Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Права выбару»: ідзе нэўтралізацыя назіральнікаў і неляяльных сяброў выбарчых камісіяў


Датэрміновае галасаваньне
Датэрміновае галасаваньне

Як расказаў на Facebook адзін з удзельнікаў кампаніі «Права выбару», старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, працягваецца «выгнаньне» з участкаў ня толькі незалежных назіральнікаў, а і чальцоў выбарчых камісіяў.

На ўчастку № 35 у Бабруйску, дзе напярэдадні міліцыя забрала для складаньня пратаколу Эдуарда Грынявецкага, працягваюць чыніць перашкоды іншым назіральнікам.

«За намі ня проста сочаць: такое адчуваньне, што рыхтуецца нейкая правакацыя, — паведаміла ў штаб «Права выбару» каардынатарка па Бабруйску. — Затрыманага ўчора назіральніка так і ня выпусьцілі, сёньня ў яго адбыўся ператрус, кажуць, што «шыюць» крымінальны артыкул нібыта за «заклікі да пратэстаў».

Сябра БСДП Юры Грынявецкі, дзядзька Эдуарда, таксама пазбаўлены акрэдытацыі. Яны працавалі на адным участку. У Грынявецкага дома адбыўся ператрус, назіральнік з учорашняга вечара знаходзіцца ў руках праваахоўнікаў, піша Барысаў.

Ёсьць зьвесткі, што перасьледуюць ня толькі назіральнікаў. Паводле Ігара Барысава, удзельніцу ўчастковай выбарчай камісіі «нэўтралізавалі» пасьля таго, як яна выступіла на адным зь мітынгаў Сьвятланы Ціханоўскай. Тады жанчына сказала, што будзе лічыць галасы сумленна.

Пасьля гэтага ёй тэрмінова зьмянілі графік дзяжурстваў і наўмысна паставілі ў пару з калегай, якая, высьветлілася потым, з падазрэньнем на каранавірус. Цяпер сябра камісіі чакае мэдыкаў для тэсту на захворваньне з пэрспэктывай самаізаляцыяй на наступныя 14 дзён. Падрабязнасьці з назвай участку і гораду «Права выбару» абяцае агучыць пазьней.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG