Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Апраўдаліся каранавірусам і пагражалі міліцыяй». Што кажуць назіральнікі пасьля трох дзён датэрміновага галасаваньня


Датэрміновае галасаванье. Ілюстрацыйнае фота.

Трэці дзень тры незалежныя назіральнікі Кірыл, Ангеліна і Тацяна папераменна дзяжураць каля ўваходу ў менскую СШ № 212, дзе разьмешчаныя выбарчыя ўчасткі № 6 і 7 Фрунзенскага раёну.

Знаходзіцца на ўчастках назіральнікам не дазволілі — сядзяць каля прыступак на санцапёку. Кірыл Смарговіч пералічыў, якія ўжо набраліся заўвагі да правядзеньня датэрміновага галасаваньня.

  • Выніковыя пратаколы паказалі толькі адзін раз, у аўторак, і з таго часу іх ад нас хаваюць. У першы дзень на двух участках прагаласавала, па нашых дадзеных, 105 чалавек, паводле пратаколаў — 159. Учорашнія і сёньняшнія пратаколы нам не паказалі.
  • У адным пратаколе за аўторак, які мы бачылі, зусім не стаяла подпісаў, у другім быў толькі адзін подпіс. Старшыня 6-й участковай камісіі сказала, што гэта няважна, бо копіі. Зьвярнуўся ў гарадзкую выбарчую камісію, каб паправілі становішча і прымусілі вывешваць пратаколы, дык пачуў у адказ, што ня могуць дазваніцца да старшыні ўчастковай камісіі.
  • Скрыняў зь бюлетэнямі так і ня бачылі. У першы дзень нас запрасілі на апячатаньне на 6-м участку, але сама скрыня ўжо была закрытая мехам з тканіны. Магчыма, баяцца, каб не фатаграфавалі скрыню, бо бачны ўзровень бюлетэняў і можна параўнаць здымкі па днях.

У размову ўступае назіральніца Тацяна, якая пажадала не называць свайго прозьвішча.

«Нас назіраць не пусьцілі, нібыта ўжо ёсьць тры назіральнікі ад грамадзян, але мы ведаем гэтых людзей у твар — настаўніцы з гэтай жа 212-й школы. Атрымліваецца, што дырэктар школы ўзначальвае камісію, завуч школы — яе намесьніца, настаўніцы — сябры камісіі, а назіраць за імі прызначылі сваіх калег і падначаленых. Гэта хіба не падазрона?» — заўважае Тацяна і дадае расповед пра выбарніцу, на якую ледзь ня выклікалі міліцыю.

«Кабінкі фактычна адкрытыя, і адна жанчына пачала абурацца, што не забясьпечаная тайна галасаваньня. Апраўдаліся каранавірусам і пачалі пагражаць міліцыяй. Атрымліваецца такое: галасаваньне павінна быць тайным, закрытым, а вось назіраньне — адкрытым, але ў нас усё наадварот», — кажа Тацяна.

Назіральніца Ангеліна Чарнова патлумачыла, што стала назіральніцай таму, што не зарэгістравалі аднаго з прэтэндэнтаў у кандыдаты празь нібыта несапраўдныя подпісы, на скаргі людзей не зьвярнулі ўвагі, а мірных пратэстоўцаў затрымалі.

«Я такі самы грамадзянін, як і вы, дык чаму мой подпіс несапраўдны, а ваш сапраўдны? Правядзіце выбары сумленна, пакажыце, што ён сабраў 50% плюс адзін голас — і ўсё, ніякіх пытаньняў. Але калі робяцца гэтыя перашкоды, калі тут на ўчастку столькі таямніц і забарон, дык адразу ўзьнікае сумнеў у вашай шчырасьці», — мяркуе Ангеліна.

А сёмай гадзіне датэрміновае галасаваньне на ўчастках скончылася, але выніковых пратаколаў назіральнікам зноў не паказалі.

Паводле Кірыла Смарговіча, за 5 жніўня ў СШ 212 прыходзілі 158 чалавек. Колькі зь іх прагаласавалі датэрмінова, яму невядома. 6 жніўня назіральнікі зафіксавалі 150 наведнікаў школы.

«Пратаколу нам зноў не паказалі, а скаргі ў гарадзкую і Фрунзенскую раённую камісіі нічога не далі. Поўны ігнор», — падсумоўвае назіральнік Кірыл Смарговіч.

Затрыманьні назіральнікаў па ўсёй краіне

Паводле праваабаронцы «Вясны», удзельніка кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімера Лабковіча, цягам трэцяга дня датэрміновага галасаваньня сябры выбарчых камісій працягвалі выклікаць на ўчасткі міліцыянтаў, каб пазбавіцца ад незалежных назіральнікаў. Некаторых затрыманых назіральнікаў асудзілі, паведаміў праваабаронца і назваў прозьвішчы затрыманых і ўжо пакараных калег:

  • Ільля Разбойнікаў, які назіраў за галасаваньнем на 47 участку Першамайскага раёну Менску;
  • Віталь Трыгубаў, назіральнік з 29 участку Савецкага раёну. Сёньня яго арыштавалі на 10 сутак;
  • Павал Кандзееў, які назіраў за выбарамі на 46 участку Кастрычніцкага раёну;
  • Андрэй Хаўтаровіч, назіральнік 5 участку Цэнтральнага раёну.
  • Праваабаронцам пакуль невядомы вынік суду над назіральнікам з 88-га ўчастку Менскага раёну Яўгенам Каваротным.
  • Пакуль невядома, чым скончылася затрыманьне Генадзя Германовіча, які маніторыў сытуацыю з выбарамі на 42-м участку Кастрычніцкага раёну Менску.
  • Затрыманыя на 66 участку ў пасёлку Мачулішчы пад Менскам Аляксей Скрабнёў, Кацярына Бардашова, Аліка Духноўская і Ігар Іваноў.

Цягам дня новыя затрыманьні назіральнікаў і суды над раней затрыманымі назіральнікамі адбыліся ў Слоніме, Дзятлаве, Смаргонях, Полацку, Бабруйску, Гомлі, Сьмілавічах і Ўзьдзе, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG