Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 парадаў для беларусаў, якія едуць на машыне адпачываць ва Ўкраіну


Марыюпаль

На працягу многіх гадоў Украіна прыцягвала беларусаў недарагімі і разнастайнымі курортамі і санаторыямі Крыму, адпачынкам на ўзьбярэжжы Азоўскага мора або ў санаторыях Трускаўца. У 2014 годзе, пасьля анэксіі Крыму і крывавых падзей на майдане Незалежнасьці ў Кіеве, колькасьць беларускіх турыстаў істотна зьнізілася. Але ўжо цяпер, нават нягледзячы на неспрыяльны інфармацыйны фон наконт падзеяў ва Ўкраіне, беларусы зноў усё часьцей абіраюць для турызму ўкраінскі напрамак. Што трэба ведаць пры аўтападарожжах ва Ўкраіну, каб не сапсаваць сабе адпачынак?

Новыя правілы на мяжы

Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Пры часовым уезьдзе ва Ўкраіну аўтамабіль дэкляраваць не патрэбна. Максымальны тэрмін знаходжаньня на ўкраінскай тэрыторыі для машыны з замежнай рэгістрацыяй — 2 месяцы. Але сёлета ў працэдуры перасячэньня мяжы зьявіліся пэўныя зьмены: цяпер ва Ўкраіне памежны ды мытны кантроль адбываецца адначасова. Пры гэтым выходзіць з транспартнага сродку на памежным пункце пропуску забаронена — памежнікі падыходзяць да аўтамабіляў і забіраюць дакумэнты для праверкі. Калі да асобаў турыстаў і іхнага багажу няма заўваг, дакумэнты вяртаюць, тым самым дазваляючы ўезд на тэрыторыю краіны.

Праверце аптэчку

Перад падарожжам трэба спраўдзіць аўтамабільную аптэчку — магчыма, яна ў вас яшчэ з тых часоў, калі ў ёй належала мець марганцоўку. Ад 2013 году ўвозіць марганцоўку ва Ўкраіну забаронена: пэрманганат калію ўключаны ў сьпіс наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх аналягаў або прэкурсораў. Згодна з артыкулам 305 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны спроба ўвозу марганцоўкі будзе кваліфікавацца як кантрабанда наркотыкаў з пакараньнем ад штрафу з канфіскацыяй да пазбаўленьня волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў. Пры кваліфікацыі парушэньня будзе ўлічвацца колькасьць выяўленага парашку.

Грошы

Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Ва Ўкраіне адзіная разьліковая грашовая адзінка — грыўня. У большасьці крам ды на вялікіх базах адпачынку можна разьлічыцца банкаўскай карткай.

Але калі вы аддаяце перавагу валютнай гатоўцы, то лепш зьвяртацца да афіцыйных пунктаў абмену ў вялікіх гарадах, празь якія будзе праходзіць ваш шлях, і не карыстацца больш прывабнымі, на першы погляд, прапановамі канвэртацыйных цэнтраў або фізычных асобаў — заўсёды ёсьць шанец натрапіць на махляроў.

Страхаваць ня толькі аўтамабіль, але і сябе

Усім вядома, што для выезду за мяжу Беларусі трэба мець на аўтамабіль «зялёную карту». Але страхаваньне здароўя і жыцьця падарожнікі часта ігнаруюць, па савецкай традыцыі мяркуючы, што Ўкраіна — не замежжа. Пры нейкім лёгкім захворваньні мэдычную дапамогу ва Ўкраіне можна атрымаць як на бясплатнай, так і на платнай аснове. Але на выпадак надзвычайнай сытуацыі лепш мець страхоўку.

З роўмінгам ці без?

Ва Ўкраіне паслугі мабільнай сувязі значна таньнейшыя, чым у Беларусі. І на першай жа пасьля перасячэньня мяжы запраўцы можна без прадʼяўленьня пашпарта набыць за 25–40 грыўняў стартавы пакет любога мабільнага апэратара. Потым папоўніць рахунак і перайсьці на тарыфную праграму з доступам да інтэрнэту на 4 тысячы MB — гэтага будзе дастаткова для пастаяннай сувязі з радзімай на працягу месяца. Кошт такога тарыфу не перавышае 200 грыўняў. Гэта непараўнальна з коштам роўмінгу ў беларускіх апэратараў — як на тэлефанаваньні, гэтак і на інтэрнэт.

Лепей без георгіеўскіх стужак

Перад паездкай ва Ўкраіну лепш адмовіцца ад «упрыгожваньня» свайго аўта грамадзка-палітычнай сымболікай. І найперш — георгіеўскімі стужкамі, якія сёлета забароненыя ва Ўкраіне. Беларускае грамадзянства не ўратуе ад адказнасьці — за георгіеўскую стужку давядзецца або сплаціць штраф 850–2550 грыўняў (ад 30 да 100 даляраў у эквіваленце), або адседзець да 15 сутак арышту. Ня выключаны і самасуд, як гэта адбылося сёлета ў траўні з грамадзянамі Малдовы.

Дарогі рамантуюць, але ня ўсюды

Пасьля беларускіх дарог украінскія стануць выпрабаваньнем не толькі для аўтамабіля, але і для кіроўцы. Крытычны стан аўтамабільных шляхоў прызнае і ўкраінскі ўрад — 97 адсоткаў дарог патрабуюць капітальнага рамонту. У больш-менш нармальным стане засталіся толькі тыя шляхі, якія будаваліся да чэмпіянату Эўропы па футболе ў 2012 годзе — у кірунку Чопа ды Ковеля. Адразу адрамантаваць усе дарогі няпроста для любой краіны, таму цяпер ва Ўкраіне найбольш распаўсюджаны ямкавы рамонт. Але ён не ратуе ад магчымых здарэньняў на дарозе. Таму на трасах трэба быць пільнымі і не заўсёды паддавацца на прапановы навігатара. Перад тым як абраць маршрут, варта параіцца зь іншымі турыстамі, зь мясцовымі людзьмі, вывучыць водгукі пра абраныя трасы ў сеціве.

За перавышэньне на 19 кілямэтраў у гадзіну не караюць

Пры гэтым для ўкраінскіх аўтамабілістаў кепскія дарогі — не падстава, каб захоўваць хуткасны рэжым. Ва Ўкраіне заканадаўства адносна парушэньняў правілаў дарожнага руху досыць лібэральнае. Напрыклад, перавышэньне хуткасьці на 19 кілямэтраў — не падстава для штрафу, такое парушэньне караецца толькі вусным папярэджаньнем. Згодна з часткай 1 артыкула 122 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях, штраф у памеры ад 250 да 340 грыўняў (ад 9 да 13 даляраў у эквіваленце) давядзецца заплаціць пры перавышэньні хуткасьці больш як на 20 кілямэтраў у гадзіну.

Хабар лепш не прапаноўваць

Праз два гады пасьля ліквідацыі ДАІ ва Ўкраіне сёлета аднавілі дзейнасьць дарожнай паліцыі. Ёй дазволена кантраляваць хуткасьць аўтамабіляў радарамі. Калі вас спыніць паліцыя, трэба быць гатовым да таго, што для праверкі могуць найперш запатрабаваць сэртыфікат аб праходжаньні аўтамабілем тэхнічнага агляду. Украінская паліцыя добра ведае, што хоць у Беларусі, у адрозьненьне ад Украіны, тэхагляд абавязковы, але многія кіроўцы адмаўляюцца яго праходзіць, бо транспартны збор надта вялікі.

Калі пакараньне незваротнае, хабар украінскай паліцыі лепш не прапаноўваць. Замест аднаго пратаколу складуць адразу два. Згодна з украінскім заканадаўствам за прапанову хабару давядзецца сплаціць дадатковы штраф — ад 1700 да 3400 тысячы грыўняў, а максымальнае пакараньне — пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў.

Беражыце нумары

Апошнім часам ва Ўкраіне павялічылася колькасьць выпадкаў, калі з аўтамабіляў з замежнай рэгістрацыяй скручваюць нумары. У такіх выпадках злодзеі пакідаюць запіску з нумарам мабільнага тэлефона, сумай выкупу і далейшай інструкцыяй для аўтаўладальніка. За вяртаньне нумароў звычайна прапануюць сплаціць ад 3 да 5 тысяч грыўняў (115–190 даляраў у эквіваленце). Але перш чым званіць злодзеям, лепш старанна агледзець тэрыторыю ў радыюсе 15–20 мэтраў — часьцей скручаныя нумары пакідаюць недалёка ад месца злачынства. Калі не знайшлі, лепш зьвярнуцца да паліцыі, каб атрымаць даведкі для перасячэньня мяжы без нумароў пры вяртаньні дадому. Але каб такім чынам не сапсаваць сабе адпачынак, лепш карыстацца платнымі аўтастаянкамі — гэта можа каштаваць ад 15 да 20 грыўняў у суткі.

Мова можа абʼяднаць ці разьвесьці па розныя бакі

Украінцам вельмі падабаецца беларуская мова, таму даволі часта пры знаёмстве яны могуць папрасіць размаўляць на роднай мове. Адмову сказаць хаця б некалькі слоў па-беларуску ўкраінцы могуць успрыняць са зьдзіўленьнем ці абурэньнем — а то і запытаць: «Чый Крым?».

Ці патрэбныя вам палітычныя дыскусіі на адпачынку — справа асабістая, але варта памятаць, што паводзіны кожнага асобнага чалавека, як і ягоныя меркаваньні, стануць часткай агульнага вобразу беларусаў як нацыі.

Крым надалей закрыты для курортнікаў

Ялта
Ялта

Крым па-ранейшаму застаецца закрытым для беларускіх адпачываньнікаў. Згодна з нацыянальным заканадаўствам Украіны, уезд і выезд замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на гэтую тэрыторыю ажыцьцяўляецца толькі на падставе спэцыяльных дазволаў праз кантрольныя пункты «Каланчак», «Чаплынка» ды «Чангар».

Падставы для атрыманьня дазволу — пражываньне ў Крыме блізкіх сваякоў або членаў сямʼі, наведваньне месца пахаваньня родных, сьмерць блізкіх сваякоў або членаў сямʼі. Дазвол на наведваньне Крыму таксама можна атрымаць, калі ў вас ёсьць права ўласнасьці на абʼекты нерухомасьці.

Наведваньне Крыму праз тэрыторыю Расеі можа скончыцца забаронаю на ўезд ва Ўкраіну. На дадзены момант у «чорных сьпісах» Украіны — 341 грамадзянін Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG