Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску «пільнуюць» моладзевых актывістаў. Не выходзіць на сувязь Ягор Віняцкі, у яго доме ператрус

абноўлена

Машына «людзей у цывільным» перад домам, які здымае Ягор Віняцкі
Машына «людзей у цывільным» перад домам, які здымае Ягор Віняцкі

Днём 6 жніўня некалькі моладзевых актывістаў «Моладзевага блёку» і «Legalize Belarus» заўважылі, што іх пільнуюць «людзі ў цывільным». У доме, які здымае адзін з актывістаў, Ягор Віняцкі, знаходзяцца невядомыя. Сам Ягор не выходзіць на сувязь — паплечнікі лічаць, што яго затрымалі.

Як расказалі Свабодзе актывісты, дакладна вядома пра затрыманьне Ўладзя Каўкіна, які не адносіўся да названых рухаў. Прычыны затрыманьня невядомыя.

Каля дома Ягора Віняцкага, як пабачыў карэспандэнт Свабоды, стаіць мікрааўтобус, падобны да тых, якія выкарыстоўваюць пры затрыманьні «людзі ў цывільным», і яшчэ некалькі машынаў, якія меркавана належаць праваахоўнікам, адчыненыя вароты і дзьверы дома, а ў самім доме ходзяць невядомыя.

Маці Ягора пацьвердзіла карэспандэнту Свабоды, што сын не выходзіць на сувязь ад раніцы. Яна зьбіралася зайсьці ў дом, але баіцца. У дом зайшоў адзін зь сяброў Ягора — і ня выйшаў. Іншыя сябры Ягора пасьля гэтага сышлі.

Сябра рады Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Дар’я Рублеўская піша, што «пільнуюць хаты» Веранікі Яновіч і Міхася Варанцова, спрабавалі трапіць у кватэры Стаса Шашка і Аланы Гебрэмарыям. Яна мяркуе, што хочуць затрымаць іх усіх.

Як расказала Свабодзе Алана Гебрэмарыям, да яе грукаліся невядомыя, але яна не адчыніла. Пасьля яна пабачыла, што каля дому былі невядомыя, падобныя да «людзей у цывільным», і машына, падобная да тых, хто выкарыстоўваюць пры затрыманьнях. Паводле яе, цяпер пільнуюць не канкрэтныя моладзевыя рухі, а шэраг розных актывістаў.

Увечары 6 жніўня скончыўся вобшук у доме 17 па вуліцы Чыгладзэ, людзі ў цывільным вывелі з дому Ягора Віняцкага, Сяргея Паканечнага і Аляксандра Руткевіча. «Першыя два былі ў кайданках, Руткевіч без кайданкоў. Іх разам пасадзілі ў аўтамабіль і кудысьці павезьлі», — сказаў Свабодзе Мікалай, які назіраў за падзеямі з вуліцы." -

Прэс-служба Менскай гарадзкой міліцыі не адказвала на тэлефанаваньні.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG