Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнікалі, траплялі за краты, зьяжджалі з краіны. Што стала зь бізнэсоўцамі, якія выступілі супраць Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка

За 26 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі некаторыя прадстаўнікі сярэдняга і буйнога бізнэсу адкрыта выступалі супраць яго і сыходзілі ў апазыцыю. Свабода прыгадала, як гэта было і што зь імі стала.

1994. Вывад актываў «Пушэ»

Аляксандар Пупейка, адзін з самых буйных беларускіх бізнэсоўцаў 1990-х, адчуў праблемы зь бізнэсам пасьля зьмены ўлады ў 1994 годзе. Сфэра ягоных інтарэсаў была шырокая — ад бухгальтарскіх праграм да рээкспарту аўтамабіляў і будаўніцтва. Аляксандар Пупейка ў адным з інтэрвію прызнаваўся, што яму прапаноўвалі фінансаваць перадвыбарчую кампанію Лукашэнкі ў 1994 годзе. Бізнэсовец адмовіўся.

У 1996 годзе «Пушэ» Аляксандра Пупейкі пачала вывад актываў за мяжу, а сам бізнэсовец зьехаў у Нямеччыну. У 1997 годзе супраць яго завялі крымінальную справу ў Беларусі, яго вінавацілі ў выманьваньні крэдытаў у «Белаграпрамбанку». Каля году беларускія ўлады спрабавалі дамагчыся экстрадыцыі Пупейкі, але польскія ўлады далі яму статус уцекача.

Імя Аляксандра Пупейкі значылася ў сьпісе Інтэрполу на запыт беларускага боку каля 20 гадоў, але пасьля зьнікла са сьпісу. Бізнэсовец жыве ў Нямеччыне, дзе працягвае займацца бізнэсам.

1999 год. Зьнікненьне Анатоля Красоўскага

Анатоль Красоўскі, архіўнае фота
Анатоль Красоўскі, архіўнае фота

У 1999 годзе ў Беларусі разгарэўся востры палітычны крызіс. Пасьля рэфэрэндуму 1996 году, вынікі якога дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня не прызналі, беларуская апазыцыя зьбіралася правесьці альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары ў 1999 годзе. Адным з ініцыятараў гэтага быў былы кіраўнік Цэнтравыбаркаму Віктар Ганчар. Яго адкрыта падтрымліваў бізнэсовец і блізкі сябра Анатоль Красоўскі.

Пэдагог, кандыдат філязофскіх навук Анатоль Красоўскі ў 1990-я быў буйным бізнэсоўцам, выдаваў часопісы «Я+Я», «Ідэал» ды іншыя. Красоўскі актыўна дапамагаў дзіцячым фондам, падтрымліваў дзеячоў культуры і мастацтва. У жніўні 1999 году Красоўскага арыштавалі, але неўзабаве ён выйшаў на волю.

16 верасьня 1999 году Анатоль Красоўскі зьнік разам са сваім сябрам Віктарам Ганчаром. Апошні раз сяброў бачылі, калі яны сядалі ў машыну Красоўскага, выйшаўшы з лазьні позна ўвечары. За 26 гадоў афіцыйныя органы сьледзтва так і не раскрылі справу зьніклых палітыкаў.

1997–2001. Арышт і эміграцыя Ўладзімера Кудзінава

Ўладзімер Кудзінаў. Севастопаль, 2019 год
Ўладзімер Кудзінаў. Севастопаль, 2019 год

Уладзімер Кудзінаў — пасьпяховы бізнэсовец 1990-х, займаўся перапрацоўкай і перавозкай мяса і мясных прадуктаў, быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. У 1996 годзе Кудзінаў паставіў подпіс за імпічмэнт Лукашэнку, у 1997-м яго арыштавалі. Кудзінава асудзілі на 7 гадоў па абвінавачаньні ў даваньні хабару, на волю ён выйшаў толькі ў 2001-м і зьехаў з краіны.

Цяпер Кудзінаў жыве ў Крыме і працягвае там займацца бізнэсам. Ад беларускага грамадзянства не адмовіўся.

1999–2008. Тры тэрміны Андрэя Клімава

У 1990-х Андрэй Клімаў уваходзіў у пяцёрку самых вядомых прадпрымальнікаў Беларусі. Ён узначальваў акцыянэрнае таварыства «Клімаў і Ко», якое займалася будаўніцтвам, яго абралі дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.

Андрэй Клімаў
Андрэй Клімаў

Андрэй Клімаў актыўна выступаў за зьмену ўлады ў Беларусі і за імпічмэнт Лукашэнку. У 1996 годзе супраць кампаніі Клімава ініцыявалі масавыя праверкі МУС, КДБ і іншыя сілавыя структуры. Супраць Клімава распачалі шэраг крымінальных спраў. У 1999 годзе яго моцна зьбілі пры затрыманьні, лекары дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму і траўму жывата.

Першы раз Клімава асудзілі ў сакавіку 2000 году, суд даў яму 6 гадоў зьняволеньня. Праз два гады Андрэй Клімаў выйшаў на волю ўмоўна-датэрмінова.

У 2005 годзе пасьля Памаранчавай рэвалюцыі ва Ўкраіне Клімаў ініцыяваў акцыю пратэсту на Дзень Волі 25 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы, яго зноў затрымалі і далі тэрмін адзін год і шэсьць месяцаў. Клімаў выйшаў на волю ў сьнежні 2006 году.

Трэці раз Клімава арыштавалі ў 2007 годзе за артыкул, у якім улады ўбачылі «заклікі да зьвяржэньня існуючай улады», яму прысудзілі два гады ў калёніі строгага рэжыму. На волю Клімаў выйшаў толькі ў 2008 годзе. Цяпер актыўна не займаецца ні палітыкай, ні бізнэсам.

2006–2014. Разгром бізнэсу Мікалая Аўтуховіча

Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота
Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота

Вэтэран аўганскай вайны і стваральнік пасьпяховага таксапарку ў родным Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч адкрыта выступаў супраць Лукашэнкі, у 2004 годзе вылучыў сваю кандыдатуру на парлямэнцкіх выбарах. Пасьля гэтага ягоную фірму пачалі актыўна правяраць, а ў 2006 годзе завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў.

Сьпярша Аўтуховічу прысудзілі 3,5 года пазбаўленьня волі. На свабоду ён выйшаў толькі ў канцы 2008 году. Бізнэс разгромлены, а па пастанове суду Аўтуховіч яшчэ і застаўся вінен дзяржаве. Але на свабодзе бізнэсовец прабыў нядоўга. Яго зноў арыштавалі ў 2009-м ужо за незаконнае захоўваньне патронаў. У Аўтуховіча была зарэгістраваная зброя, і пры першым ператрусе не знайшлі 5 патронаў, але знайшлі пры другім. Аўтуховічу далі па году за кожны патрон, за кратамі ён адседзеў 8,5 года. Цяпер Мікалай Аўтуховіч бізнэсам не займаецца.

2010–2011. Дзьмітры Вус і яго тыпаграфія

Дзьмітры Вус, архіўнае фота
Дзьмітры Вус, архіўнае фота

У 1992 годзе Дзьмітры Вус заснаваў выдавецтва «Трывіюм» са спэцыялізацыяй на друку мапаў і атлясаў. У 1999–2003 Вус быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў, пасьля зноў спрабаваў балятавацца, але яго не зарэгістравалі.

У 2010 годзе Дзьмітры Вус быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты, праводзіў сваю кампанію сумесна зь Мікалаем Статкевічам. Пасьля выбараў 24 сакавіка ў офіс фірмы Вуса прыйшлі зь ператрусам супрацоўнікі КДБ. У 2011 годзе Дзьмітрыя Вуса асудзілі на 5,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, у кастрычніку 2011 году ён выйшаў на волю пасьля памілаваньня. Палітыкай актыўна цяпер не займаецца, тыпаграфія ягоная працуе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG