Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымская зона. Хто адпачывае на пляжах і ў санаторыях анэксаванага паўвострава


Пляж у Севастопалі

Свабода распачынае цыкль публікацый пра сытуацыю ў анэксаваным Крыме. За што кідаюць у турмы апанэнтаў крамлёўскага рэжыму? Пра што пішуць манапалізаваныя СМІ? Куды падзецца ўкраінскім вернікам, пазбаўленым царквы? Ці паўплывалі міжнародныя санкцыі на побыт крымчукоў? Мы некалькі дзён прабылі на паўвостраве і расказваем, што там убачылі.

Выспа бяз шанцаў: мінус паўмільёна беларусаў

Для некалькіх пакаленьняў беларусаў Крым заставаўся самым жаданым і прыцягальным месцам адпачынку. За савецкім часам сюды скіроўвалася партыйная эліта, творчая інтэлігенцыя, эшалёны рабочых і калгасьнікаў, а таксама нефармальная моладзь. З атрыманьнем незалежнасьці трапіць на паўвостраў стала яшчэ прасьцей — практычна ў кожнай сям’і зьявіўся ўласны аўтамабіль, ужо ня трэба было прывязвацца да графіку перапоўненых цягнікоў. Штогод Крым наведвалі ў сярэднім блізу паўмільёна грамадзянаў Беларусі.

Курортная Алушта
Курортная Алушта

Усё перакрэсьліла расейская анэксія. У першыя гады санаторыі пуставалі, а некалі шматлюдныя пляжы ажыўлялі хіба мясцовыя жыхары. Асобныя здраўніцы збанкрутавалі і стаяць закінутыя. Украіна спыніла аўтамабільны і чыгуначны транзыт. Нават дазвол Службы міграцыйнай палітыкі не прадугледжвае турыстычных мэтаў. Авіязносін таксама няма — Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) забараніла перавозчыкам лятаць у Крым. Аб’езд праз Расею вымагае некалькі сутак і аўтаматычна заносіць у шэраг правапарушальнікаў тых, хто ігнаруе ўкраінскія законы. Каб пры падобнай лягістыцы і разуменьні рызыкі настойліва прабівацца ў Крым, трэба быць ягоным вялікім фанатам.

Нягледзячы на рэкамэндацыі МЗС Беларусі наконт наступстваў візытаў у Крым праз тэрыторыю Расеі, беларускія турфірмы зноў пачалі рэклямаваць гэты кірунак, пераконваючы кліентаў, што сытуацыя стабілізавалася і турбавацца няма прычын. Пра тое, што ў ахвотнікаў узьнікнуць праблемы пры наведваньні Ўкраіны, часьцяком проста не папярэджваюць. Актыўнасьць узрасла пасьля ўводу моста праз Керчанскую пратоку, які замяніў паромную пераправу са шматгадзіннымі чэргамі.

Закінуты корпус санаторыя ў Алушце
Закінуты корпус санаторыя ў Алушце

Як паведамілі беларускім журналістам у Міністэрстве курортаў і турызму далучанай да Расеі «Рэспублікі Крым», летась паўвостраў наведалі блізу 100 тысяч беларусаў. Хтосьці лячыўся па пуцёўках у санаторыі «Белоруссия» ў Місхоры, які належыць Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта Беларусі, нехта здымаў нумары ў гатэлях ці прыватнае жыльлё.

Спраўдзіць гэтую лічбу досыць складана: практычна ўсе заяжджаюць праз Расею, а перамяшчэньні ў рамках так званай «саюзнай дзяржавы» не адсочваюцца. Візуальныя назіраньні таксама не далі пэўнасьці: за некалькі дзён на вочы трапіліся літаральна пара-тройка машын з нумарамі трэцяга і пятага рэгіёнаў (Гомельская і Менская абласная рэгістрацыя адпаведна).

Прапанова жыльля ў прыватным сэктары
Прапанова жыльля ў прыватным сэктары

Вылучыць суайчыньнікаў на пляжы яшчэ складаней: іхны голас губляецца ў расейскамоўным гомане. Натрапіць на землякоў удалося у адным з санаторыяў: дзьве дзяўчынкі-старшаклясьніцы зь Менску займаюцца ў моўным кэмпе, вывучаюць ангельскую і францускую мовы. Прыляцелі самастойна: спачатку самалётам да Масквы, адтуль у Сімферопаль і аўтобусам да Алушты. Адукацыйную праграму знайшлі бацькі, якія ў свой час рэгулярна адпачывалі ў Крыме, а цяпер перадаюць эстафэту дзецям — самі ж пасьля 2014 году пераарыентаваліся на Турэччыну ды Эгіпет.

Калгасная спадчына: эшалёны перадавікоў

Віталь Бартохаў амаль 30 гадоў працуе ў сфэры санаторнага аздараўленьня ў Алушце. Цяпер гэта курортны комплекс Golden, а 60 гадоў таму закладаўся як Дом адпачынку савецкіх калгасьнікаў «Залаты колас».

Віталь Бартохаў на тэрыторыі комплексу Golden
Віталь Бартохаў на тэрыторыі комплексу Golden

Сам ён з Гомельшчыны — нарадзіўся ў вёсцы Струкі Буда-Кашалёўскага раёну, закончыў рэжысэрскае аддзяленьне Менскага інстытуту культуры. Пачынаў загадчыкам клюбу ў роднай вёсцы, а ў пачатку 1980-х зь сямейных прычынаў зьмяніў Беларусь на поўдзень. Спачатку быў дырэктарам алушцінскага Дому культуры, а пасьля самадзейнага артыста «завабілі» ў санаторый, дзе і працуе апошнія 28 гадоў, арганізуючы вольны час пастаяльцаў, ладзячы экскурсіі па знакавых мясьцінах, у тым ліку беларускіх.

За свае высілкі атрымаў званьне Заслужанага работніка культуры Крыму, ляўрэата творчых конкурсаў як на мацерыковай частцы Ўкраіны, так і на паўвостраве. А яшчэ ён руплівец беларускай справы: заснавальнік і кіраўнік нацыянальнай грамады «Сябрына», якая сёлета адзначыла сваё 20-годзьдзе, прапагандыст і захавальнік спадчыны паэта Максіма Багдановіча, пахаванага па суседзтве ў Ялце. Выношвае ідэю паставіць помнік Адаму Міцкевічу, які прысьвяціў Алушце цэлую нізку санэтаў.

Экскурсія для падлеткаў па Алушце
Экскурсія для падлеткаў па Алушце

Віталь Мікалаевіч прыгадвае, як за савецкім часам сюды дастаўлялі цэлыя спэццягнікі перадавікоў вытворчасьці. Аднак сёньня беларусы ў здраўніцы рэдкасьць.

«Летась адзначалі 60 гадоў нашага санаторыя, — кажа ён. — Спачатку называўся „Калгасьнік“, ад 1976 году — „Залаты колас“, а на 55-ю гадавіну перайменавалі ў Golden. Цяпер ён прыватны. Зразумела, за 28 гадоў працы я ўсяго пабачыў. Застаў яшчэ, калі прыяжджалі калгасьнікі з гармонікамі, гучалі песьні — беларускія, украінскія, расейскія. Нават былі адмысловыя заезды зь Беларусі — прычым ня толькі дарослыя, а і дзіцячыя групы. Вядома, цяпер гэтага няма: едуць пераважна з Расеі, з усіх яе куткоў».

Адпачынак у Севастопалі
Адпачынак у Севастопалі

Беларускі інтарэс: дорага і адны расейцы

Суразмоўца расказвае, што адміністрацыя аздараўленчай установы, пакуль тая яшчэ была ў дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны, некалькі разоў выпраўляла яго ў Беларусь на пошукі карпаратыўных кліентаў. Але ў Менску былі заклапочаныя толькі адным — як напоўніць свае ўстановы.

«Езьдзіў у Міністэрства аховы здароўя, каб актывізаваць сувязі, — працягвае ён. — Але мне далі зразумець, што стаіць задача запоўніць ведамасныя здраўніцы, а ўжо потым усё іншае. Гэта Львоўшчына, дзе лечаць страўнікава-кішачны тракт, санаторыі ў Місхоры, Краснадарскім краі, Прыбалтыцы. І хоць вялікай зацікаўленасьці ня выявілася, у прыватным парадку беларусы прыяжджалі. Адразу да мяне падыходзілі, бо ўжо ведалі рэпэртуар: беларускія песьні, гумар, мастацкае слова Максіма».

Спроба згуляць на настальгіі па савецкім часе
Спроба згуляць на настальгіі па савецкім часе

Паступова стала так, што амаль усе, хто адпачывае цяпер у Крыме, — расейцы. Празь міжнародныя санкцыі за анэксію паўвострава іншаземцы сюды практычна не даяжджаюць. На пераходзе Каланчак досыць шмат украінцаў пераважна пажылога веку, якія едуць на мэдыцынскія працэдуры ў здраўніцы Еўпаторыі. Пра абыходныя шляхі беларусаў ужо згадвалі. Адпаведна, пляжы і стацыянарныя ўстановы запоўненыя расейцамі зь «вялікай зямлі». Летась такіх налічылі амаль 6 мільёнаў — столькі ў лепшыя часы пастаўляў сюды ўвесь сьвет.

Давялося пачуць, як наракаюць абарыгены, якія традыцыйна кормяцца з турыстаў. Маўляў, калі раней госьці не лічылі грошай і «адцягваліся на поўную катушку», то цяпер абсалютная бальшыня едзе па прафсаюзных пуцёўках. Адпаведна, ня маюць патрэбы траціцца дадаткова і лічаць кожную капейчыну. З гэтай прычыны кавярні пры пляжах паўпустыя: для бюджэтных наведнікаў задорага.

Пры кавярнях нешматлюдна
Пры кавярнях нешматлюдна

Госьці крымскіх курортаў прызнаюць, што наведваньне паўвострава сапраўды перастала быць задавальненьнем з шэрагу танных: цэны на харчы, паслугі, забавы ўжо падцягнуліся да сочынскіх. Пры гэтым інфраструктура прыкметна ажывае: новыя дарогі, разьвязкі, жылыя мікрараёны.

«Безумоўна, даражэе, гэта факт, — пацьвярджае Віталь Бартохаў. — Усё ўзаемазьвязана: транспартныя выдаткі, бэнзін, тыя ж санкцыі. Таму з кожным годам усё адчувальней. Безумоўна, калі ў наш санаторый хтосьці езьдзіць пастаянна, ёсьць сыстэма бонусаў, зьніжак. І гэта выгадна. Многія выпраўляюцца на лячэньне, а значыць, можа быць і міжсэзоньне, зіма. Тады цэньнік мінімальны. Традыцыйна самыя дарагія летнія месяцы. Верасень ужо таньнейшы, ад кастрычніка — суцэльныя акцыі».

Каб ніхто не сумняваўся, чыя Алушта
Каб ніхто не сумняваўся, чыя Алушта

Кар’ерны рост: зь Місхору ў Менск

Віталь Бартохаў кажа, што цяпер асноўная маса арганізаваных беларусаў едзе ў Місхор. Каб ня быць галаслоўным, набірае тэлефон каляжанкі, таксама беларускай актывісткі.

Тая пацьвярджае, што калі ў папярэднія гады вольных месцаў хапала нават у сэзон, то сёлета ўстанова запоўненая на 100%. Бальшыня прыяжджае па пуцёўках, выдадзеных мэдыцынскімі ўстановамі Беларусі. Многія зь дзецьмі, асноўная спэцыялізацыя санаторыя — хваробы органаў дыханьня. Калі зь нейкай прычыны зьяўляюцца незанятыя месцы, іх адразу ж рэзэрвуюць расейцы. Астатняя маса беларусаў — так званыя «дзікуны». Яны не прывязаныя да месца і могуць пераяжджаць з гораду ў горад.

Віталь Бартохаў дэманструе, як некалі выглядаў «Залаты колас»
Віталь Бартохаў дэманструе, як некалі выглядаў «Залаты колас»

«Апошнім часам беларусаў няшмат, хоць раз-пораз недзе ў горадзе і сустрэнеш, — гаворыць супрацоўнік санаторыя. — Як толькі чулі мову, адразу знаёміліся, завязваўся кантакт. Цяпер не. А быў час, калі я рабіў для землякоў чыста беларускія праграмы. Адной кампазыцыі — „Мне сьняцца сны аб Беларусі“ — ужо амаль 30 гадоў, яна заўсёды мела посьпех. Нават калі сярод гледачоў быў стракаты інтэрнацыянал — грузіны, таджыкі, узбэкі, украінцы, расейцы».

Летась дырэктар санаторыя «Белоруссия» Барыс Андрасюк быў прызначаны намесьнікам міністра аховы здароўя — замест Ігара Ласіцкага, затрыманага за хабар. У Місхор яго камандзіравалі яшчэ да анэксіі, але ён хутка прыняў новыя правілы, ня маючы нічога супраць, каб беларускія кліенты заяжджалі праз расейскую тэрыторыю. Мала таго, нейкі час на сайце Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта было пазначана, што санаторый знаходзіцца ў Расеі, і толькі пасьля абураных допісаў недарэчнасьць выправілі.

Тэрыторыя комплексу Golden
Тэрыторыя комплексу Golden

Пры гэтым, па словах Віталя Бартохава, кіраўнік санаторыя хінуўся да спраў беларускай грамады, актыўна ўдзельнічаў у вечарынах, прысьвечаных Максіму Багдановічу.

Міратворца Лукашэнка: нічыйны Крым

Спадар Бартохаў кажа, што, паколькі беларусы абдзеленыя морам, гарамі, то так ці іначай пытаньне летняга адпачынку паўстае практычна ў кожнай сям’і. Ён разумее, зь якімі нязручнасьцямі сутыкаюцца тыя, хто вырашыў спыніцца на Крыме. Трапіць праз Украіну амаль нерэальна, праз Расею — доўга і дорага. Як і ў турыстычным ведамстве, пэўны спадзеў мае на чыгуначнае злучэньне — яго расейскія ўлады абяцаюць арганізаваць ужо сёлета, надбудаваўшы дадатковы пралёт над Крымскім мостам.

Занядбаны савецкі фантан у Алушце
Занядбаны савецкі фантан у Алушце

Зрэшты, нават пры такім раскладзе шлях да Краснадару і далей на паўвостраў зойме больш за суткі — дзеля справядлівасьці, удвая меней, чым закладаюць турфірмы на аўтобусныя маршруты.

«Многія знаёмыя расейцы запытваюць, чаму Беларусь не прызнае Крым расейскім, — падсумоўвае Віталь Бартохаў. — Ну як ім адказаць? „Бацька“ Лукашэнка, магчыма, і правільна робіць, бо вядзе такую палітыку, каб найперш спрыяць замірэньню, каб Расея і Ўкраіна спынілі вайну. Як усё скончыцца, цяжка сказаць, але добра, што Менск прымае перамоўнікаў, каб нарэшце закрыць балючае для ўсіх пытаньне. Ну колькі можна ваяваць, варагаваць? Тым больш суседзям-славянам...»

Марскія забавы
Марскія забавы

Турыстычнае ведамства Крыму на сваім сайце піша, што сярэдняя загрузка сродкаў разьмяшчэньня — дзяржаўны і прыватны сэктар — на гэты момант складае 70%.

Згодна са статыстыкай, за першае паўгодзьдзе на паўвостраве адпачылі 2 мільёны 209 тысяч турыстаў, што на 11% больш, чым у такі ж пэрыяд летась. 57% прыпадае на тых, хто скарыстаўся Крымскім мостам: 760 тысяч аўтамабіляў і 12,5 тысячы аўтобусаў. Асобна паведамляецца, што 202 тысячы чалавек з агульнага патоку — грамадзяне Ўкраіны. Колькасьць прадстаўнікоў іншых краін не ўдакладняецца. Па выніках 2018-га фігуруе лічба прыкладна ў 100 тысяч беларусаў.

Узьнікае лягічнае пытаньне: як беларусу трапіць у Крым і не займець пры гэтым праблемаў? Фактычна ніяк. Калі ехаць праз Расею — аўтаматычна становісься парушальнікам для Ўкраіны. У сваю чаргу ўкраінскія ўлады праз сваю тэрыторыю турыстаў не прапускаюць, калі няма важных прычынаў — блізкіх сваякоў ці магілаў продкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG