Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён зьняславіў нашы шэрагі». Зварот Паўлічэнкі наконт абвінавачаньняў у забойствах апазыцыянэраў

абноўлена

Камандзір 3-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня Ўнутраных войскаў МУС Беларусі Дзьмітры Паўлічэнка (зьлева) і кіраўнік унутраных войскаў Юры Сівакоў, намесьнік міністра ўнутраных спраў Юры Сівакоў. Архіўнае фота

На сайце асацыяцыі вэтэранаў спэцназу «Честь» зьявілася заява старшыні асацыяцыі Дзьмітрыя Паўлічэнкі, а таксама зварот ад імя асацыяцыі наконт сьведчаньняў Юрыя Гараўскага, які ў інтэрвію DW назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці» і расказаў пра ўдзел у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў 1999 годзе.

У тэксьце заявы Дзьмітры Паўлічэнка зноў прызнае, што ведае Гараўскага (раней ён сьцьвярджаў адваротнае). Ён піша, што Гараўскі праходзіў службу ў адным з падразьдзяленьняў брыгады апэратыўнага прызначэньня ўнутраных войскаў МУС РБ у 1990-х гадах, у канцы 1999 году зрабіў крымінальнае злачынства, быў судзімы і адбываў тэрмін у СІЗА № 1, «зьняславіў нашы шэрагі і быў звольнены за дыскрэдытацыю высокага званьня спэцназаўца».

Паўлічэнка ў заяве сьцьвярджае, што Гараўскі неабгрунтавана абвінавачвае афіцэраў і байцоў спэцназу. Ён «каецца» ў тым, што пад асабістую адказнасьць ад імя асацыяцыі дапамагаў Гараўскаму грашыма, сабранымі на патрэбы вэтэранаў, на працягу некалькіх гадоў, як «хвораму чалавеку ў адчаі».

«І цяпер прашу вас праявіць цярплівасьць да хворага душой і целам Гараўскага. Нікому больш за сябе ён гэтымі прыдуманымі «паказаньнямі» не нашкодзіў», — заяўляе Паўлічэнка.

Паўлічэнка заяўляе, што «некаторыя нядобрасумленныя СМІ і прыватныя асобы спрабуюць зганьбаваць» яго і спэцназ у цэлым, распаўсюджваючы «хлусьлівыя і скандальныя» заявы Гараўскага. Ён «просіць і папярэджвае» людзей, якія ня маюць да спэцназу і да Асацыяцыі ніякага дачыненьня, не рабіць ніякіх заяваў, не склікаць канфэрэнцый ды «іншых зборышчаў», «не рабіць ніякіх укідаў у СМІ і іншыя інтэрнэт-парталы».

«Так, гэта сапраўды зварот Дзьмітрыя Паўлічэнкі з нагоды публікацыі заяваў Юрыя Гараўскага, — паведаміў Свабодзе памочнік Паўлічэнкі Сяргей Матвіенка. — Ён апублікаваны на нашым афіцыйным сайце. Там жа вы можаце знайсьці і водгукі на ўчынак Гараўскага з боку ягоных былых саслужыўцаў».

Што Паўлічэнка раней казаў пра Гараўскага

Паўлічэнка адмаўляе датычнасьць СОБРу да дагэтуль не раскрытых зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў, якія дамагаліся адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі: экс-кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркаму Беларусі Віктара Ганчара і бізнэсоўцы Анатоля Красоўскага. Прызнаньні Гараўскага ён камэнтаваў некалькі разоў, кожны раз па-рознаму:

  • 16 сьнежня ў інтэрвію Tut.by: Знаёмы з Гараўскім, той служыў у вайсковай частцы 3214. Ці служыў Гараўскі ў СОБРы, Паўлючэнка не сказаў адназначна. Паводле яго, падчас зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў Гараўскі «сядзеў».
  • 16 сьнежня ў інтэрвію «Нашай ніве»: ня ведае Гараўскага, не размаўляў з карэспандэнтам Tut.by.
  • 17 сьнежня у інтэрвію «Нашай ніве». Ня меў магчымасьці паглядзець відэа з Гараўскім. У інтэрвію Tut.by мог пераблытаць Гараўскага зь іншым байцом. «Мне потым сябры пазванілі, сказалі, што ніхто зь іх яго не прызнаў. Мяркуючы па тым відэа, ніхто яго ня ведае».
СОБР, чацьверты справа тагачасны кіраўнік атрада Дзьмітры Паўлічэнка, архіўнае фота
СОБР, чацьверты справа тагачасны кіраўнік атрада Дзьмітры Паўлічэнка, архіўнае фота

Саслужыўцы Гараўскага: «Калі на Захадзе патрэбен нарказалежны крымінальнік з кучай даўгоў, то няхай потым ня скардзяцца»

На сайце «Честь» таксама апублікаваны зварот «былых саслужыўцаў Гараўскага». Аўтары калектыўнага ліста не пазначаныя.

«У свой час мы служылі з гэтым суб’ектам, і хочацца падзяліцца сваімі ўражаньнямі — тым больш, што ён абылгаў некаторых з нас і нашага камандзіра, які да апошняга верыў яму, аказвае маральную i матэрыяльную дапамогу», — прызнаюцца яны.

Што сьцьвярджаюць аўтары звароту:

  • У спэцназ Гараўскі трапіў служыць на тэрміновую службу «па пратэкцыі», бо не прайшоў псыхалягічнае тэставаньне і ня здаў ніводзін нарматыў у фізпадрыхтоўцы.
  • Стараньне ў службе не праяўляў, быў нелюдзімы і гістэрычны. Яго часта ставілі ў нарады або выпраўлялі на гаспадарчыя работы.
  • Нібыта яго злавілі на крадзяжы з уласных тумбачак саслужыўцаў.
  • Калі ў ліпені 1999 году фармаваўся спэцатрад «СОБР», Гараўскага туды залічылі зноў жа з пратэкцыяй.
  • У канцы 1999 году яго затрымалі «за вымаганьне ў цывільных асобаў буйных сумаў грошай спосабам, небясьпечным для жыцьця». Справу нібыта разглядаў вайсковы трыбунал, па выніках якога Гараўскага асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волi. Адбываў пакараньне ў СІЗА № 1, дзе, як гаворыцца на вэтэранскім сайце, ён трапіў пад заступніцтва начальніка ўстановы Алега Алкаева.
  • Пасьля адбыцьця тэрміну ўладкаваўся ахоўнікам у начны клюб «Рэактар». Страціў працу нібыта пасьля абвінавачаньняў у крадзяжах у гардэробе.
  • Атрымаў пасаду кладаўшчыка на фірме па продажы прадукцыі птушкагадоўлі. Але праз паўгода вылецеў і адтуль.
  • У далейшым, распавядаюць экс-спэцназаўцы, Гараўскі засяродзіўся на «выбіваньні даўгоў» і махлярстве.
  • Быццам сеў пʼяны за руль чужога аўтамабіля і ўрэзаўся ў грузавік. Цудам застаўся жывы.

«Калі заходнім краінам патрэбен адпеты нарказалежны крымінальнік з кучай даўгоў, то няхай потым ня скардзяцца на рост злачыннасьці ў сваім рэгіёне. Больш давярайце такім, як Гараўскі», — падсумоўваецца ў звароце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG