Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«„Зьверху“ зрабілі ўсё, каб сапраўдных пошукаў не было». Былы міліцыянт расказаў, як шукалі Захаранку, Ганчара і Красоўскага


Леанід Грышанкоў
Леанід Грышанкоў

20 гадоў таму Леанід Грышанкоў кіраваў вышукам зьніклых палітыкаў. Распыталі, як гэта было.

«Хаджу 5 гадоў па кабінэтах, патрабую, каб справы зьніклых расьсьледавалі як мае быць, сам прапаную мяне дапытаць, а яны то пагражаюць, то кідаюць у кутузку». Гэтак пачынае сваё апавяданьне Леанід Грышанкоў, адстаўны маёр міліцыі.

Пэнсійнае пасьведчаньне маёра міліцыі Леаніда Грышанкова
Пэнсійнае пасьведчаньне маёра міліцыі Леаніда Грышанкова

У нядзелю Леанід Мікалаевіч прыйшоў да Камароўскага рынку, дзе зьбіралі подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую, і не стрымаўся — выказаўся на мікрафон. Сярод іншага сказаў, што на пачатку 2000-х гадоў па службе займаўся пошукамі зьніклых апазыцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Са словаў Леаніда Грышанкова, сапраўдных пошукаў наладзіць так і не ўдалося.

Ва ўспамінах Леанід вяртаецца ў травень 1999 году, калі ён служыў начальнікам аддзелу крымінальнага вышуку Партызанскай раённай управы міліцыі. Якраз стала вядома пра зьнікненьне былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. Пра гэта гаварылі ўсе калегі, а самыя блізкія сябры не выключалі вэрсіі, што экс-міністра ня проста выкралі, а ўжо і забілі як палітычнага апанэнта ўлады.

Пра лёс Захаранкі Леанід Грышанкоў перажываў асабліва, бо знаў таго асабіста яшчэ па службе ў гомельскай міліцыі, дзе і сам пачынаў служыць.

«Пра выкраданьні людзей мы ўжо ведалі, але тое тычылася крымінальнікаў, а тут апазыцыянэр, палітык — не хацелася верыць, што і яго... І паступова сумненьняў станавілася ўсё меней. Ды якія сумненьні? У 1996 годзе падчас рэфэрэндуму нас усіх, у тым ліку супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, задзейнічалі на ачапленьні Дома ўраду, баяліся, што людзі пачнуць абурацца. Трымалі, як бараноў, нічога не тлумачылі. Мне ж асабіста ўжо было зразумела, куды мы ідзём», — згадвае Леанід Грышанкоў.

Як 20 гадоў таму зьніклі апанэнты Лукашэнкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:22:31 0:00

Пошукамі зьніклых палітыкаў адразу давялося займацца Грышанкову і ягоным падначаленым. Але вельмі хутка яны зразумелі, што справа ня мае пэрспэктываў.

«Ня блытайце, гэта не крымінальная справа, а вышуковая, у яе свае асаблівасьці, — тлумачыць былы міліцыянт. — Наш абавязак — рабіць запыты, апытваць імаверных сьведак, правяраць людзей, зьбіраць і аналізаваць інфармацыю з розных крыніц, у тым ліку апэратыўных. Працуем, працуем, і што бачым? Зьнікненьні пэўныя, ёсьць нават сьведкі злачынства, ёсьць чырвоная фарба ад аўтамабіля на дрэве каля лазьні, дзе выкралі Ганчара і Красоўскага, ёсьць іншыя сьляды. Але куды потым падзеліся выкрадальнікі і іх ахвяры? Ніякіх зачэпак няма. У тыя гады на кожным выезьдзе зь Менску стаялі пасты ДАІ, у горадзе поўна дзяжурных аўтамабіляў. Але зьбіраем рапарты — ніхто нічога ня бачыў».

«Памятаю, як да мяне прыходзіла жонка Віктара Ганчара, — згадвае Грышанкоў. — Пыталася, вельмі прасіла зрабіць немагчымае. А што было ёй адказаць? Што робім усё, але рукі зьвязаныя?»

Грышанкоў узгадвае чырвоны BMW тагачаснага камандзіра СОБРа Дзьмітрыя Паўлічэнкі, пра існаваньне якога тады нават ня ведаў. Міліцыянты не сумняваліся ў датычнасьці гэтага аўтамабіля да выкраданьняў, спрабавалі адсачыць яго перасоўваньні па горадзе, як і перасоўваньні джыпа «Гранд Чэрокі» Анатоля Красоўскага. Нічога вызначыць не ўдалося.

«Дзясяткі рапартаў — і ўсе пустыя. Выходзім на нейкіх людзей, умоўна кажучы, Пятровых-Сідаравых — але правяраем іх па базе, а такіх людзей не існуе! Карацей, мы даволі хутка зрабілі выснову, што хтосьці вельмі прафэсійна гэта ўсё арганізаваў і падчысьціў, таму і няма за што ўчапіцца. Пайшоў да намесьніка начальніка крымінальнага вышуку Менску Сяргея Шарыпы, паставіў пытаньне, што трэба як мага хутчэй заводзіць крымінальную справу, бо нашымі сіламі не абысьціся. І што? Адмовілі. «Шукай як шукаеш, а ў іншае ня сунься. Калі трэба будзе, безь цябе разьбяруцца», — згадвае Леанід Грышанкоў нарады з начальствам.

Паводле былога міліцыянта, восеньню 1999 году да пошукавай справы Ганчара і Красоўскага далучылі і пошукавую справу Захаранкі, але вынік быў той самы — «куча рапартаў і нічога пэўнага».

Хто распаўсюджваў чуткі пра «Захаранку ў Нямеччыне»?

Паводле Леаніда Грышанкова, прыкладна ў канцы 1999 — пачатку 2000 году адносна Юрыя Захаранкі пачалі актыўна цыркуляваць чуткі, што яго нібыта бачылі ў Нямеччыне. Прычым пра гэта ўпэўнена казалі і некаторыя міліцыянты. Грышанкоў з калегамі, хоць ня бачылі падстаў гэтаму верыць, усё ж спрабавалі разабрацца.

«Мы нават зрабілі пэўныя дзеяньні. І пераканаліся, што гэта хлусьня, што не было ніякіх рэальных падстаў нават меркаваць, што Захаранка пасьля зьнікненьня ў траўні 1999 году ў Менску мог аказацца ў Нямеччыне. Стала зразумела, што гэты ўкід таксама быў часткай спэцапэрацыі супраць Юрыя Захаранкі», — лічыць Леанід Грышанкоў.

«Нас нават не інфармавалі пра рапарты Алкаева і Лапаціка»

Зьніклыя Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Дзьмітры Завадзкі, Анатоль Красоўскі
Зьніклыя Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Дзьмітры Завадзкі, Анатоль Красоўскі

Улетку 2000-га зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі, і паступова, кажа Леанід Грышанкоў, справы набылі новы імпульс. Але пра некаторыя рухі сьледзтва Леанід даведаўся зусім не ад начальства, якое працягвала рабіць выгляд, што курыруе справы зьніклых.

«Мы займаліся сваім вышукам, зьбіралі паперкі, але нас па-ранейшаму не інфармавалі, што новага. Хоць падзеі былі. Справу вяла пракуратура, казалі пра сьледчую Сьвятлану Байкову, вельмі ўпартую, да нас даходзіла, што генпракурор Алег Бажэлка і старшыня КДБ Уладзімер Мацкевіч настойваюць на расьсьледаваньні.

Пазьней стала вядома пра рапарты палкоўніка Алкаева і генэрала Лапаціка, пайшлі чуткі пра „расстрэльны пісталет“, пра Дзьмітрыя Паўлічэнку і ўдзел у выдачы гэтага пісталета міністра Сівакова. Дайшло нават да арышту Паўлічэнкі! Падумаў, цяпер давядуць да канца. Але, як памятаеце, быў загад Лукашэнкі вызваліць Паўлічэнку з ізалятара КДБ, потым з пасад зьнялі Бажэлку з Мацкевічам, і справу канчаткова пахавалі», — кажа Леанід Грышанкоў.

Паводле былога міліцыянта, у выніку для сябе ён канчаткова вырашыў, што гэта справа спэцслужбаў і яе расьсьледаваньне адмыслова «топяць» на самым версе. Тады ён проста напісаў рапарт аб пераводзе на іншае месца працы — у Менскую абласную міліцыю.

Зь міліцыі маёр Грышанкоў звольніўся ў 2002 годзе па выслузе гадоў з пасады старшага опэрупаўнаважанага па асабліва важных справах. Але пра лёс зьніклых палітыкаў, асабліва земляка Юрыя Захаранкі, не забыўся.

«Мне дагэтуль не дае спакою. Як можна? Выкрасьці былога міністра ўнутраных спраў — і ўсе забыліся, нібыта нічога не было? Куды толькі я не зьвяртаўся са скаргамі і лістамі — у пракуратуру, Сьледчы камітэт, але ж не рэагуюць. Больш за тое — пачалі пагражаць», — кажа былы міліцыянт.

«Будзеш працягваць, пасадзім»

Ілюстрацыйнае фота. Партрэты зьніклых Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара на акцыі ў гадавіну рэфэрэндуму-1996, 24 лістапада 2015 году
Ілюстрацыйнае фота. Партрэты зьніклых Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара на акцыі ў гадавіну рэфэрэндуму-1996, 24 лістапада 2015 году

Паводле Леаніда Грышанкова, першы раз пагрозы на свой адрас ён пачуў ад адказнага супрацоўніка праваахоўнай структуры ў 2018 годзе. Летась пагрозы прагучалі ад супрацоўніка спэцслужбы, які адмыслова наведаў ягонага сына. «Перадайце бацьку, калі будзе гэтак далей, пасадзім», — цытуе сына Леанід Грышанкоў.

Леанід Грышанкоў вырашыў зьвярнуцца да самога Аляксандра Лукашэнкі. Шмат разоў, паводле былога міліцыянта, ён дасылаў скаргі і лісты з напамінам пра справы зьніклых на імя кіраўніка дзяржавы, але безвынікова, і ў выніку вырашыў нагадаць пра сябе іншым чынам — паехаць да рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў Астрашыцкім Гарадку. Апошняя такая паездка скончылася для яго затрыманьнем.

Паводле Грышанкова, ён паводзіў сябе ветліва і прыстойна, усяго толькі папрасіў ахоўнікаў перадаць кіраўніку дзяржавы, што народ Беларусі памятае пра Юрыя Захаранку ды іншых зьніклых і просіць давесьці расьсьледаваньне спраў да канца.

«Прыехалі ажно тры машыны ДАІ, мяне забралі і павезьлі ў Бараўлянскую міліцыю. А там сказалі, што на рухавіку майго аўтамабіля нібыта перабітыя нумары, ім трэба агледзець рухавік. Я адмовіўся адчыняць капот. У выніку тры дні прасядзеў у іхнай кутузцы, адкуль павезьлі ў Менскі раённы суд і далі тры дні арышту за непадпарадкаваньне».

Леанід Грышанкоў дагэтуль абураны і цяпер не абмінае месцы, дзе зьбіраюць подпісы за прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзыдэнты.

«Трэба, каб у Беларусі былі вольныя выбары, незалежныя ад улады суды і каб людзі маглі вольна выказваць свае думкі. А такім людзям, як Юры Захаранка, павінны стаяць помнікі, і я перакананы, што калісьці гэтак і будзе», — кажа былы міліцыянт Леанід Грышанкоў.

Алег Воўчак: «20 чалавек гэтым займаліся, а выніку ноль»

Былы сьледчы пракуратуры, праваабаронца Алег Воўчак з 1999 году вядзе грамадзкае расьсьледаваньне спраў аб выкраданьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Памятаю добра, як нібыта шукалі Юрыя Захаранку. Як доўга адмаўляліся завесьці крымінальную справу, як адмаўляліся даваць аб’яву па тэлевізары і нават не друкавалі ягоных партрэтаў — што зьнік чалавек. Калі зьніклі Ганчар з Красоўскім, усё паўтарылася. Здаецца, крымінальную справу завялі хутчэй, але выніку ўсё роўна не было. Можа, чалавек дваццаць гэтым займаліся, але — ноль выніку. І, канечне, зразумела чаму. Бо як па мне, дык праўда ўладзе была ня проста не патрэбная, а небясьпечная», — кажа Алег Воўчак.

19 сакавіка Алег Воўчак як прадстаўнік сям’і Юрыя Захаранкі атрымаў адказ са Сьледчага камітэту за подпісам начальніка аддзелу СК Вараўкі аб чарговым прыпыненьні папярэдняга расьсьледаваньня справы Юрыя Захаранкі.

«Згодна з часткай 2 артыкула 247 КПК органамі крымінальнага перасьледу ў далейшым як непасрэдна, гэтак і праз органы дазнаньня будуць рабіцца захады дзеля вызначэньня вінаватай асобы. У выпадку вызначэньня асобы сьледзтва будзе неадкладна адноўлена, пра што вас праінфармуюць дадаткова», — напісана ў лісьце са Сьледчага камітэту. Раней гэтаксама былі прыпыненыя справы Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG