сутак» адміністрацыйнага арышту.

За расклейку ўлетак з заклікам рэгістравацца ў ініцыятыве «Голас» асудзілі на 10 сутак Уладзіслава Селіцкага (суд Маскоўскага раёну Мінска). Затрымалі яго у ноч з 4 на 5 жніўня і склалі пратакол за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП).

У судзе Фрунзэнскага раёну па артыкулах 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаваньне) пакаралі арыштамі трох затрыманых напярэдадні актывістаў:

  • Уладзіслаў Клаўкін — 15 сутак,
  • Сяргей Паканечны —13 сутак,
  • Ягор Віняцкі — 15 сутак. Яго вінавацяць у нецэнзурнай лаянцы.

6 жніўня чатырох назіральнікаў з участку для галасаваньня № 66 у гарадзкім пасёлку Мачулішчы Менскага раёну даставілі ў міліцэйскі пастарунак для тлумачальнай размовы. Міліцыя зрэагавала на выклік дырэктаркі школы, дзе праходзіць галасаваньне. Па словах дырэктаркі, на назіральнікаў паскардзіліся дзеці, якія спалохаліся невядомых людзей і баяліся зайсьці на тэрыторыю школы. Пасьля 3 гадзінаў і 5 хвілінаў назіральнікаў адпусьцілі зь міліцыі без складаньня пратаколу. Як і на многіх іншых участках, незалежным назіральнікам на даюць магчымасьць знаходзіцца ўнутры школы і яны сочаць за яўкай на выбарах на вуліцы.

Акцябрскі, Гомельская вобласьць

Затрыманы відэаблогер youtoube-канала «Рудабельская паказуха» Андрэй Павук. Супрацоўнікі міліцыі складаюць на яго пратакол па арт. 17.1 КаАП («Дробнае хуліганства»).

Баранавічы

5 суткамі адміністрацыйнага арышту пакаралі 7 жніўня Максіма Жураўлёва, які расклейваў улёткі з заклікам зьбірацца 9 жніўня ў 19 гадзін на сваіх выбарчых участках. Асудзілі паводле 1 арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня несанкцыянаванага масавага мерапрыемства).

Берасьце

У Берасьці яшчэ 6 жніўня затрымалі грамадзкіх актывістаў Аляксандра і Дзьмітрыя Казьлянкоў.

Як паведаміў агенцтву праваабаронца Раман Кісьляк, супрацоўнікі міліцыі затрымалі братоў увечары ў іх кватэры. Прычыны затрыманьня пакуль невядомыя, аднак, не выключае праваабаронца, сілавікі пачалі «зачыстку» перад выбарамі і магчымымі акцыямі пратэсту па іх выніках.

Бялынічы

Алега Мяцеліцу, прадпрымальніка і сябра кампаніі «Гавары праўду» зь Бялынічаў, 7 жніўня асудзілі на 10 сутак арышту, паведаміла ў Фэйсбуку Тацяна Караткевіч. Мяцеліцу затрымалі 6 жніўня разам зь некалькімі іншымі людзьмі ў аграсядзібе «Старкі» ў Бялыніцкім раёне. Іншых потым адпусьцілі, а Мяцеліцу абвінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

Віцебск

У Віцебску затрыманая Юлія Ўласенка, дачка актывісткі Алены Янушкоўскай. Яе даставілі ў аддзяленьне міліцыі для складаньня пратаколу за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). На сувязь не выходзіць таксама і сама Алена Янушкоўская. Як паведамляе праваабаронца Ірына Трацьцякова, меркавана, абодвух затрымалі за заклікі ў сацсетках да ўдзелу ў акцыі.

Затрымалі таксама Яўгена Вільскага, якога адправілі адбываць 15-суткавы адміністрацыйны арышт.

Гомель

У Гомлі прайшлі суды над актывістамі, брутальна затрыманымі напярэдадні супрацоўнікамі АМАП. Дзьмітры Івашкоў пры затрыманьні атрымаў траўмы, яму накладалі швы на нагу. Але гэта не перашкодзіла суду даць яму 15 сутак за «непадпарадкаваньне міліцыі».

Аналягічна за «непадпарадкаваньне» асуджаны Андрэй Хільчык, таксама на 15 сутак. Столькі ж атрымаў і назіральнік Уладзімір Няпомняшчых, якога затрымалі ля выбарчага ўчастку.

Вядома, што 15 сутак у Гомлі далі і Аляксандру Лямешку. Нядаўна ён адбыў 10 сутак за ўдзел у акцыі салідарнасьці. 7 жніўня каля 8.30 супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго на выхадзе з дому і даставілі ў Савецкі РАУС для разгляду па падазрэньні ў крадзяжы электрасамаката.

Горадня

У судзе Ленінскага раёна за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» за роварны прабег 14 ліпеня асудзілі Яўгена Пякуцьку — штраф 405 рублёў, і Сяргея Нікуліна — на 5 сутак арышту.

Таксама ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні разглядаюцца справы 13-ці чалавек, якіх вінавацяць у несанкцыянаваным аўтапрабегу 30 ліпеня.

Жлобін

У Жлобіне міліцыя забрала з працоўнага месца – БМЗ, Аляксандра Ярмоленку. Ён быў назіральнікам. Пакуль лёс яго невядомы.

Клецак

Супрацоўнікі Клецкага РАУС затрымалі Ільлю Мікуліча, нібыта за заклікі ў «Аднаклясьніках» удзельнічаць у пікеце Сьвятланы Ціханоўскай.

Ліда

У Лідзе ўвечары 6 жніўня затрымалі Віктара Самахвала. Яго абвінавачваюць у тым, што ён заклікаў да ўдзелу ў аўтапрабегу 28 чэрвеня ў тэлеграме і інстаграме. 52-гадовы мужчына запэўнівае, што далёкі ад інтэрнэту. Супрацоўнікі міліцыі забралі ў яго кампутар, тэлефон і пляншэт.

Ноччу адбыўся ператрус у Дзьмітрыя Сасноўскага. Яго абвінавачваюць у вырабе нейкіх улётак. Падчас ператрусу нічога не знайшлі, але самога Дзьмітрыя затрымалі. Таксама канфіскавалі кампутар і тэлефон. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі не паведамілі, на падставе якога артыкула затрымліваюць Сасноўскага ў 2 гадзіны ночы.

Магілёў

Праваабаронцу «Вясны» і журналіста Аляксандра Буракова-старэйшага асудзілі на 10 сутак арышту.

Бялынічы

У Бялынічах (Магілёўская вобласьць) асудзілі прадпрымальніка і актывіста «Гавары праўду» Алега Мяцеліцу на 10 сутак арышту за ўдзел у мясцовым ланцугу салідарнасьці і непадпарадкаваньне міліцыі.

Мазыр

У Мазыры судзілі Руслана Парфенава і Юрыя Панфіленка. Ім далі па 10 сутак. Артыкул невядомы.

Маладэчна

У Маладэчне затрымалі рэгіянальнага мадэратара «Краіны для жыцьця» Руслана Кісялёва. Таксама затрымалі яшчэ двух мясцовых жыхароў, іх родныя дзяжураць пад мясцовым РАУС. Іх прозьвішчы і Інфармацыя па прычыны затрыманьня высьвятляецца.

Масты і Мастоўскі раён

У Мастах асудзілі за «дробнае хуліганства» на 7 сутак адміністрацыйнага арышту каардынатара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай з Мастоўскага раёну Аляксандра Мілюка, які зьняў правакацыю супраць сябе на відэа.

Жыхара Мастоўскага раёну Дзяніса Белайца затрымалі на працоўным месцы ў аграгарадку Лунна 6 жніўня. Яго абвінавачваюць у непадпарадкаваньні службовай асобе, паведаміла БелаПАН Юлія Карначава, прадстаўніца ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай.

Белаец зьняў 3 ліпеня на відэа правакацыю супраць Аляксандра Мілюка, каардынатара ініцыятыўнай групы Ціханоўскай. Тады невядомы чапляўся да актывіста, калі той вяртаўся дадому зь дзіцём. Цяпер Мілюка судзяць за дробнае хуліганства, Белаец прысутнічаў на судзе як сьведка.

У Мастах, як піша Telegram-канал «Страна для жизни», з дому забралі Ўладзімера Байгота, які спачатку хацеў далучыцца да ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага, затым хадзіў на легальныя мітынгі ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай, пісаў у чаце «Мосты для жизни». Супраць яго «вядзецца адміністрацыйны працэс».

Рагачоў

У Рагачове быў затрыманы актывіст Андрэй Тышкевіч. Суд пакараў яго арыштам тэрмінам на 4 сутак за «непадпарадкаваньне міліцыі».

Салігорск

Ноччу 7 жніўня на працоўным месцы затрыманы валянтэр каманды кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай Віталь Кот. Ён працуе шахтарам 3-га рудаўпраўленьня. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго ў 3 гадзіны ночы, калі ён падняўся з шахты на паверхню. Прычыны затрыманьня пакуль невядомыя.

Стоўпцы

У Стоўпцах 7 жніўня затрымалі кіраўніка выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Сяргея Чэрачня Мікалая Лысянкова. Лысянкоў працаваў назіральнікам на ўчастку па вуліцы Ленінскай, 95 у будынку фізкультурна-аздараўленчага цэнтру. Паводле міліцыянта, адносна Лысянкова вядзецца адміністрацыйны працэс за «парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (арт. 23.34 КаАП).

Пазьней Лысянкова асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Сьветлагорск

У Сьветлагорску завочна судзілі мясцовага актывіста Андрэя Смаленчука: па ч. 1 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у дазволеным агітацыйным пікеце ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай 26 ліпеня. Вынікі суда невядомыя, але актывіст асьцерагацца затрыманьня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG