Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб завабіць беларусаў у Крым, турагенцтва абяцае, што «ніякіх праблемаў ня будзе»


Крым, 2019 год
Крым, 2019 год

Турыстычнае агенцтва Fantasy Tours разьмясьціла на сваёй старонцы рэкляму дзіцячага летніка Fantasy Camp у Крыме. Каб завабіць кліентаў, агенцтва паведамляе, што заезд у Крым будзе на аўтобусе праз Расею і ніякіх праблемаў ня будзе.

«Пры праезьдзе па Крымскім мосьце ніякіх адзнак у пашпарты ня ставяць. ​Таму ня бойцеся, пры будучых паездках у іншыя краіны штампаў у пашпартах дзяцей памежнікі ня ўбачаць і праблемаў ніякіх ня будзе», — цьвердзіць сайт агенцтва.

«Ахвотных ехаць у Крым у Беларусі не знайшлося»

Дырэктарка Іна Пракаповіч сказала карэспандэнту Свабоды, што агенцтва насамрэч дало такую рэкляму пра летнік, «каб сабраць групу і вывучыць пакупніцкі попыт, гатовыя людзі паехаць ці не».

«Гэта быў наш экспэрымэнт. Але за паўтара месяцы рэклямы ахвотных ехаць у Крым у Беларусі не знайшлося. Таму гэтае мерапрыемства не адбудзецца. І гэта лішні раз падказвае, што людзі ня хочуць ехаць такой доўгай дарогай альбо наагул ня хочуць ехаць у Крым», — сказала дырэктарка агенцтва.

«Мы здымаем гэтую рэкляму»

Але чаму ў рэкляме падавалася інфармацыя пра тое, што для беларусаў ніякіх праблемаў ня будзе, калі яны паедуць у Крым праз Расею?

«Я цікавілася гэтым пытаньнем у іншых перавозчыкаў, якія ўжо езьдзілі туды на аўтобусах па новым мосьце. І мне на словах была дадзеная такая інфармацыя. Але мы туды яшчэ ня зьезьдзілі і не праверылі на сабе», — сказала Іна Пракаповіч.

Паводле дырэктаркі, многія бацькі тэлефанавалі ў турагенцтва і казалі, што Ўкраіна ўносіць парушальнікаў у сьпісы — і гэта асноўная перашкода для наведваньня Крыму.

«Таму мы здымаем гэтую рэкляму. І лішні раз пераканаліся, што людзі не гатовыя пакуль туды ехаць, і мы, напэўна, памыліліся, калі ім гэта прапанавалі. Відаць, мы не да канца вывучылі гэтае пытаньне».

Якая афіцыйная пазыцыя Беларусі па Крыме

На дзяржаўным узроўні Беларусь не прызнала анэксіі Крыму. Пра гэта не аднойчы заяўляў Аляксандар Лукашэнка.

«Украіна павінна быць адзіная. Мы, беларусы, у гэтым зацікаўленыя, і асабіста я», — казаў кіраўнік дзяржавы ў 2014 годзе на інаўгурацыі прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.

Міністэрства замежных спраў Беларусі ня раз папярэджвала беларускіх грамадзян пра магчымыя наступствы наведваньня Крыму.

У «чорных сьпісах» Украіны больш за 300 беларусаў

Згодна з заканадаўствам Украіны ўезд і выезд замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Крым ажыцьцяўляецца толькі на падставе спэцыяльных дазволаў праз кантрольныя пункты «Каланчак», «Чаплынка» ды «Чангар».

Падставы для атрыманьня дазволу — пражываньне ў Крыме блізкіх сваякоў або членаў сям’і, наведваньне месца пахаваньня родных, сьмерць блізкіх сваякоў або членаў сямʼі. Дазвол на наведваньне Крыму таксама можна атрымаць, калі ў вас ёсьць права ўласнасьці на абʼекты нерухомасьці.

Наведваньне Крыму праз тэрыторыю Расеі можа скончыцца забаронаю на ўезд ва Ўкраіну. На дадзены момант у «чорных сьпісах» Украіны — больш за 300 грамадзян Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG