Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Павінен быць дапытаны Паўлічэнка». Праваабаронцы зьняпраўджваюць вэрсіі Лукашэнкі пра зьнікненьні палітыкаў


Камандзір 3-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня Ўнутраных войскаў МУС Беларусі Дзьмітры Паўлічэнка (зьлева) і кіраўнік унутраных войскаў Юры Сівакоў, намесьнік міністра ўнутраных спраў Юры Сівакоў. Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію «Эху Москвы» заявіў, што ў Юр’я Захаранкі быў бізнэс ва Ўкраіне і вялікія даўгі, а пасьля зьнікненьня яго сфатаграфавалі ў Нямеччыне. Праваабаронцы гэта рашуча абвяргаюць.

«Ён заграз па самыя вушы»

Праваабаронца Гары Паганяйла ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды назваў гэтыя заявы «несусьветным глупствам і выдумкамі».

«Усе гэтыя заявы былі агучаныя яшчэ напачатку 2000-х гадоў. Яны даўно разгледжаныя і прызнаныя беспадстаўнымі. Няма ніводнага доказу таго, што Захаранка зьнік у зьвязку зь нейкімі праблемамі з украінскімі бізнэсоўцамі, з камэрцыйнымі інтарэсамі ці запазычанасьцямі.

Другая вэрсія, што Захаранку нібыта нехта недзе бачыў у Германіі. Гэта ўсё прыдумкі ягоных уласных памочнікаў. І гэта кажа толькі пра тое, што ён заграз па самыя вушы. Няхай падасьць пацярпелым ды іхным прадстаўнікам усе матэрыялы — што гэтая вэрсія рэальна правяралася і вось вынікі. Пакуль гэтага няма, ніхто ніколі не паверыць Лукашэнку, не паверыць у яго казкі і адкрытую брахню», — сказаў Гары Паганяйла.

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла

Паводле Паганяйлы, праваабаронцы будуць настойваць «на адзінай рабочай вэрсіі — гэта палітычна матываваныя выкраданьні, а потым пазасудовыя пакараньні гэтых людзей».

«Іншых вэрсіяў няма», — сказаў Паганяйла.

Паводле Паганяйлы, паказаньні Юр’я Гараўскага трэба правяраць. Іншая рэч, «ці будуць гэтыя праверкі зробленыя ў поўным аб’ёме і ці будзе сьледзтва рэальна супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі заходніх краін».

«Потым няхай прадставяць гэтыя матэрыялы расьсьледаваньня грамадзкасьці і найперш пацярпелым у справе. Гэтага, я магу сказаць загадзя, ня будзе. Яны зробяць выгляд, што справа пачатая наноў, расьсьледуецца, але рэальных крокаў дзеля расьсьледаваньня ня будзе», — сказаў Паганяйла.

«Гэта, безумоўна, глупства»

Вэрсіі пра тое, што Захаранка і Ганчар нібыта знаходзяцца ў Нямеччыне, неаднаразова правяраліся, — паведаміла Радыё Свабода кіраўніца Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская.

«Дзяржава абавязана была атрымаць афіцыйныя дакумэнты з расьсьледаваньня, якое праводзіў у свой час урад Германіі. Я ня ведаю, чаму Лукашэнка не абазнаны. Мы маем гэтыя дакумэнты, і калі Аляксандар Рыгоравіч хоча, можам яму іх падаць. Гэта, безумоўна, глупства. Што да бізнэсу ва Ўкраіне, які нібыта меў Захаранка, — гэта таксама элемэнтарна правяраецца. Лічу, што гэта проста адмоўкі чалавека, які ня хоча, каб на яго ўпаў нейкі цень ад гэтых злачынстваў. Найперш ён мусіць быць зацікаўлены, каб справы былі расьсьледаваныя, калі ён, як ён сьцьвярджае, ня мае ніякага дачыненьня да гэтых злачынстваў», — сказала Раіса Міхайлоўская.

Раіса Міхайлоўская
Раіса Міхайлоўская

«Дзякуй богу, што Гараўскі знаходзіцца не ў Беларусі»

Раіса Міхайлоўская не выключае, што папярэдняе расьсьледаваньне ў справе зьніклых адновяць фармальна, як гэта было цягам 20 гадоў.

«Найперш яны павінны неяк сустрэцца з Гараўскім. Былі падобныя прыклады, калі сьледчая Байкова выяжджала за мяжу і сустракалася з падазраванымі. То бок сьледчы павінен сустрэцца з самім Гараўскім на нэўтральнай тэрыторыі ці там, дзе ён знаходзіцца, і дапытаць яго.

Потым мусяць быць дапытаныя ўсе асобы, якія маюць дачыненьне, паводле сьпісу, агучанага Гараўскім. Няхай яны выконвалі загады, але гэта злачынныя загады, і яны павінны панесьці адказнасьць, калі гэта рабілі. А самае галоўнае, мае быць дапытаны той, хто наўпрост абвінавачваецца ў забойствах, — то бок Дзьмітры Паўлічэнка», — сказала Раіса Міхайлоўская.

Міхайлоўская кажа, што раней Ульляна Захаранка неаднаразова пісала хадайніцтва сьледчаму з патрабаваньнем дапытаць байцоў, названых у мэмарандуме Пургурыдэса (Хрыстас Пургурыдэс — дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. — РС). Але ніякай інфармацыі пра тое, дапыталі іх ці не, сваякам не давалі.

Паводле Міхайлоўскай, Юры Гараўскі павінен быць дапытаны не ў Беларусі.

«Ніводная дзяржава, якая сябе паважае, ня выдасьць палітычнага ўцекача краіне, дзе да яго можа быць ужытая сярод іншага сьмяротная кара. Таму я ня думаю, што яго сюды прывязуць. Толькі хіба ў мяшку нашыя спэцслужбы пастараюцца яго неяк выкрасьці. Дзякуй богу, што ён знаходзіцца не ў Беларусі і сам ён не рызыкне зьявіцца перад нашымі органамі. Не для таго ён зьяжджаў і рызыкаваў жыцьцём».

«Гэта ўсё галаслоўныя паказаньні»

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву», прадстаўнік сямʼі Захаранкі былы сьледчы Алег Воўчак зьдзіўлены, што пакуль няма інфармацыі, ці аднавіў Сьледчы камітэт расьсьледаваньне справы зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Дзіўная сытуацыя, бо звычайна яны адначасова аднаўлялі ці прыпынялі і тую, і другую справу. І дзіўна, што дагэтуль няма ніводнага прэс-рэлізу Сьледчага камітэту, бо справа мае міжнародны і ўнутраны рэзананс. Яны аднавілі 18 сьнежня справу зьнікненьня Захаранкі, і толькі праз тыдзень, і то неафіцыйна, прыслалі мне ліст. А звычайна пра кожны гучны працэс заўсёды ёсьць мінімальнае паведамленьне, у сувязі з чым справа адноўленая. А тут усё так ціха, нібыта шараговая, маленькая справа», — сказаў Алег Воўчак.

Паводле Воўчака, сьледчыя не сустракаюцца са сваякамі ды іхнымі прадстаўнікамі, каб выпрацаваць пазыцыю ў вышуку вінаватых у гэтых злачынствах.

«Але яны ўсё роўна мусяць адрэагаваць на матэрыял „Нямецкай хвалі“. Цяжка сказаць, як яны будуць весьці справу. Але сумняваюся, што ўсебакова і абʼектыўна. Калі б хацелі расьсьледаваць гэтыя справы, то даўно ўжо яны былі б расьсьледаваныя».

Паводле Воўчака, Юры Гараўскі знаходзіцца пад абаронай міжнароднай канвэнцыі аб уцекачах і яго ўжо ніхто ня выдасьць Беларусі.

«Ды ён і сам сюды не паедзе, каб і хацеў. Яны ўсё роўна мусяць узяць паказаньні і выпрацуюць мэтад іх атрымаць. Практыка і мэханізмы такія ёсьць. Кожны ўрад зацікаўлены дапамагчы праваахоўным органам, калі нават няма пагадненьня аб праўнай дапамозе», — сказаў Воўчак.

Алег Воўчак таксама адрынуў вэрсіі Лукашэнкі наконт зьнікненьня яго апанэнтаў.

«Гэта ўсё чуткі і домыслы. Як мы, сьледчыя, кажам, „галаслоўныя паказаньні“».

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG