Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка даручыў Генпракуратуры і судам ацаніць законнасьць альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарах


Ілюстрацыйнае фота. Датэрміновае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах у Менску, 4 жніўня 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Датэрміновае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах у Менску, 4 жніўня 2020 году

Неабходна даць ацэнку законнасьці ініцыятываў у альтэрнатыўным падліку галасоў на выбарах у Беларусі, заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 6 жніўня на нарадзе аб бясьпецы выбарчай кампаніі, паведамляе БелТА.

«Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генэральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасьці падобных ініцыятываў. У судах, калі такія звароты туды паступяць», — сказаў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што вельмі ўважліва маніторыць сытуацыю з датэрміновым галасаваньнем на выбарах, і дадаў, што ўсім, хто будзе галасаваць, трэба «даць магчымасьць зрабіць гэта спакойна, сьвяточна».

«Годна, прыгожа ідуць людзі. Нікому не замінаюць. Нехта на лецішча хоча паехаць у выходныя дні, нехта туды, нехта сюды. Як звычайна», — сказаў ён.

За два дні датэрміновага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году яўка склала 12,75%, і гэта нашмат больш, чым падчас ранейшых выбараў. Так, падчас электаральнай кампаніі 2015 году за першыя два дні датэрмінова прагаласавалі 10,94% выбарнікаў, у 2010-м — 7,2%.​

За гэтыя два дні назіральнікі кампаніі «Права выбару» зафіксавалі 505 парушэньняў. Найбольш распаўсюджанымі парушэньнямі называюць нядопуск акрэдытаваных назіральнікаў да назіраньня ўнутры памяшканьня, неадпаведнасьць афармленьня ўчастку, завышэньне яўкі і адмова ў даваньні інфармацыі з боку камісіі.

Ініцыятыва «Честные люди» ў сваю чаргу зафіксавала 2056 парушэньняў толькі ў першы дзень датэрміновага галасаваньня: найчасьцей гэта нядопуск назіральнікаў на ўчасткі, адмова назіральнікам у прысутнасьці пры апячатваньні урнаў для галасаваньня, забарона азнаямленьня з пратаколамі вынікаў галасаваньня.

Аб’яднаны штаб кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай заклікаў беларусаў зарэгістравацца на плятформе «Голас», створанай для альтэрнатыўнага падліку галасоў выбарнікаў, прагаласаваць за свайго кандыдата онлайн, а пасьля галасаваньня на выбарчым участку даслаць на плятформу фота свайго бюлетэня, каб пацьвердзіць і «абараніць» свой голас ад магчымых фальсыфікацыяў.

Падтрымаў ініцыятыву і іншы кандыдат у прэзыдэнты, Андрэй Дзьмітрыеў, які таксама заклікаў выбарнікаў рэгістравацца і галасаваць на плятформе «Голас».

На момант публікацыі на плятформе «Голас» ужо зарэгістраваліся больш за 837 тысяч чалавек.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG