Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымская зона. Як беларускі прадпрымальнік жыве ва ўмовах антырасейскіх санкцый


Уладзімер Кудзінаў дома ў Севастопалі

Свабода працягвае цыкль публікацый пра сытуацыю ў анэксаваным Крыме. За што кідаюць у турмы апанэнтаў крамлёўскага рэжыму? Пра што пішуць манапалізаваныя СМІ? Куды падзецца ўкраінскім вернікам, пазбаўленым царквы? Ці паўплывалі міжнародныя санкцыі на побыт крымскіх жыхароў? Мы некалькі дзён прабылі на паўвостраве і распавядаем, што там пабачылі.

Пасьля расейскай анэксіі Крыму і ўводу санкцый супраць Расеі паўвостраў пакінулі міжнародныя прамысловыя і фінансавыя кампаніі, замежныя банкі, нават сеткі фаст-фудаў. Цяпер амаль увесь бізнэс тут расейскі, хіба Беларусь ужо традыцыйна сьпяшаецца скарыстацца праблемамі саюзьніка — пастаўляе прамысловыя тавары, прадукты харчаваньня, напаўлегітымных турыстаў. Пацьверджаньнем таму — крамы трыкатажу, каўбасаў, сыроў і г.д.

Беларуская экспансія ў Сымфэропалі
Беларуская экспансія ў Сымфэропалі

Пераяжджаў ва Ўкраіну, апынуўся пад анэксіяй

У прэстыжным раёне Севастопалю жыве бізнэсовец, колішні дэпутат парлямэнту, сам родам са Случчыны — Уладзімер Кудзінаў. Хутка 20 гадоў, як ён вымушана пераехаў ва Ўкраіну, летась адзначыў 60-годзьдзе.

У 1990-х Кудзінаў быў вядомай асобай у беларускай публічнай прасторы. Ён адзін з герояў кнігі «Адзін дзень палітвязьня» сэрыі «Бібліятэка Свабоды». У 1992 годзе стварыў у Івацэвічах гандлёва-прамысловае прадпрыемства, якое спэцыялізавалася на вырошчваньні буйной рагатай жывёлы і перапрацоўцы мясных вырабаў. Забясьпечыў працай тры сотні чалавек. Быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, супрацоўнічаў з «Грамадзянскім дзеяньнем».

Прадпрымальнік Уладзімер Кудзінаў
Прадпрымальнік Уладзімер Кудзінаў

У лістападзе 1996-га стаў адным з ініцыятараў імпічмэнту прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Яго «настойліва прасілі» адклікаць подпіс, ён адмовіўся. А пасьля, бяз санкцыі калег-парлямэнтароў на судовы перасьлед, абвінавацілі ў эканамічных злачынствах. Кудзінаў быў асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Сьледам такі самы лёс напаткаў іншага агітатара за імпічмэнт, бізнэсоўца Андрэя Клімава.

У 2001 годзе справу Кудзінава перагледзелі: пакараньне зьнізілі да 5 гадоў, з улікам амністыі і ўжо адбытага тэрміну ён выйшаў на волю. У той жа год зь сямʼёй пераехаў да сваякоў у Севастопаль, дзе неўзабаве распачаў новую справу — адкрыў пад Эўпаторыяй дзьве птушкафабрыкі.

Лёзунгі «Рускага адзінства» зьявіліся ў Крыме задоўга да анэксіі
Лёзунгі «Рускага адзінства» зьявіліся ў Крыме задоўга да анэксіі

Цяпер Кудзінаў — генэральны дырэктар буйной аптовай кампаніі, якая пастаўляе мясныя субпрадукты з Расеі і Беларусі. Захоўвае беларускае грамадзянства: у Расеі ў яго від на жыхарства, да таго быў такі ж ва Ўкраіне. Адзінае, удакладняе суразмоўца, — калі раней такі дакумэнт даваўся пажыцьцёва, то цяпер пераглядаецца кожныя 5 гадоў. Беларускае грамадзянства захоўвае перадусім дзеля таго, каб у выпадку палітычных зьменаў вярнуцца на радзіму.

«Так, давялося рабіць выбар, — працягвае ён. — Бо калі ты грамадзянін нейкай дзяржавы і маеш від на жыхарства ва Ўкраіне, то ва ўмовах расейскай адміністрацыі гэты статус стаў папросту несапраўдным. Едзь тады на мацярык у Адэсу ці Мікалаеў, там жыві са сваім „відам“. А каб быць рэзыдэнтам і для падаткаабкладаньня, і наогул усёй бізнэс-дзейнасьці, трэба мець від на жыхарства ў Расейскай Фэдэрацыі».

Штаб Чарнаморскага флёту Расеі ў Севастопалі, архіўнае фота
Штаб Чарнаморскага флёту Расеі ў Севастопалі, архіўнае фота

Як у Крым трапляе беларуская прадукцыя

Уладзімер Кудзінаў кажа, што антыдэмакратычны разварот ва Ўкраіне і ў Крыме пачаўся разам з прэзыдэнцкай кадэнцыяй Віктара Януковіча. Тады пачалі ўмацоўвацца пазыцыі расейскіх вайскоўцаў у Севастопалі, легалізоўваліся пракрамлёўскія сілы, а дзяржаўныя актывы пераходзілі данецкім дзялкам. Усё гэта, на яго меркаваньне, спрыяла дэўкраінізацыі.

«Многія праблемы ва Ўкраіне ўзьніклі разам з прыходам да ўлады Віктара Януковіча — усюды данецкія, усюды мафія. Гэта пры прэзыдэнце Віктару Юшчанку, Юліі Цімашэнцы ў рангу прэмʼер-міністаркі адчувалася разьвіцьцё, рух наперад. А каманда Януковіча была заклапочаная толькі расьпілоўваньнем бюджэту. Думаю, менавіта маральная і фізычная дэградацыя ўлады ўрэшце прывяла да Майдану», — кажа ён.

Уладзімер Кудзінаў на працоўным месцы
Уладзімер Кудзінаў на працоўным месцы

Прыкладна ў той жа час структуру ўласнага бізнэсу вымушаны быў перагледзець і беларускі бізнэсовец, зьмяніўшы свой статус з уласьніка на найманага адміністратара.

«Былі на тое свае прычыны, але гэта не самамэта — каб абавязкова свая справа, — тлумачыць ён. — Можна нармальна прадаць веды і досьвед іншаму працадаўцу. Што я і зрабіў. Нічога страшнага: нешта прыходзіць, нешта мінае. Ня бачу праблемаў, што раней быў уласьнікам, а цяпер найманым мэнэджэрам. Прынамсі, меней нэрваў, перажываньняў. Сельская гаспадарка — наогул рэч складаная, выгадней займацца перапрацоўваньнем».

Беларускі сьлед у Сымфэропалі
Беларускі сьлед у Сымфэропалі

Партнэры фірмы Кудзінава — расейскія прадпрыемствы, якія займаюцца перапрацоўваньнем мяса. У Севастопалі ёсьць склады і халадзільныя камэры, дзе захоўваецца ялавічына, сьвініна, птушка. Нядаўна асартымэнт пашырыўся дзякуючы беларусам — пачаліся адгрузкі з Пастаўскага мясакамбінату. Пакуль гэта вытворныя буйной рагатай жывёлы, таму што беларуская сьвініна даражэйшая за расейскую — да таго ж, у Расеі перавытворчасьць сьвініны.

«Натуральна, узьнікае праблема санкцый, — апярэджвае пытаньне бізнэсовец. — Але справа ў тым, што мы не працуем зь беларускімі вытворцамі наўпрост — афіцыйна Менск не прызнаў ні Крым, ні Абхазію, ні Паўднёвую Асэтыю. Але ў нас ёсьць філіялы на мацерыковай частцы: купілі і нам перапрадалі зь мінімальнай нацэнкай. Зрэшты, па такой жа схеме сюды паступае і ўся іншая беларуская прадукцыя».

Паліца «Бульбаша» ў крымскай краме
Паліца «Бульбаша» ў крымскай краме

Адпачынак у Эгіпце таньнейшы за крымскі

Сярод асноўных заказчыкаў кампаніі Кудзінава — буйныя аздараўленчыя ўстановы паўвыспы: санаторыі, прафілякторыі, курортныя цэнтры. Насуперак чаканьням, абʼёмы паставак падаюць: адпачываць у Крыме робіцца ўсё даражэй, турысты мусяць эканоміць.

«Калі параўнаць зь мінулым годам, санаторна-курортны пэрыяд спазьняецца на месяц. Па-першае, надворʼе — позна прыйшла вясна, графік заездаў зрушыўся. Па-другое, у Расеі падае матэрыяльны ўзровень насельніцтва. Людзі ўжо ня могуць траціць шмат грошай, як некалі. Па-трэцяе, адпачынак у Эгіпце ці Турэччыне ўжо таньнейшы, чым тут. І хоць статыстыка кажа, што ў чэрвені прыехала нават больш, чым летась, калі глядзець на пакупніцкую здольнасьць, гэтага не адчуваецца».

Патасная Ялта
Патасная Ялта

Бізнэсмэн кажа, што, паводле ягоных назіраньняў, колькасьць беларусаў у Крыме зьменшылася ў разы. Калі перад анэксіяй ледзь ня кожны дзясяты аўтамабіль у Севастопалі быў зь беларускімі нумарамі, то ад пачатку сэзону на вочы трапілася ўсяго некалькі машын зь менскай і абласной рэгістрацыяй. Часам нерасейскіх турыстаў чакаюць непрыемныя сюрпрызы.

«Калі ў вас, напрыклад, картка расейскага „Сбербанка“ ці ВТБ-банка, то можна зьняць грошы ў банкамаце, — папярэджвае Кудзінаў. — Але карткі, выдадзеныя за мяжой, будуць заблякаваныя. Адпаведна, трэба мець у запасе наяўныя. Зноў жа, калі ваш тэлефон зарэгістраваны, умоўна кажучы, у Польшчы, то на роўмінг можна нават не разьлічваць. Дый нават беларускі — толькі на тэрыторыі Ўкраіны, за пераходам сыгнал зьнікае».

Палічым плюсы і мінусы

Прашу Ўладзімера Кудзінава назваць па тры станоўчыя і адмоўныя рысы існаваньня пры розных палітычных сыстэмах — украінскай і расейскай. Вось субʼектыўны погляд бізнэсоўца.

Плюсы Ўкраіны:

  • Свабода слова і мірных сходаў
  • Нізкія цэны ў крамах і на паслугі
  • Якасныя прадукты харчаваньня

Мінусы Ўкраіны

  • Слабая сацыяльная дапамога
  • Дрэнная інфраструктура, у прыватнасьці дарогі
  • Карумпаванасьць на ўсіх узроўнях
Уладзімер Кудзінаў на тэрасе свайго дому
Уладзімер Кудзінаў на тэрасе свайго дому

Плюсы Расеі

  • Аднаўленьне дарог, будаваньне мастоў і жыльля
  • Упарадкаваньне падатковага заканадаўства
  • Прыток буйнога капіталу з Расеі

Мінусы Расеі

  • Парушэньне дамоўленасьцяў аб тэрытарыяльнай цэласнасьці
  • Давядзеньне паўвострава да міжнародных санкцый
  • Нізкі ўзровень аплаты працы, мізэрныя пэнсіі і дапамогі
Фрагмэнт ханскага палаца ў Бахчысараі, архіўнае фота
Фрагмэнт ханскага палаца ў Бахчысараі, архіўнае фота

«Многія ў Крыме стараюцца ня ўлазіць у палітыку — гэткая а-ля беларуская інэртнасьць, — кажа Кудзінаў. — Прынамсі, ня бачыў ніводнай акцыі ў Севастопалі пасьля ўзьняцьця расейскіх сьцягоў. Калі хто і выказваецца, то, як за савецкім часам, на кухні. Я займаюся бізнэсам, не грамадзкай дзейнасьцю, але калі чалавек абмяжоўваецца ў правах, трэба іх адстойваць. Так, аднаму цяжка, трэба далучаць арганізацыі, аказваць прававую дапамогу. Я адседзеў у турме 4 гады, і маёй сямʼі дапамагалі маральна і фінансава, за што вельмі ўдзячны».

Сыбір мяняюць на цёплае мора

Узорам салідарнасьці бізнэсовец лічыць крымска-татарскае насельніцтва паўвострава. Шмат якія семʼі засталіся абезгалоўленыя ў выніку перасьледу па тэрарыстычных і экстрэмісцкіх артыкулах, але сам-насам са сваімі бедамі ня кінутыя.

Палацык «Ластаўчына гняздо» стаў сымбалем Паўднёвага Крыму, архіўнае фота
Палацык «Ластаўчына гняздо» стаў сымбалем Паўднёвага Крыму, архіўнае фота

«Думаю, на судзьдзяў у той ці іншай ступені чыніцца адміністрацыйны прэсінг з боку ФСБ. Асабліва калі гаворка пра тых, хто спачатку служыў Украіне, а цяпер Расеі — здрадзіў аднойчы, зробіць гэта зноў. Значыць, таксама не зусім абʼектыўны падыход, асабліва што тычыцца крымскіх татараў. У іх надзвычай зьяднаная супольнасьць, пры жаданьні могуць і сотняй тысяч рушыць на Сымфэропаль. Таму іх і пабойваюцца. Фактычна гэта адна нацыя, якая ў Крыме яшчэ змагаецца за свае правы», — кажа Ўладзімер Кудзінаў.

Ён назірае, як усё больш людзей з мацерыка Расеі пераяжджаюць у Крым — адчуваньне, што Севастопаль разросься ледзь не ўдвая. Прынамсі, для перасяленцаў вакол гораду ўзьніклі новыя мікрараёны.

«Думаю, 150–200 тысяч чалавек даў Данецк-Луганск, яшчэ тысяч 200 прыехалі з мацерыковай часткі Расеі, — дапускае ён. — Шмат сустракаем сыбіракоў, а таксама з Далёкага Ўсходу, Сахаліну. Не параўнаеш жа зіму ў Хабараўску і ў Ялце, ізаляцыю на сотні кілямэтраў ды бездарожжа? Там заўсёды былі нядрэнныя заробкі, паступова назапашвалі. Цяпер вось прыяжджаюць і набываюць жыльлё. Плюс дзейнічае ільготны пэрыяд выхаду на пэнсію, таму асядаюць і спакойна жывуць».

Прэтэндэнт на дэпартамэнт выкананьня пакараньняў

Уладзімер Кудзінаў міжволі параўноўвае сытуацыю ў Крыме і Беларусі: за мірным фасадам адбываюцца рэчы, якія ўлады намагаюцца не афішаваць. Пры гэтым кажа, што магчымасьці вярнуцца на радзіму зусім не адкідае.

Уладзімер Кудзінаў
Уладзімер Кудзінаў

«Я ня маю ўладных амбіцый — пагадзіўся б на пасаду начальніка дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, — сьмяецца былы палітвязень. — Пабыў з абодвух бакоў, думаю, абʼектыўна ставіўся б да людзей, якія пераступілі закон. Або іх проста падставілі, падвялі пад артыкул. Паступова Беларусь робіцца краінай, у якой адны сядзяць, а другія ахоўваюць. Не сумняюся: калі здарацца палітычныя зьмены, вернуцца многія былыя сядзельцы. Майсей колькі, 40 гадоў супляменьнікаў за сабой вадзіў? Ну, а Рыгоравіч пакуль 25. Яшчэ 15 засталося, ня так і шмат».

​Рэфэрэндум аб статусе Крыму адбыўся 16 сакавіка 2014 году. Усясьветная супольнасьць акт анэксіі не прызнала. Расея і яе ключавыя асобы абкладзеныя санкцыямі, падтрыманымі Ўкраінай, ЗША, дзяржавамі Эўразьвязу. Паводле Bloomberg, за 5 гадоў пасьля агрэсіі расейская эканоміка страціла больш за 150 мільярдаў даляраў. Мільёнаў турыстаў не далічыўся і сам Крым.

Расея рэгулярна блякуе рэзалюцыі ААН па Крыме. Яе падтрымлівае Беларусь, хоць ад прызнаньня вынікаў рэфэрэндуму афіцыйны Менск і ўстрымаўся. Пры гэтым беларускі МЗС папярэдзіў пра наступствы ад наведваньня Крыму праз Расею, бо ва Ўкраіне гэта расцэньваецца як незаконны візыт на часова акупаваную тэрыторыю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG