Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы пасол Украіны не выключае ўвядзеньня візаў для беларусаў


Раман Бясьсьмертны

Колішні пасол Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны мяркуе, што ў выпадку скасаваньня Ўкраінай бязьвізавага рэжыму для Расеі будзе неабходна перагледзець аналягічныя пагадненьні зь Беларусьсю ды Казахстанам.

«Расея, Беларусь і Казахстан завяршаюць працэдуру аб’яднаньня мяжы, мытнага ды памежнага рэжыму. Гэты крок для Ўкраіны будзе азначаць, што мы мусім візавы рэжым забясьпечваць для Казахстана і Беларусі. Гэта элемэнтарныя рэчы», — сказаў Раман Бясьсьмертны ў эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў.

Паводле былога пасла Ўкраіны, рашэньне пра мэтазгоднасьць увядзеньня візаў для Расеі трэба дакладна пралічыць і адпрацаваць: «Для гэтага ніякага рашэньня Вярхоўнай Рады не патрэбна. Для гэтага ёсьць урад, які мае сесьці, падлічыць і паведаміць: калі нам гэта выгадна — уводзіць. Гэта справа ўраду».

Раман Бясьсьмертны таксама мяркуе, што пытаньні пра актывізацыю інтэграцыі Ўкраіны ў NATO ды ўвядзеньне візаў для Расеі ўкінутыя ў грамадзтва для таго, каб пераключыць увагу грамадзян з пэнсійнай, мэдычнай ды зямельнай рэформаў, да якіх грамадзяне ставяцца неадназначна.

У экспэртным, як і ў палітычным асяродзьдзі, няма адзінадушных меркаваньняў адносна мэтазгоднасьці скасаваньня візавага рэжыму з Расеяй. Шмат хто з экспэртаў і палітыкаў перакананы, што гэты крок ударыць найперш па грамадзянах Украіны, якія працуюць у Расеі або жывуць на тэрыторыі анэксаванага Крыму.

Напярэдадні сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій ня выключыў, што парлямэнт разгледзіць пытаньне пра ўвядзеньне візаў для Расеі на сэсіі праз тыдзень: «Я вельмі спадзяюся, што мы зможам выйсьці на станоўчае рашэньне, і як толькі я буду бачыць, што ў зале ёсьць галасы, я тут жа прапаную пастанову пра зварот у Міністэрства замежных спраў з нагоды ўвядзеньня візавага рэжыму з Расеяй». Пры гэтым ён падкрэсьліў, што разгляд пытаньня будзе адбывацца толькі пры наяўнасьці кансалідаванай пазыцыі ўсіх палітычных сілаў.

Пытаньне пра ўвядзеньне візаў для Расеі спрабавалі ўнесьці на разгляд парлямэнту ў траўні, але нават кааліцыйныя фракцыі не змаглі знайсьці кансалідаванага рашэньня. Блёк Пятра Парашэнкі выступае супраць, а Народны фронт настойвае на абавязковасьці скасаваньня бязьвізавага рэжыму між Украінай ды Расеяй.

Паміж Беларусьсю і Ўкраінай дзейнічае бязьвізавы рэжым, але гэта не азначае, што мяжа адкрытая, як з Расеяй. Грамадзяне Беларусі праяжджаюць ва Ўкраіну пасьля прадʼяўленья на мяжы нацыянальнага пашпарта, тое ж правіла дзейнічае і для грамадзян Украіны, якія едуць у Беларусь.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG