Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што можа зьвязваць Гараўскага і Паўлічэнку. Некалькі фактаў


Дзьмітры Паўлічэнка, архіўнае фота

Свабода паглядзела, што зьвязвае паміж сабой людзей, якіх былы спэцназавец Юры Гараўскі абвінавачвае ў забойствах Ганчара, Захаранкі і Красоўскага.

41-гадовы Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці» і расказаў пра свой удзел у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму, апісаў месца імавернага забойства былога віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара і ягонага сябра бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Ці ведае Паўлічэнка Гараўскага

У матэрыяле «Нямецкай хвалі» Гараўскі называе сваіх саслужыўцаў, якія таксама ўдзельнічалі, па ягоных словах, у гэтым злачынстве. Арганізатарам і каардынатарам Гараўскі называе палкоўніка Дзьмітрыя Паўлючэнку, маўляў, прамыя вусныя каманды паступалі ад яго. Паўлючэнка ягоныя словы абверг, назваўшы іх «трызьненьнем».

Сьпярша ён сказаў Tut.by, што «прыгадаў Юрыя Гараўскага». А пасьля, ужо «Нашай ніве», што «ня ведае яго». Пазьней ён наогул сказаў, што «першапачаткова пераблытаў Гараўскага зь іншым байцом» і зноў сказаў, што «ня ведае яго, а ніхто з саслужыўцаў яго не пазнаў на відэа».

Глядзім, ці гэта так.

Юры Гараўскі — галоўная фігура матэрыялу «Нямецкай хвалі» — мае акаўнт у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі». Прозьвішча там не пазначанае, але чалавек зь відэа «Нямецкай хвалі» і той, што на фатаздымках — 100% адзін і той жа чалавек.

У сябрах у яго ёсьць некаторыя пералічаныя ім жа ў матэрыяле людзі. Напрыклад, Юры Будзько, Сяргей Шкіндэраў і нават сын Дзьмітрыя Паўлічэнкі Арцём Паўлічэнка.

Таксама на сайце газэты «СБ. Беларусь сегодня» знайшоўся здымак са сьвяткаваньня 20-годзьдзя ўтварэньня абʼяднаньня вэтэранаў «Гонар». За трыбунай стаіць Дзьмітры Паўлічэнка, а ў другім шэрагу — Юры Гараўскі. У руках ён трымае кавеньку — гэта наступства аўтамабільнай аварыі. У Гараўскага на фота з 20-годзьдзя такі ж джэмпэр, як на фота ў адным з акаўнтаў у ягоных сацыяльных сетках.

Матэрыял выйшаў 8 лістапада 2017 году.

Што казаў пра зьніклых былы сьледчы КДБ

У жніўні 2001 году, за два тыдні перад прэзыдэнцкімі выбарамі, супрацоўнік КДБ Беларусі капітан Генадзь Угляніца і актывіст арганізацыі «Край» Андрэй Жарнасек распаўсюдзілі відэакасэту з абвінавачаньнямі ў адрас уладаў Беларусі ў зьнішчэньні вядомых апазыцыянэраў. Яны сьцьвярджалі, што ведаюць месца забойства і пахаваньня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, якія прапалі ў 1999 годзе. Угляніца і Жарнасек былі абвешчаны ў вышук КДБ, але здолелі пакінуць краіну і атрымалі палітычнак прыстанішча ў Нарвэгіі.

Імёны ўдзельнікаў выкраданьня і зьнішчэньня палітыкаў, якія называюць былы спэцназавец Гараўскі і Ўгляніца з Жарнасекам, супадаюць. Яны казалі пра Дзьмітрыя Паўлічэнку, Юрыя Будзько, Уладзіміра Наватарскага. Гэтыя ж імёны фігуруюць у заяве Гараўскага.

Супадае і месца, дзе імаверна закапалі целы забітых — вайсковая частка пад Бегамляй. Былыя сьледчыя КДБ таксама казалі і аб прыкапаным аўтамабілі, і пра яміну, у якой пахавалі забітых Ганчара і Красоўскага.​

Хто такі Гараўскі і як яго знайшла «Нямецкая хваля»

Адным з тых, хто ўдзельнічаў у вытворчасьці фільма, быў журналіст расейскай службы DW Уладзімір Дорахаў. У інтэрвію Свабодзе ён расказаў, што Юры Гараўскі сам зьвярнуўся на карпаратыўную пошту рэдакцыі ў верасьні.

Таксама ўсю інфармацыю ён раней паведаміў, калі падаваў хадайніцтва аб палітычным прыстанішчы ў адной з краін ЭЗ. Таксама Ўладзімір Дорахаў перадаў словы Юрыя Гараўскага, пра якога Паўлічэнка ў адным зь першых інтэрвію сказаў, што той на момант зьнікненьня палітыкаў сядзеў у турме.

Юры Гараўскі перадаў праз Дорахава: «Сапраўды, была справа, але яна адбылася пасьля забойстваў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Паўлічэнка дапамагаў вырашаць фінансавыя пытаньні, „выбіваць“ грошы. Паводле Гараўскага, Паўлічэнка выклікаў яго і яшчэ аднаго СОБРаўца і сказаў: некаму далі крэдыт, і гэты крэдыт не вяртаецца, едзьце. І яны паехалі.

А тыя бізнэсоўцы, якія не вярталі крэдыт, таксама мелі добры „дах“. І яны зьвярнуліся ў праваахоўныя органы. І сапраўды была пачатая крымінальная справа па факце вымаганьня, і сапраўды праводзіліся працэсуальныя дзеяньні».

Юры Гараўскі дадаў, што ў турме ён не сядзеў і нават не паўставаў перад судом.

Пра Юрыя Гараўскага вядома, што яму 41 год, у сацыяльных сетках у яго шмат былых спэцназаўцаў у сябрах. Сам ён таксама выкладаў фатаздымкі на тэму спэцназу ўнутраных войскаў Беларусі.

Таксама ў сацыяльных сетках Юрый Гараўскі пазначыў, што ён служыў у частцы 3214 з 1996 па 1998 год.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG